Итоги непростого сезона подвели на сахарном заводе

Итоги непростого сезона подвели на сахарном заводе

У ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод карэспандэнт пабываў 12 студзеня, у прамежку паміж дзвюма падзеямі для вытворчага калектыву — завяршэннем сезона перапрацоўкі салодкіх караняплодаў ураджаю 2010 года і самым пачаткам выпуску прадукцыі з цукру-сырцу. У абедзвюх іх ёсць адна агульная рыса: няпроста, з-за невысокага ўраджаю буракоў, склаўся мінулы сезон, няпростай, з магчымымі карэкціроўкамі, будзе хутчэй за ўсё і распачатая праца завода на імпартнай сыравіне. Пракаменціраваць даў згоду намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства Аляксандр Васільевіч Еўтуховіч:
— Апошняя партыя цукровых буракоў леташняга ўраджаю паступіла ў вытворчасць 27 снежня, гэтую  дату мы і лічым днём завяршэння сезона. Удалым назваць яго, сапраўды, нельга. Планавалася, што завод атрымае ад сваіх пастаянных пастаўшчыкоў 911 тысяч тон караняплодаў, аднак удалося нарыхтаваць 895 тысяч 198 тон. Дзяржзаказ, дарэчы, не быў выкананы і буракаводамі нашага раёна — склаў 93,9 працэнта. Шукаць дадатковых крыніц паставак не выпадала: ураджаем не магла пахваліцца нават Гродзеншчына, дзе землі куды больш прыдатныя для вырошчвання цукровых буракоў, чым палескія. Неўраджай заключаўся і ў нізкім узроўні цукрыстасці караняплодаў. Яна склала ў сярэднім 14,31 працэнта (у бураках з нашага раёна 14,11) супраць базісных 16-ці працэнтаў.
У такіх умовах стаяла задача забяспечыць як мага меншыя страты пры захоўванні, транспартаванні і перапрацоўцы караняплодаў. З ёю калектыў адназначна справіўся — за кошт бетанавання і рамонту пляцовак на ўсіх буракапрыёмных пунктах, пастаяннага кантролю за якасцю сыравіны, належнай работы машын і абсталявання, вопыту і стараннасці людзей. Скарачэнне тэрміну захоўвання буракоў шляхам іх хутчэйшай перапрацоўкі не апошні фактар у гэтым пераліку. Завод перакрываў свае магутнасці, перапрацоўваючы да 7,6 тысячы тон у суткі.
І ўсё ж план выпуску цукру не выкананы: за сезон яго атрымалі звыш ста тысяч тон, або на 17 працэнтаў менш, чым намячалі. Недастатковая колькасць сыравіны, нізкая цукрыстасць буракоў не дазволілі дабіцца большага, пераўзышлі нашы магчымасці, ці, як прынята казаць, унутраныя вытворчыя рэзервы.
Цяпер — пра сённяшнюю працу. З 11 на 12 студзеня перапрацавана 740 тон цукру-сырцу. Гэта былі пусканаладачныя суткі, пасля якіх работа пойдзе ў звычайным рэжыме. Сёлета мяркуецца перапрацаваць 99 тысяч тон імпартнай сыравіны: 50 тысяч — у студзені-лютым, астатняе — у летнія месяцы. Перабояў у пастаўцы першай партыі і, адпаведна, у рабоце завода не чакаецца: акрэдытаваныя грузы ўжо знаходзяцца ў партах Клайпеды. З другой жа — такой яснасці няма. Усё будзе залежаць ад наяўнасці цукру-сырцу, цэнаў на яго і ад рынкаў збыту нашай прадукцыі. Установіцца “завоблачная” цана на сырэц, дык узрасце, натуральна, і кошт выпрацаванага цукру з яго. Гэта адзін момант. Другі — магчымасць рэалізаваць прадукцыю на міжнародным рынку, здольнасць вытрымаць канкурэнцыю з замежнымі вытворцамі, найперш з расійскімі. Так што могуць быць карэкціроўкі ў выпуску цукру з імпартнай сыравіны.
Зразумела, у нашых інтарэсах ажыццявіць намечанае, тым болей з улікам недавыканання планаў мінулага сезона і года ў цэлым. На гэта і нацэлены калектыў прадпрыемства.
Запісаў А.КАСКО.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top