Настаўніца, харэограф і проста прыгажуня

Настаўніца, харэограф і проста прыгажуня

IMG_7872
Яе ідэямі захапляюцца і карыстаюцца, з яе меркаваннем лічацца. Яна паспявае тысячу спраў у дзень: навучае, выхоўвае, вучыць танцам і правілам дарожнага руху. Яна была ўзнагароджана бацькамі сёлетніх выпускнікоў дыпломам за падрыхтоўку выпускнога вечара. Такога незвычайна-феерычнага, кажуць, не было ні ў адной з гарадскіх школ!
Гэта ўсё пра настаўніцу англійскай мовы трэцяй гарадской адзінаццацігодкі Вольгу Фёдараўну Карпук. Сёння яна – гераіня “Жаночай альтанкі”.

Вытокі талентаў

Дзіцячы садзік маленькая Волечка не наведвала: яе выхоўвала бабуля Агрыпіна Філімонаўна, якая навучыла ўнучку шыць, вышываць, спяваць народныя песні. Бабуля шмат расказвала пра Вялікую Айчынную вайну, пра тое, што перажыла яе без мужа, гадавала дваіх сыноў. Мудрасці, мужнасці, цярплівасці гэтай жанчыны можна было пазайздросціць. І павучыцца.
Школьныя гады Вольгі прайшлі ў першай гарадской дзесяцігодцы. З удзячнасцю і цеплынёй успамінае яна свайго класнага кіраўніка Аляксандру Георгіеўну Вараб’ёву – настаўніцу гісторыі, крэатыўнага і актыўнага па жыцці чалавека. Яна выдатна адчувала кожнага вучня, развівала творчыя здольнасці, веру дзяцей у сябе і свае сілы. Тэатральныя пастаноўкі, вечарыны, экскурсіі – не пералічыць усіх тых класных і пазакласных мерапрыемстваў, што рыхтавала і праводзіла са сваімі выхаванцамі Аляксандра Георгіеўна. І яшчэ адзін педагог аказаў вялікі ўплыў на фарміраванне характару і развіццё таленту Вольгі Карпук – Тамара Сяргееўна Плечка, кіраўнік танцавальнага гуртка пры гарадскім Доме культуры. Танцы сталі любімым заняткам дзяўчыны, а ўменне іх прыдумваць і ставіць вельмі спатрэбілася ў далейшым жыцці.
А яшчэ Вольга вельмі любіла маляваць. Пасля заканчэння школы марыла паступіць у Віцебскі тэхналагічны інстытут і займацца мадэляваннем і канструяваннем адзення, аднак пасля доўгіх разважанняў і роздуму Вольга падала дакументы ў Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С. Пушкіна.
Вольга Фёдараўна жартуе, што да працы настаўніка і класнага кіраўніка яна была падрыхтавана яшчэ са школы. Цудоўнае валоданне замежнай мовай, уменні маляваць, шыць, танцаваць ёй хацелася перадаваць дзецям. Чым яна і займаецца на працягу многіх гадоў.

Сям’я дае энергію і падтрымку

Хто ж стаў тым шчасліўчыкам, якому дасталася ў жонкі такая прыгажуня, гаспадыня, таленавітая і ўсебакова развітая асоба, “шматгранны брыльянт”? Залатыя рукі Вольгі Фёдараўны і яе чулае і шчодрае сэрца дасталіся Аляксандру Лявонцьевічу Карпуку. У 1990 годзе маладыя згулялі вяселле, з цягам часу ў іх нарадзіліся дачушка Аня і сын Данік. Сёння за плячыма сям’і Карпукоў сярэбранае вяселле, дачка – студэнтка Мінскага тэхналагічнага ўніверсітэта, будучы архітэктар, сын – сёлетні выпускнік трэцяй гарадской школы, залічаны студэнтам тэхналагічнага ўніверсітэта ў сталіцы – па прыкладзе старэйшай сястры.
– Дзеці – гэта маё ўсё, – прызнаецца Вольга Фёдараўна, – мой клопат і гонар. Аня цудоўна малюе, праектуе. Дарэчы, вучыцца ўжо восьмы год, спачатку ў каледжы, зараз ва ўніверсітэце – упартая і настойлівая, як мама. Данік – валейбаліст, спартыўны, вынослівы. Двойчы чэмпіён рэспублікі ў сваёй узроставай катэгорыі, як ён лічыць, дзякуючы трэнеру Сяргею Леанідавічу Кісляку. Я – шчаслівая мама і жонка, у сям’і зараджаюся энергіяй і заручаюся падтрымкай.

Чым больш перад табой задач, тым лепш ты арганізаваны

20 гадоў Вольга Фёдараўна водзіць аўтамабіль, хаця ў дзяцінстве яе заўжды ў машыне “ўкачвала”, рабілася млосна, і яна нават не марыла пра вадзіцельскія правы.
Вось так бывае ў жыцці! Калі пад час працы ў трэцяй адзінаццацігодцы ёй прапанавалі весці гурток юных інспектараў дарожнага руху, не вагалася ні хвіліны: усё новае – цікавае! З тае пары юідаўцы трэцяй школы нязменна першыя і нязменна лепшыя!
Акрамя таго, Вольга Фёдараўна стварыла ў трэцяй школе танцавальны калектыў “Frog dance”. Яго ўдзельнікі Аляксей Міцковіч і Антон Карпук называюць свайго педагога самым крэатыўным чалавекам, найлепшым арганізатарам і харэографам і прызнаюцца, што вельмі цэняць і любяць Вольгу Фёдараўну. А адна з удзельніц танцавальнага калектыву Аляксандра Кіпцэвіч сказала наступнае: “Мы ёй захапляемся, мы заўсёды былі разам. Шмат дзе пабывалі, шмат дзе выступалі. Вольга Фёдараўна нам заўжды дапамагала, нібы выконваючы ролю другой класнай мамы. Яна паспрыяла таму, каб мы сталі больш яркімі і моцнымі духам асобамі. Напрыклад, дзякуючы ёй я перамагла боязь сцэны”.
Часам рэпетыцыі танцаў зацягваліся да дзевяці гадзін вечара. І гэта пасля ўрокаў, пасля вырашэння розных пытанняў Вольгай Фёдараўнай як класным кіраўніком.
“У вас калі-небудзь садзяцца батарэйкі?” – жартуюць вучні.
А настаўніца толькі ўсміхаецца. Яна лічыць, што чым больш перад табой задач, тым лепш ты арганізаваны.

Бацькі – гэта святое

“Пры такой занятасці ці хапае часу на наведванне вашых бацькоў?” – пытаю я. “Бацькі – гэта святое, – кажа Вольга Фёдараўна. – Пастаянна сазвоньваемся і бачымся часта”.
Пра яе бацьку Фёдара Сцяпанавіча Кавальчука раёнка пісала год назад. Таленавіты мастак, разьбяр па дрэве, цясляр. Мабыць, не толькі ў бабулю Агрыпіну Філімонаўну, але і ў тату пайшла Вольга Фёдараўна, атрымаўшы ў спадчыну мноства талентаў.
– Мае бацькі – вельмі актыўныя для свайго ўзросту (тату 79 гадоў, маме – 76). Трымаюць гаспадарку, матуля нас поіць казіным малаком, тата сам арэ на трактары, садзяць агарод. Бацька мне заўсёды і ва ўсім дапамагае. Патрэбен штурвал для чарговай пастаноўкі школьнага тэатра на замежнай мове (адным з кіраўнікоў якога з’яўляецца Вольга Карпук. – Заўвага аўтара.) – тата зробіць за 20 хвілін. Калі штосьці ламаецца, ён з задавальненнем рамантуе. Без перабольшвання магу сказаць, што мой тата можа ўсё: ад пашыву кірзавых ботаў да будаўніцтва дома. Мама – таксама майстрыха на ўсе рукі. Вяжа лепш, чым вязальная машынка, прыгожа вышывае. А я ў вольны час люблю шыць, хаця яго апошнім часам так мала!

Колькі трэба спаць, каб усё паспяваць?

У Вольгі Фёдараўны ёсць свой агарод і сад, дзе яна “адпачывае” пасля працоўнага дня. А якія дзівосныя дэкаратыўныя расліны ўпрыгожваюць двор! Знаходзіць увішная гаспадыня час і для догляду за імі. “Колькі гадзін у суткі вы спіце? Калі і як можна паспець зрабіць столькі спраў?” – у здзіўленні задаю чарговыя пытанні. “Сплю мала, працую многа. А па-іншаму не магу, – кажа Вольга Фёдараўна. – Калі выпадае святочны дзень, я адсыпаюся і адпачываю. А назаўтра зноў у віхуру розных цікавых спраў”.
Але і гэта яшчэ не ўсе сферы дзейнасці Вольгі Карпук. Яна з’яўляецца адным з рэалізатараў ініцыятывы “Медыя – Ваш новы інструмент!”, вынікам якой стане інтэрнэт-партал Жабінкі. Разам з настаўнікамі і вучнямі трэцяй гарадской адзінаццацігодкі яны здымалі відэаролікі, дакументальныя фільмы пра райцэнтр і яго жыхароў, а таксама гульнёвае кіно пра гісторыю кахання падлеткаў. Разам прыдумвалі сюжэты, пісалі сцэнарыі.
– Сам чалавек нічога не можа зрабіць, патрэбен сябар, памочнік, дарадца – і тады ўсё атрымаецца. А яшчэ да ўсяго трэба падыходзіць з гумарам, – заключае Вольга Фёдараўна.
Выдатна разумею вучняў: такім педагогам нельга не захапляцца, нельга не любіць. У яго трэба вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top