Вёсачка мая, Сакалова…

Вёсачка мая, Сакалова…

_DSC0135 _DSC0163 _DSC0184 _DSC0219 _DSC0251 IMG_6456 IMG_6500 IMG_6503 IMG_6644

У мінулую суботу Сакалова сустракала гасцей.
Ёсць такая вёска на карце Жабінкаўскага раёна: маленькая, утульная, прыбраная. Першы ўспамін аб ёй датаваны 1631 годам! Уладаром гэтых земляў быў Хадкоўскі, а пазней доўгі час вёска належала роду Задорнаўскіх. Больш за 110 гадоў таму ў Сакалове адкрылася школа, або, як яе тады называлі – вучылішча. Яно і зразумела: тут жыло амаль паўтысячы чалавек (зараз – 161). Цяпер Сакалова вядома аднайменным рыбгасам. Вырашчаныя ў мясцовых сажалках карпы, таўсталобікі, амуры прадаюцца далёка за межамі раёна. Сакалова мае 375-гадовую гісторыю – чым не нагода сабрацца разам і адсвяткаваць дзень вёскі? Жывуць тут людзі працавітыя, прыветлівыя, гасцінныя.
Дзень вёскі праводзіцца тут у чацвёрты раз, і, па традыцыі, пачалося святкаванне дэманстрацыяй уменняў жыхароў.
Артысты з гармонікамі, песнямі, танцамі накіраваліся па сакалоўскіх вуліцах. У дварах іх хораша сустракалі гаспадары, частавалі смакатой, чарачку налівалі. Так, прадавец сакалоўскага магазіна Наталля Дырман (нявестка знакамітай на ўвесь раён цёзкі) запрасіла да багата накрытага стала, паказала вышыўкі, распісаныя гладышкі і талеркі. Яе брат Барыс – вядомы на ўсю вёску каваль: такі прыгожы мангал, зручную лавачку і крыж перад вёскай выкаваў!
У суседнім двары гаспадыня Аксана Козік і яе дзеці – Аляксандра і Арцём – паказалі вязаныя цацкі. А дашкольнік Арцёмка пахваліўся, што сам да свята клумбу з кветкамі прапалоў. Малайчына, памочнік расце!
Ля трэцяй хаты артыстаў чакала Ганна Іванаўна Каралько. Яна другога жніўня адзначыла 90-гадовы юбілей!
Удзельнікі народнага тэатра гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі” і ўзорнага дзіцячага гурту “Дараносіца” праспявалі расчуленай бабулі “Многая лета” і станцавалі “Лявоніху”.
Стараста вёскі Наталля Іосіфаўна Абібок разам з мужам падрыхтавала сюрпрыз для музыкаў і гасцей – арганізавала сапраўдны экскурс у гісторыю. У хаце яе бабулі – нябожчыцы Марыі Давідчык – нашчадкі зрабілі своеасаблівы музей. Тут ёсць рэчы, якія налічваюць больш стагоддзя, а на некаторых карцінах нават даты ёсць: 1872 год! Уражвае вялікая калекцыя грошай. На некаторых манетах выгравіравана дата 1792 год! Захоўваецца ў незвычайным музеі газета “Праўда”, выпушчаная 10 мая 1945 года. Ёсць тут баклажкі для вады, якія належалі салдатам пад час Вялікай Айчыннай вайны, талеркі, відэльцы, самавар з ХVIII стагоддзя, кросны, плеценая калыска і многае іншае. Абібокі – сапраўдныя захавальнікі гісторыі!
У наступнай хаце Ірына Міронаўна Кунай, нягледзячы на свой паважаны ўзрост, пусцілася ў скокі пад заліхвацкія гукі “Кобрынскіх гармонікаў”. Гаспадыня падрыхтавала і смачную закусь пад чарачку. На падворку Ніны Гацкевіч артысты праспявалі дзіцячую песеньку пра дзень нара-
джэння. Аказалася, Ніна Васільеўна разам з мужам Анатолем чакала дзяцей, бо святкавала дзень народзінаў. Гаспадыня пачаставала артыстаў і танцораў, здзівіла гасцей вышытымі карцінамі і цэлым стосам вязаных світараў. А муж праявіў сябе як птушкавод і садавод: на падворку расце да дзясятка сартоў вінаграду. Яшчэ толькі жнівень, а звісаючыя з ліян гронкі спеючых ягад ўражваюць сваімі вялізнымі памерамі.
У наступнай хаце частавала нас Жанна Піліповіч. Яна багатая на ўнукаў – мае ажно пяцёра! На хаце Надзеі і Васіля Скарынаў штогод гняздзяцца буслы – у іх доме таксама часта звіняць галасы ўнукаў.
На падворку Ганны Платонаўны і Леаніда Сцяпанавіча Кобецаў, акрамя багата накрытага стала (ах, які быў смачны гарбузны сок!), унукі прадэманстравалі дзядулевы зручныя кошыкі, бабуліны вышытыя карціны і ручнікі. А якая цыбуля вырасла ў дбайных гаспадароў: у кошык ледзь пяць штук умяшчалася! Колькі жыву, такіх цыбулін-веліканаў бачыць не даводзілася…
У наступнай сям’і – Чмуневічаў – дзеці Ліза, Мікітка і Мацвей, акрамя пачастункаў, падрыхтавалі цацкі, зробленыя з тканіны. Прыгожа…
У сям’і Яскічаў таксама трое дзетак: Соф’я, Даша і Ілля. Яны яшчэ малыя. Мама Святлана выдатная гаспадыня, а тата Мікалай гожа спявае. У сям’і, нягледзячы на жыццёвыя калізіі, пануе каханне і падтрымка. Мікалай расказаў, што сваю будучую жонку ведае з 10 гадоў, а вось асмеліўся папрасіць яе рукі і сэрца толькі ў 30… “Святлана – мая любімая жонка. Яна – маё жыццё. Я шчаслівы тым, што яна побач са мной…”
…Заходзілі госці і артысты таксама на гасцінныя падворкі да Раісы Уладзіміраўны Шахнюк, Марыі Васільеўны Галоўчык, Валянціны Уладзіміраўны Андрусенка, Галіны Браніславаўны Лысюк. Усюды гарманістаў і танцораў сустракалі радасныя ўсмешкі, шчырасць і адкрытасць вясковай душы, гасціннасць і радушша.
Далей святкаванне перамясцілася на пляцоўку перад мясцовым магазінам. Душэўна і хораша спявалі песні перад сакалоўцамі і гасцямі ўдзельнікі народнага хору “Тонус”, вакалісты гарадскога Дома культуры. Выступалі і артысты з суседніх раёнаў. Так, з Брэсцкага раёна здзіўляў песнямі, сваёй віртуознай ігрой на баяне Іван Арцёмавіч Бакун. А з Кобрынскага раёна на свята прыехаў ансамбль “Кобрынскія гармонікі” і артысты з кобрынскага аўтаклуба клубнай сістэмы. Эх, гралі хлопцы добра, залівіста, ажно мяхі гармонікаў разляталіся! Дарэчы, гэтыя музыкі на днях вярнуліся з міжнароднага конкурсу-фестывалю “Грай, гармонік!”, які праводзіўся ў Ельску. Ад нашай краіны яны былі адзінымі прадстаўнікамі і занялі другое (!) месца сярод выканаўцаў з Эстоніі, Малдовы, Украіны і Беларусі.
Сакалоўцы таксама высока ацанілі прафесіяналізм музыкаў – пускаліся ў скокі і весяліліся!
Радавалі народ сваімі песнямі “Хмелеўскія валацугі”. А як хораша спявала Волечка Іванюк! Яна не першы год займаецца ў фальклорным калектыве “Дараносіца”. Кожную яе песню гледачы падтрымлівалі дружнымі апладысментамі.
Былі на свяце не толькі песні – для самых юных жыхароў пераапранутая ў смешнага клоўна Валянціна Бусько падрыхтавала цікавую забаўляльную праграму. Дарэчы, яна сама мама трох дзетак і выдатна ведае, чым заняць і як забаўляць гарэз. Мяркуючы па дружнаму смеху, віску і радасці, у клоўна ўсё атрымалася.
А якое ж свята без падарункаў?! Яны таксама былі! Таццяна Грыцук і Наталля Дырман уручалі сувеніры самым руплівым і гасцінным сем’ям у Сакалове. Так, іх атрымалі ўсе, хто прымаў удзел у конкурсе падвор’яў, а таксама самы юны жыхар вёскі – Мацвейка Чмуневіч і самы пажылы – ветэран вайны Уладзімір Сцяпанавіч Касцюковіч. А сюрпрыз у выглядзе смачнай юшкі чакаў усіх жадаючых.
Пасля ўрачыстай цырымоніі свята прадоўжылася танцавальнай праграмай, нават лёгкі дождык не перашкаджаў. Святкаванне завяршылася салютам.
Дарэчы, на свята ў Сакалове прыехалі дзве сяброўкі з Сыктыўкара (Рэспубліка Комі). Адна з іх, Ірына Каржова, упершыню ў Беларусі. Яна была ўражана чыцінёй беларускіх гарадоў, сакалоўцы паланілі яе сэрца гасціннасцю, хлебасольнасцю, адкрытасцю, жыццялюбствам. “Я чула, што беларусы – добры і памяркоўны народ, але не думала, што настолькі, – падкрэсліла яна. – Я проста ўлюбілася ў вашу краіну, у беларускую вёску…”
Жыві, Сакалова, і прыгажэй!
Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

1 Comment Posted

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro