Ёсць першыя лідары!

Ёсць першыя лідары!

IMG_6743 IMG_6769 IMG_6695 IMG_6856 IMG_6752Самая напружаная пара для аграрыяў – жніво – нарэшце падыходзіць да свайго лагічнага завяршэння. Напоенае сонечным цяплом збожжа даачышчаецца і закладваецца ў зернясховішчы. І хаця яшчэ застаецца ўбраць лічаныя неабмалочаныя палоскі, на жніве ўжо вядомыя першыя лідары. СВК “Рагазнянскі” – лідар удвайне: гэтая гаспадарка першай у раёне ўбрала хлеб з палёў, тут вызначыліся і першыя механізатары-“тысячнікі”.

Пад час ранішняй планёркі ў мінулы аўторак на мехдвор сельгаспрадпрыемства завіталі старшыня райвыканкама Дзмітрый Мікалаевіч Гарадзецкі, яго намеснік, начальнік райсельгасхарчу Сяргей Леанідавіч Стасевіч, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніна Уладзіміраўна Калыбская, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Наталля Львоўна Карпук і інш.
Яны павіншавалі з завяршэннем жніва калектыў, перадавікоў і ўручылі ім Падзячныя лісты абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК і камітэта сельскай гаспадаркі і харчавання Брэсцкага аблвыканкама, а грашовыя сертыфікаты, падарункі і кепкі з сімволікай прафсаюза АПК.
– Прыемна, што менавіта наша гаспадарка сёлета ў лідарах, – адзначыў старшыня СВК “Рагазнянскі” Аляксандр Васільевіч Семянюк. – Дзякуючы зла-
джанай і аператыўнай рабоце ўсяго калектыву хутка сабралі ўраджай, улічваючы, што ў нас самая вялікая нагрузка на камбайн – 310 гектараў (а самая маленькая, для параўнання – 150). Вадзіцелі і камбайнеры не падвялі. Уладзімір Уладзіміравіч Канцэвіч і Аляксандр Вітальевіч Здзярук, што прыемна, выйшлі на тысячны “рубеж”. Засмучае крыху, што на 500 тон сабралі збожжа менш, чым летась, і атрымалі яго каля 5500. Кароценькая перадышка, і будзем убіраць салому, кукурузу, буракі.
…У гэты ж дзень па-дзячныя лісты, віншаванні і падарункі ад кіраўніцтва раёна прымалі таксама камбайнеры-“тысячнікі” ў СВК “Маціевічы” Генадзь Мікалаевіч Царук з Вадзімам Анатольевічам Дзенісовічам, сямейны экіпаж Аляксандра і Мікалая Леўчукоў і вадзіцель на адвозцы збожжа Максім Мікалаевіч Кавальчык. Сяргей Анатольевіч Ласкевіч атрымаў асобны падарунак. Ён перадавік сярод вадзіцеляў малатанажных машын.
Дарэчы, гэтыя рупліўцы неаднойчы станавіліся “тысячнікамі” на жніве. Акрамя названых калектываў, вызначыліся лідары жніва яшчэ ў трох сельгаспрадпрыемствах. Так, у ААТ “Жабінкаўскі” на 11 жніўня намалацілі 1059 тон збожжа Вячаслаў Аляксандравіч Пясецкі і Леанід Аляксеевіч Лугаўцоў, а вадзіцель Ігар Мікалаевіч Жэдзік перавёз 1011 тон збожжа ад камбайнаў.
У ААТ “Ракітніца” адразу два вадзіцелі дасягнулі тысячнай мяжы – Міхаіл Рыгоравіч Супрунюк і Мікалай Рыгоравіч Сяргейчык. Іх калега Аляксандр Уладзіміравіч Плечка шчыруе на палях на малатанажным грузавіку. Ён даставіў 922 тоны збожжа.
У ААТ “Вазнясенскі” жніво перайшло за экватар. Тут таксама рупяцца нямала перадавікоў. Сцяпан Мікалаевіч Кандрацюк, напрыклад, на працягу некалькіх гадоў запар – абсалютны лідар сярод вадзіцеляў, занятых на адвозцы збожжа. На яго рахунку 1903 тоны збожжа, дастаўленыя на зерняток ад камбайна. На яго раўняецца Дзмітрый Аляксандравіч Савосін. А Васіль Іванавіч Пілінкевіч і Аляксей Аляксеевіч Садаўнічак – бясспрэчныя лідары сярод аператараў КЗСаў. Ганарацца ў калектыве сямейным экіпажам Дзямідчыкаў – Валерыем і Дзмітрыем. Яны ўжо намалацілі звыш тысячы тон збожжа.
Хлебаробы Жабінкаўшчыны нястомна шчыруюць на палях з ранняй вясны і да восені, аруць, сеюць, жнуць. А па-іншаму працаваць проста не ўмеюць.
Святлана БЯЛЯК.

На здымках: камбайнеры-“тысячнікі” з СВК “Маціевічы” Генадзь Царук, Вадзім Дзенісовіч, Аляксандр і Мікалай Леўчукі; вадзіцель СВК “Вазнясенскі” Сцяпан Кандрацюк; Дзмітрый Гарадзецкі віншуе з перамогай Уладзіміра Канцэвіча; Аляксей і Андрэй СадаўнічАкі, Святлана і Павел Захарчукі і Уладзіслаў Адамчук; Васіль ПІЛІНКЕВІЧ і Дзмітрый САВОСІН.

Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top