Tiny_Tim-1024x912Адзін “рыбаліў”…
у чужым двары…

Да чаго толькі не бываюць здольнымі сквапныя рукі зламыснікаў! Вось і 30-гадовы К. не з добрымі намерамі завітаў на падворак па вуліцы Цэнтральная, што ў вёсцы Мышчыцы. Нядоўга разважаючы, ён з таямнічым зламысным намерам прыхапіў з сабою дзве тэлескапічныя вудачкі і тэлескапічны спінінг. Аднак далей “парыбаліць” грамадзяніну, запэцканаму ў крадзяжы чужой маёмасці, не давялося, паколькі ягоная асоба хутка стала вядома супрацоўнікам міліцыі.

…другі быў да мядку
занадта ласы

Сярод начной цемені, калі не толькі сумленныя грама-дзяне, але нават пчолы, стомленыя дзённай працай, мірна адпачывалі, сон не браў невядомага зламысніка. Гэтай летняй парой ён заняўся сваім крымінальным “рамяством” у біялагічным заказніку “Непакойчыцы”. Аб’ектам ягонага незаконнага “палявання” сталі два вулеі з пчоламі, якія і зніклі ў невядомым напрамку. Па дадзеным факце праваахоўныя органы ўзбудзілі справу паводле часткі 1 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (“Крадзеж”).

Не знойдзеш аргументы,
калі “забыўся” пра аліменты

Іншымі словамі, як не ўтрымліваеш належным чынам непаўнагадовае дзіця, выконваючы бацькоўскія абавязкі, – чакай, што давядзецца адказваць перад законам. А ён бывае надта строгім да гора-бацькоў. Гэтак адбылося ў выпадку з жабінкаўцам М. Сёлета і летась ён больш за шэсць месяцаў наўмысна ўхіляўся ад уплаты аліментаў на ўтрыманне маленькага сына ў памеры 25 працэнтаў ад усіх відаў заробку штомесяц, але не менш за 50 працэнтаў бюджэтнага пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва. У выніку ўтварылася запазычанасць у памеры больш за 10 мільёнаў (або 1000 дэнамінаваных) рублёў. Сабраныя следствам матэрыялы ўтрымліваюць дастатковыя дадзеныя, што паказваюць на прыкметы злачынства, прадугледжанага часткай 1 артыкула 174 Крымінальнага кодэкса.

Не, не ветрам туі здзьмула

Як толькі ні стараюцца многія жыхары Жабінкі ўпрыгожыць уласнае жытло ды прысядзібны ўчастак! Іх прыклад можа выклікаць адно захапленне. Аднак не кожны, на жаль, гатовы рупіцца на зямлі. У злодзеяў свой падыход да стварэння ўтульнасці і прыгажосці. Маўляў, навошта прыкладаць нейкія намаганні, калі можна проста нажыцца на чужым? Так адбылося ля аднаго з прыватных дамоў у мікрараёне райбальніцы ў Жабінцы. Адным зусім не прыгожым ранкам разгублены гаспадар пабачыў, што сярод ночы на ягонай сядзібе зніклі больш за дваццаць туй. Цяпер праваахоўнікам давядзецца выявіць, хто ж паквапіўся на чужое.

Пасварыліся ды пабіліся.
Крымінальны кодэкс памірыць?

Гарэлка, як вядома, спадарожнік многіх бед. У тым ліку і крымінальных. Упэўніцца ў гэтым давядзецца жабінкаўцу Вадзіму Т. Знаходзячыся нападпітку, сярод белага дня ён увязаўся ў бойку, вынікі якой маюць прыкметы злачынства, прадугледжанага часткай 1 артыкула 147 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Спрэчка, што неўзабаве перарасла ў сварку, узнікла на аснове асабістых непрыязных адносінаў, калі Т. ужываў алкаголь з сабутэльнікам. У выніку Вадзім пусціў у ход кулакі, біў па галаве, тулаве, зламаў сем рэбраў і нанёс чэрапна-мазгавую траўму.
Аляксей СТРУК, часова выконваючы абавязкі начальніка Жабінкаўскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь; Андрэй ЛАГОТА, начальнік Жабінкаўскага РАУС.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro