САМШЫТАВЫ ГРАБЕНЬЧЫК

САМШЫТАВЫ ГРАБЕНЬЧЫК

259
Урывак з апавядання

Неўзабаве Брэст рыхтуецца адзначыць сваё тысячагоддзе. За гэты час горад вырас увысь і ўшыркі. У 60-70-ыя гады мінулага стагоддзя праводзіліся раскопкі старажытнага Берасця пад началам вядомага археолага і гісторыка Пятра Хведаравіча Лысенкі. Вучню з Брэста Віктару Пятручыку ўдалося адшукаць самшытавы грабеньчык. Уладзімір Калеснік назваў яго самай каштоўнай знаходкай 1970 года, бо гэта быў грабеньчык-букварык, па якім вучыліся старажытныя берасцейцы.

НОЧЧУ ВІКТАРУ прысніўся сон. Доўгі, каляровы. Снілася яму старажытнае Берасце і невядомая дзяўчынка Марыська. А пачынаўся ён так…
…У ярка пафарбаванай фурманцы весела ехаў валынскі “госць” Вакула. Гасцямі звалі тады заезджых купцоў, бо яны, наўючыўшы воз рознай рознасцю, былі ў радасць у любым паселішчы.
Конь у купца быў дужы, шэрай масці, белыя яблыкі па баках, з чорнай грываю. Ён шпарка бег з пагорка ўніз, да Берасця, так што Вакула нават захваляваўся: хоць бы ўсё не растрос!
Воз спыніўся ў горадзе на дзядзінцы, і да яго адразу рушылі людзі, найбольш жанчыны і дзяўчаты. Купец адно падміргвае кожнай ды ласкавае слова кажа:
– Для цябе, маладзіца, прывёз я пахкае вадзіцы!
– А табе, прыгажуня, у мяне ёсць хустачка ў валошкі, якраз пад твае вочкі!..
Чырванее гожы дзявочы тварык, але тавары купляюць. Бойка ідзе торг. Падышоў і ваявода Мікіта з дачкою Марыськай. Вакула тут не першы раз, і многія ведаюць яго. Вось і Мікіта звярнуўся да купца, як да знаёмага:
– Вакула, а для маёй Марыські што прывёз?
– Ёсць, ёсць для яе падарунак, – засмяяўся купец. – Самшытавы грабеньчык.
– Э, грабеньчык у яе свой ёсць! – махнуў рукой ваявода. – Харо-ошы!
– Ёсць, ды не такі! – не здаўся адразу Вакула. – Ты лепш паглядзі! Літара да літары. Дзе яшчэ гэтакі знойдзеш?
Узяў Мікіта грабеньчык, пакруціў у руках – а ён, і праўда, незвычайны: аз, букі, ведзі… Сапраўдная азбука! Але чаму толькі да літары “л”?
– Мяне Мікітам завуць, – сказаў ён купцу. – Жонка мая – Марфа, а дачка – Марыся. А на тваім грабеньчыку чаму літары “м” няма? І многіх таксама…
– Болей не ўлезла, – парыраваў купец. – Але і з гэтымі літарамі колькі слоў можна скласці. Для тваёй Марыські грабеньчык букварыкам будзе.
– Можа, і праўда твая, Вакула? – згадзіўся Мікіта, разлічыўся за пакупку і пайшоў, а купец яму ўслед:
– Незвычайны гэта грабеньчык: ён не ламаецца і не губляецца!
– Ну, зламаць усё можна, – павярнуў у яго бок галаву ваявода. – А што будзе, як ён згубіцца?
– Абавязкова знойдзецца, – весела адказаў госць.
КОЛЬКІ НЯШЧАСЦЯЎ, колькі войнаў бачыла старажытнае Берасце! І між суседзямі, і між братамі-князямі, і чужынцы былі гатовыя мець у сваім падпарадкаванні горад на важным гандлёвым шляху. “Правіцелі б’юцца, а ў ваяроў чубы трашчаць!” – казалі ў той час. Колькі разоў ваявода Мікіта збіраў сваю дружыну на жудасную сечу!
Марыся падрасла, стала з дзяўчатамі хараводы вадзіць. Яна была красы няпісанай: стан гнуткі і тонкі, як трасцінка, вочы вялікія і блакітныя, косы колеру спелай пшаніцы, а нос і падбародак бы точаныя. На яе з зайздрасцю паглядвалі суседскія хлопцы, ды не кожны падысці адважваўся.
Марыся ўсе-ўсе літары ведала, не толькі да “л”, бегла чытала, іншыя навукі ўпадабала, а з падораным грабеньчыкам ні на хвілю не расставалася. Бацькі глядзелі на дачку і радаваліся яе поспехам.
А ў паветры зноў запахла вайной. Як заўсёды рабіў да гэтага дня, Мікіта завёў жонку з Марысяй на дзядзінец, дзе можна перачакаць навалу, а сам калчан за плечы, лук ды шчыт у рукі – і пайшоў на бітву.
Сеча была страшная. Ужо колькі ворагаў палажыў ваявода, як чужынская піка пранізала яго цела – і ўпаў берасцейскі волат, шырока раскінуўшы рукі. Як пачула пра бацькаву смерць Марыся, са словамі: “Ой, мой татачка! Ой, мой родненькі…”, не звяртаючы ні на што ўвагі, пабегла з дзядзінца…
Толькі на трэці ці чацвёрты дзень пасля пахавання бацькі дзяўчына бы абудзілася: зірк, а самшытавага грабеньчыка няма! Дзе і калі згубіла, так успомніць і не змагла. І сама шукала, і маці, і блізкія – нібы ў ваду кануў! Вельмі шкадавала згубу, але была яшчэ надзея, што спраўдзяцца Вакулавы словы і знойдзецца грабеньчык. З ёю і жыла далей.
Не магла ведаць Марыся, якую зай-здрасць выклікаў той самшытавы грабеньчык у суседскіх дзяўчынак! Аднойчы, знайшоўшы яго на вуліцы, спачатку ўшпілілі сабе ў косы, а пасля схавалі так, каб аніхто не знайшоў: няма ў нас, то няхай і ў цябе не будзе!..
Марысі Мікітаўне выпаў некароткі жыццёвы век. Яна выйшла замуж за берасцейца, нарадзіла яму сына і дзвюх дачок. Калі жанчына адчула, што надышла пара паміраць, яна зноў успомніла валынскага купца Вакулу і з пагардай прамовіла:
– Чаго вартыя твае словы “не ламаецца і не губляецца”?! Пустыя, грош ім цана! Табе б толькі выгадна было прадаць, гандля-ар!..
А затым падумала: “Мо, і праўда, некалі ён усё-такі знойдзецца? Ды мяне тады не будзе? Шкада”.
Пасля гэтага Марыся Мікітаўна закрыла вочы. Назаўсёды.
Расціслаў БЕНЗЯРУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro