З КАГОРТЫ ЧЫГУНАЧНІКАЎ

З КАГОРТЫ ЧЫГУНАЧНІКАЎ

DPP_0027

Амаль два дзясяткі гадоў таму я напісаў нарыс пра залатыя рукі Адама Дзям’янавіча Дзеркача з Маціевічаў. Гэты вельмі цікавы майстар-самародак зрабіў вятрак, прымусіўшы вецер працаваць на чалавека. Тады не думалася, што некалі яшчэ раз вярнуся да гэтай тэмы.
Але нядаўна была сустрэча з намеснікам начальніка дыстанцыі пуці Вадзімам Скачыкоўскім. Як высветлілася, Вадзім Аляксеевіч – Адамаў унук, таму й гаворка пайшла пра блізкіх яму людзей. Хіба маглі мы абысці ўвагай Адама Дзям’янавіча?! Летась, калі ў раёне вырашылі адзначыць лепшыя працоўныя дынастыі, дык стаж работы на чыгунцы Дзеркачоў-Скачыкоўскіх склаў 165 гадоў – найбольшы сярод усіх удзельнікаў конкурсу. Сапраўдным патрыярхам сям’і лічыцца Адам Дзям’янавіч, які паўжыцця адпрацаваў аглядчыкам вагонаў. Увогуле, свае восем дзясяткаў гадоў ён пражыў прыгожа, увесь час быў у пошуку, у рабоце, стаў, па сутнасці, пачынальнікам вялікай кагорты чыгуначнікаў.

Я твой нашчадак…
Патомная пульсуе кроў,
І рукі прагныя да працы!
Алесь Пісарык

Бліжэй да вытокаў

Вадзім Аляксеевіч Скачыкоўскі мае цікавае захапленне: збірае свой радавод. За гады крок за крокам усё больш ён набліжаецца да родных вытокаў, пазнаў нямала новага пра сваю сям’ю, у тым ліку і пра дзеда Адама ды прадзеда Дзям’яна.
Жылі раней Дзеркачы ў вёсцы Карды. Як усе, аралі зямлю, і была яна іх карміцелькай. Дзям’янава маладосць прыпала на Першую сусветную вайну. Юнак ваяваў шчыра, не бегаў ад кайзераўскай кулі, не шкадаваў сябе за Айчыну і цара-бацюхну і вярнуўся дамоў з Георгіеўскім крыжом – на той час вельмі высокай воінскай узнагародай.
Калі скончыўся зямны век Дзям’яна Герасімавіча, ён лёг на маціевіцкіх кладах побач з жонкай. Родныя, хаваючы, на новы пінжак прышпілілі “Георгія”, бо ў савецкі час царскія ўзнагароды былі не ў пашане. Хаця за свой крыж Дзям’ян крывёю заплаціў.
Гэта было ўжо ў 70-ыя гады ХХ стагоддзя, а тады, вярнуўшыся з войска, Дзям’ян Дзяркач ажаніўся з Ірынай, што спадабалася хлопцу, і зажылі яны душа ў душу, кахаючы і працуючы. А як пайшлі дзеці – адно за адным – зразумелі, што вялікую сям’ю не пракарміць на невялічкім акрайчыку зямлі, і сталі збіраць грошы, каб набыць некалькі дзесяцін. Купілі ля вёскі Маціевічы няўдобіцу: такую згадзіўся прадаць мясцовы пан. Каб апрацоўваць свой на-
дзел, трэба было прыкласці нямала сіл. Як аказалася, хапіла цяжкасцей не толькі Дзям’яну з Ірынай, але й іх сыну.
У сям’і выраслі Марыя, Вольга, Еўдакія і наймалодшы Адам. Як падрос, Адам Дзям’янавіч скончыў курсы і стаў на доўгія гады аглядчыкам вагонаў у брэсцкім дэпо.
Жонку сабе выбраў сярод якаўчыцкіх дзяўчат – прыгожую і працавітую Ніну. Вяселле згулялі ў невялічкай бацькавай хаце. Пазней ужо ўмелыя Адамавы рукі збудуюць сваю, ашалююць, каб было цёпла і ўтульна жыць сям’і. Маладыя Дзеркачы бачылі сваё шчасце ў дзецях і нарадзілі Мікалая, Міхаіла, Лідзію, Віталя і Наталлю.
Як цяжка ні было, пастараліся даць кожнаму адукацыю. А калі ўлічыць, што дзеці выраслі ахвочымі да працы, дык кожны жыве не бедна. У пяцярых дзяцей Адама Дзям’янавіча і Ніны Рыгораўны было сваіх дзесяць дзяцей, а ўнукаў – ужо шаснаццаць.
Быццам на дражджах, пад пільным наглядам старэйшых, разрастаўся і кусціўся іх род. У сямідзясятыя гады мінулага ўжо веку Адам Дзям’янавіч, выдаўшы замуж у сям’ю Скачыкоўскіх старэйшую дачку Лідзію, як бы перакінуў кладачку ў другі род чыгуначнікаў. Так нарадзілася гэтая дынастыя.
Усё павялося
ад Адама…
Аповед Вадзіма Скачыкоўскага
– Мы змалку, – пачаў расказваць Вадзім Аляксеевіч, – былі атулены ласкай старэйшых. Нас вучылі, як жыць, каб выраслі добрымі людзьмі. І тут на першае месца я паставіў бы дзеда Адама Дзеркача. У яго была свая педагогіка, якую ён апрабоўваў на нас, унуках.
Мусіць, варта заўважыць, што ў душы ён, і праўда, быў педагогам. І не толькі ў душы. Мы, унукі, ведалі ад бабулі Ніны, што ў маладыя гады, як у іх сям’і падрасталі пяцёра дзетак і было цяжкае матэрыяльнае становішча, Адам Дзям’янавіч падрабляў у Маціевіцкай сямігадовай школе, право-дзячы ўрокі працы. У яго, напэўна, атрымоўвалася работа з малымі, бо дзеду прапаноўвалі нават перайсці поўнасцю на педагагічны хлеб, ды здрадзіць свайму вагоннаму дэпо ён не захацеў.
“Школу” дзеда Адама праходзілі мы ўсе. Ён любіў сабраць унукаў гуртам і загрузіць іх работай. Часам было нават крыўдна: аднагодкі ганялі мяч, ішлі з вудамі да якой-небудзь копанкі ці ракі, а то і зусім білі лынды, а мы мусілі разам з дзядулем працаваць. Адам Дзям’янавіч не даваў спуску ні малым, ні большым. Словам, праяўляў характар.
Нам назаўжды запомніўся дзед Адам, які пастаянна быў нечым заняты, увесь час працаваў. Калі паблізу Маціевіч, Багноў і Кардоў меліяратары асушылі забалочаныя мясціны, заставалася шмат пнёў, кустоўя, няўдобіцы. Тады Дзяркач і вырашыў абрабіць гэтую дзялянку, нават азярцо выкапаў. Такім чынам, аздобіў кавалачак зямлі.
Да апошняга ён быў неўгамонны. Як выйшаў на пенсію, дзед загарэўся думкай купіць каня. Хоць і без яго, здавалася, абысціся ў гаспадарцы можна было: сыны Мікалай і Віталь працавалі ўжо механізатарамі ў калгасе імя Куйбышава і ў любы момант маглі апрацаваць бацькавы соткі. Але конь, як уяўлялася Адаму Дзям’янавічу, – гэта аснова ўсёй гаспадаркі. І набыў сабе кабылу Майку.
Як ён, патомны селянін, адносіўся да каня, мы бачылі. Часам бабуля Ніна незласліва ўшчувала мужа: “Ты ўжо сваю Майку лепей корміш, чым карову! Што яна, малако дае?” “Што ты, баба, разумееш? – бурчаў дзед Адам. – На кані ўсё ў двары трымаецца: і заарэш там, дзе трактарам не ўлезеш, і прывязеш усё. Нікога прасіць не трэба!”
З Адама Дзям’янавіча мог бы выйсці сапраўдны рацыяналізатар, хаця ведаў часам яму неставала. Вядомы на ўсё наваколле вятрак, ад якога працавала бетонамяшалка, узвёў, калі меншы сын Віталь будаваў дом (участак яму дастаўся якраз на той зямлі, якую некалі ў пана купіў прадзед Дзям’ян Герасімавіч).
Дзед Адам вучыў нас звязваць сухое галлё так, каб можна было лепей распіліць бензапілою на роўныя пучочкі і скласці ў паддашшы. Ён сам рабіў граблі, набіваў тапарышча, і мы заўсёды былі пры ім. З чатырнаццаці гадоў кожны ўнук вучыўся касіць, хадзіў за плугам і бараною.
Помніцца, як ён гаварыў мне: “Вадзімка, ты – старэйшы, пакляпай касу брату, а то ў мяне, як усе накляпаю, рукі адваляцца!..” Дзед прыносіў бабку і сачыў, каб я роўненька стукаў малатком, каб не “загнаў рыбы”, што азначала “не сапсаваў касы”. Потым мне яго навука згадзілася ў жыцці.
Адам Дзям’янавіч з другім дзедам Уладзімірам Скачыкоўскім і бабуляй Марыяй працавалі на чыгунцы. Маці скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту (БелДУТ), дарасла да інжынера, так што нам з братам Валодзем не заставалася нічога іншага, як прадоўжыць сямейную дынастыю.
Спачатку мы скончылі тэхнікум чыгуначнага транспарту ў Брэсце, сталі пуцейцамі, пасля – БелДУТ. Перш чым дабраўся да крэсла намесніка начальніка дыстанцыі пуці, прайшоў, як кажуць, усю “пуцейскую школу”: быў манцёрам пуці і брыгадзірам, майстрам і начальнікам участка. Дарэчы, Уладзімір і зараз узначальвае адзін з участкаў дыстанцыі. Таварным касірам працуе мая жонка Наталля.
Кім будуць сыны, загадваць не бяруся, бо Аляксей з Віктарам – пакуль вучні, да заканчэння школы ім яшчэ два-тры гады, а меншы Ваня – дашкольнік. Але хочацца, каб кагорта чыгуначнікаў расла, множылася.

