РОС МІЖ НАС ПАЭТ

РОС МІЖ НАС ПАЭТ

Гадулька аднакласница2

У маі 2016 года паэту-земляку Васілю Гадульку споўнілася б 70. На вечарыне ў раённай бібліятэцы, прысвечанай юбілею, прысутнічала і Васілёва аднакласніца Валянціна Юшчэня (Саўчук), якая зараз жыве ў вёсцы Пяркі Кобрынскага раёна. Яе аповед быў пра тое, як рос і вучыўся будучы паэт.
– Мы жылі як бы ў суседстве: Вася – у Федзькавічах, а я – у бліжэйшай вёсцы Замошаны. Былі аднагодкамі і разам пайшлі ў Федзькавіцкую пачатковую школу. Яна знаходзілася ў тым будынку, што зараз пераабсталяваны пад бар.
У пачатковых класах мы нават сядзелі за адной партай. З першага дня Васіль праяўляў незвычайную ўседлівасць і старанне да вучобы. Ён скрупулёзна выводзіў кожную літару, а почырк у яго быў прыгожы, крыху акруглы. Памятаю, што за гэта часта хваліў яго настаўнік Пётр Пятровіч Кашыцкі, ставіў у прыклад тым, хто падленьваўся ў вучобе.
Пасля мы займаліся ў Рагазнянскай сямігадовай школе. Гэта сёння арганізаваны падвоз вучняў да школ, а ў той час пра гэта ніхто не клапаціўся. У любое надвор’е, нават у снежную зіму, мы дабіраліся за колькі кіламетраў пешшу.
Ужо ў той час Васіль выдзяляўся сярод равеснікаў сваёй начытанасцю. Ён нават пісаў свае оды і легенды. Я слаба яшчэ ўяўляла, што значыць ода, а ён чытаў мне па дарозе ў Рагозна тое, што напісалася ўчора.
Найчасцей гэта былі творы на тэму школьнага жыцця. Розныя, часта вясёлыя. Бо змалку Вася ўмеў заўважаць у падлеткаў нешта забаўнае, а я магла толькі здзіўляцца, што таксама бачыла гэтае ж, ды не звярнула ўвагі.
Памятаю (было гэта, праўда, пазней ужо, як вучыліся ў Жабінцы ў сярэдняй школе), склаў Васіль ці то оду, ці легенду аб нашых “каралях”.
З намі вучыліся Цімошка і Тоня, якія мелі мянушкі Кароль ды Каралева. Вось пра розныя іх прыгоды і расказвала ода. Аднакласнікі слухалі і смяяліся, а Цімафей такога даў паэту кухталя, што той аказаўся на зямлі. Гэта быў, можа, першы Гадулькаў “ганарар”, – дадала з усмешкай Валянціна Міхайлаўна.
У Рагазнянскай сямігодцы ўрокі нямецкай мовы вяла Вера Якаўлеўна Андраюк. Добра ведала свой прадмет. Як пазней мы даведаліся, яе ў маладыя гады вывозілі на працу ў Германію.
Каб нам было цікавей вывучаць замежную мову, настаўніца раздала кожнаму адрас хлопчыка ці дзяўчынкі, і мы пісалі ім пісьмы. Мы імкнуліся – па-нямецку, а яны да нас – на рускай мове. Мне выпала слаць Інгрыд, бацька якой працаваў у пасольстве ГДР у Маскве.
Перапісваліся да той пары, пакуль Інгрыд не напісала мне, што збіраецца на канікулах прыехаць з бацькам да нас у госці. А што мы маглі паказаць, чым пачаставаць, калі ў хаце гола-пуста? І я не адказала на тое пісьмо.
З кім ліставаўся Васіль, не ведаю, але Вера Якаўлеўна (мы, перш чым адправіць ліст, давалі прачытаць ёй) не раз хваліла хлопца за веданне мовы. І ў Жабінкаўскай сярэдняй школе маладзенькая “немка” (як яе звалі, не памятаю ўжо) была ў захапленні ад Гадулькі. Яна і прапанавала Васілю паступаць у інстытут замежных моў.
Што здарылася там, у Мінску, я чула краем вуха, ды не выпала яму скончыць інстытут. А вучыўся ён у школе амаль увесь час на “выдатна”. І я няблага. Педагогі хацелі мяне бачыць таксама ў інстытуце, а я падала дакументы ў Магілёўскі медыцынскі тэхнікум на фармацэўтычнае аддзяленне. Пасля выйшла замуж і да пенсіі працавала ў Кобрыне ў аптэках.
Пасля школы сустракацца з Васілём мне амаль не выпадала: у кожнага было сваё жыццё! Я і пра яго смерць пачула значна пазней. Памерлі мае тата і мама. У Замошанах застаўся дом, і я тады-сяды прыязджаю да бацькавай сялібы. Абавязкова заходжу на Васілёву магілу: траву парву, пастаю, пагавару з ім.
Мы і не здагадваліся, што між нас рос паэт. Значна пазней выпала чытаць некаторыя яго вершы. Яны здаліся мне вельмі харошымі. Добра, што ягоныя творы былі сабраны ў кнігу, а зараз ведаю, што і не ў адну…
Запісаў Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: Валянціна Юшчэня расказвае пра вядомага земляка-паэта.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro