“Прыбужжа-2016” збірае сяброў

“Прыбужжа-2016” збірае сяброў

_DSC0535 _DSC0471 IMG_6997 IMG_7147

У мінулыя выхадныя на правым беразе Мухаўца, каля гідравузла “Залуззе”, было шматлюдна. Палатачны лагер сабраў звыш 250 прадстаўнікоў працуючай моладзі з 16 раёнаў вобласці на адкрыты моладзевы форум-лагер Брэсцкай вобласці “Прыбужжа-2016! Культурны фэст”.
Для крэатыўных, актыўных сяброў грамадскага аб’яднання “БРСМ” была падрыхтавана разнастайная праграма, якая ўключала ў сябе культурныя, адукацыйныя, спартыўныя і забаўляльныя мерапрыемствы.
– Мы рады вітаць вас на моладзевым форуме-лагеры, – гаварыў, звяртаючыся да ўдзельнікаў фэсту пад час адкрыцця яго першы сакратар абласнога камітэта ГА БРСМ Віктар Іваноў. – Спадзяюся, такая сустрэча ў неафіцыйным фармаце набудзе традыцыйны характар. Летась мы сустракаліся на беразе Белага возера, што ў Маларыцкім раёне, а сёлета культурны фэст ладзіцца на гасціннай жабінкаўскай зямлі. Ён прысвечаны году культуры і алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанэйра. Хочацца, каб наша міні-моладзевая алімпіяда на працягу трох дзён суправаджалася добрым настроем, сонечным надвор’ем, новымі знаёмствамі і спартыўнымі перамогамі.
Пажадала моладзі ўсёй Брэстчыны поспехаў, новых ідэй і намеснік старшыні Жабінкаўскага райвыканкама Ала Ануфрыюк:
– Больш чым за дзесяцігадовую гісторыю нямала цікавых задумак і праектаў ініцыявала грамадскае аб’яднанне “БРСМ”, – сказала з імправізаванай сцэны на лясной паляне Ала Сцяпанаўна. – Мне прыемна бачыць такіх дужых, спрытных, творчых, зацікаўленых юнакоў і дзяўчат з усіх рэгіёнаў вобласці. Спадзяюся, што і тут, пад час форуму, мы пачуем ад вас слушныя прапановы і ідэі. Старт форуму дадзены. Верыцца, што ён будзе мець працяг і ў будучым годдзе. Захавайце цяпло спаборніцкага духу, сяброўства, няхай поспех суправаджае вас!
Пасля афіцыйнага адкрыцця мерапрыемства прадстаўнікоў Жабінкаўскага райвыканкама, Брэсцкага аблвыканкама і маладых людзей запрасілі да ўдзелу ў адкрытым дыялогу “Моладзь выбірае здароўе”. Задаваліся цікавыя пытанні і былі атрыманы змястоўныя адказы на іх. Моладзь Брэстчыны і тут праявіла сябе: прапанавала слушныя ідэі, сярод якіх, напрыклад, правядзенне ў Брэсце фестывалю вела-ролераў.
Далей юнакоў і дзяўчат чакала змястоўная спартыўная і культурная праграма. Маладыя людзі спаборнічалі ў трапнасці ў дартсе (дарэчы, у жабінкаўскай каманды – 4-е месца), гулялі ў валейбол, паднімалі 24-кілаграмовую гіру (рэкорд – 96 разоў – у асілкаў са Столінскага раёна), пераадольвалі паласу перашкод на веласіпедзе, хадзілі па падвешаных паміж дрэвамі вяроўках і бярвенні, перацягвалі канат, сплаўляліся па Мухаўцы на байдарках (Жабінка тут – на 7-ым месцы). Прадстаўнікі нашага раёна Іван Варабей і Уладзімір Зарэмба годна выступілі ў мас-рэслінгу і нават выйшлі ў чвэрць-фінал. Вечарамі, калі над лагерам цямнела неба і запальваліся зоркі, каманды ўдзельнічалі ў конкурсах візітовак, на лепшы бівуак, песню. Адчувалася сур’ёзная падрыхтоўка ўдзельнікаў да іх. Напрыклад, судзейскую калегію каманда Маларытчыны захапіла заліхвацкім выкананнем моладзевай песні ў лабутэнах, а пінчукі – гасціннасцю, касцюмамі пінскай шляхты і спевамі пад гармонік.
…Усё добрае калі-небудзь заканчваецца. Надышоў час падвесці вынікі моладзевага фэсту. У агульнакамандным заліку перамогу святкавалі хлопцы і дзяўчаты з Баранавіцкага раёна, другое месца – у івацэвіцкай моладзі, трэцяе – у столінцаў. Ды, мабыць, не перамога галоўнае. Маладыя людзі выдатна і з карысцю правялі час, адпачылі, завялі знаёмствы. Відавочна, яны зноў сустрэнуцца на наступны год на баранавіцкай зямлі.
Святлана Бяляк.
На здымках: цёплае надвор’е і сяброўская атмасфера панавалі на пряцагу трох дзён пад час правядзення моладзевага форуму-лагеру Брэсцкай вобласці “Прыбужжа-2016! Культурны фэст” у Залуззі.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top