…І характарам
у дзядулю

Пакуль Вадзім Скачыкоўскі вёў аповед пра блізкіх яму людзей, я міжволі агледзеў суразмоўцу. Чым больш праходзіла часу, тым мацней пераконваўся, што Вадзім вельмі падобны на дзеда – мамінага бацьку. Такі ж невысокі, каранасты ды чарнявы. Урэшце я задаў яму пытанне:
– Вам, Вадзім Аляксеевіч, ніколі не казалі, што вы падобны на дзеда Адама?
– Казалі. І не адзін раз! – усміхнуўся той, а праз некалькі хвілін дадаў: – І характарам таксама. Люблю, як дзед, увесь час нешта рабіць, корпацца, як бы шукаючы штосьці, не вядомае мне дагэтуль.
Вадзім некаторы час маўчаў, а потым загаварыў, нібы падсумоваючы ўсё сказанае:
– У нас ва ўсіх ёсць многа ад дзеда Адама. Ён вучыў заўсёды і ўсюды быць людзьмі, памагаць адзін аднаму. Калі, бывае, знаходжуся ў дарозе і не магу дабрацца ў Жабінку, дык не толькі Валодзю, але й каму-небудзь са стрыечных братоў, скажам, Аляксандру або Сяргею, пазваню, і той не стане адмаўляцца, што вельмі стаміўся ці надта заняты, а сарвецца ночы-апоўначы, каб прыехаць і забраць мяне. Інакш гэта будзе здрадай памяці дзеда. Нас так выхавалі…
Расціслаў БЕНЗЯРУК.
На здымку: Вадзім Аляксеевіч Скачыкоўскі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top