“Ваш лёс у вашых руках”

“Ваш лёс у вашых руках”

01.indd

Гэтыя словы-заклік, вядомыя мо ад пачатку свету, прамовіла намеснік пракурора раёна Алена Сідарук. З імі яна звярнулася да тых, хто падуладны ўплыву “зялёнага змея”, які не толькі перашкаджае належна жыць, але й нярэдка робіцца прычынай парушэнняў заканадаўства.
Штомесяц плануецца ладзіць у раённым аддзеле ўнутраных спраў прафілактычныя мерапрыемствы з тымі, хто пад уплывам гарэлкі ды іншых гарачых напояў аступіўся, каб дапамагчы ім спыніць далейшае падзенне ў бездань. Для такіх асобаў будуць праводзіцца не толькі лекцыі, але й дэманстравацца відэафільмы, яны будуць запрашацца на паказальныя судовыя пасяджэнні. Алена Міхайлаўна заўважыла: гэтым хочацца аказаць рэальную дапамогу, давесці патрэбную інфармацыю, паклапаціцца, каб тыя, хто абралі сабе ў “сябры” віно ды гарэлку, “здолелі ўстаць на шлях выпраўлення, а не рухаліся дарогай супрацьпраўнай, працаўладкаваліся і пачалі належны лад жыцця”. Калі існуе патрэба, дапамога можа ажыццяўляцца і індывідуальна.
У той дзень, 2 жніўня, на лектарскую гадзіну ў Жабінкаўскі РАУС былі запрошаны каля двух дзясяткаў аматараў спіртнога (як ні прыкра, сярод іх былі і жанчыны, якіх, на жаль, цяжка было аднесці да прыгожай паловы чалавецтва – найперш таму, што далі слабіну, дазволіўшы ўзяць над сабой верх алкагалізму).
Запрошаныя праслухалі лекцыю ўрача-нарколага Аліны Місюры, якая падкрэсліла: праблема п’янства працягвае заставацца адной з найбольш складаных і сацыяльна-значных у дзяржаве. Паколькі алкаголь ці этылавы спірт – наркатычная атрута, што паралізуе перш-наперш клеткі галаўнога мозга (100 грамаў гарэлкі знішчае 7,5 тысячы іх, падлічылі навукоўцы). Ужо 7-8 грамаў чыстага спірту на кілаграм цела – смяротная доза для чалавека. Водгук у зале выклікала і сцвярджэнне ўрачоў, што жыццё выпівак у сярэднім скарачаецца ажно на 15 гадоў, амаль кожнае другое дарожнае здарэнне адбываецца па віне вадзіцеля ў нецвярозым стане. Абсалютныя супрацьпаказанні для прыёму моцных напояў нават у невялічкіх памерах – нервова-псіхічныя захворванні, траўмы, кантузіі, вострыя захворванні нырак і печані, цукровы дыябет, цяжарнасць, падлеткавы ўзрост да 18 гадоў.
Пад час размовы кожны з прысутных меў магчымасць звярнуцца са сваімі пытаннямі, агучыць праблемы, якія выклікаюць цяжкасці, напрыклад, уладкаванне на працу (дарэчы, спецыяліст крымінальна-выканаўчай інспекцыі Марына Мядзведзь прапанавала запрошаным азнаёміцца з вакансіямі, што сёння маюцца ў раёне). А старшы лейтэнант міліцыі Дзіна Доста нагадала, што існуе трывалая сувязь паміж п’янствам і злачынствамі (кожнае пятае з іх здзейснена пад уплывам “зялёнага змея”). На гэты час на прафілактычным уліку ў раённым аддзеле ўнутраных спраў знаходзяцца 116 чалавек, што злоўжываюць спіртнымі напоямі. Тым жа, хто знаходзіўся ў зале і спрабаваў адстойваць “філасофію” “ціхага выпівохі”, які, маўляў, нікому не прыносіць шкоды (нават сабе!), рэзонна нагадалі, што ўжыванне алкагольных, слабаалкагольных напояў або піва на вуліцы і стадыёне, у парку і грамадскім транспарце ды гэтак далей альбо з’яўленне ў грамадскім месцы нападпітку, у выглядзе, зневажаючым чалавечую годнасць і мараль, могуць выліцца ў немалую суму, а менавіта ў восем базавых велічынь. Ёсць сэнс быць разважлівымі ў сваіх учынках, думаючы пра вынікі не толькі для сябе, але й сваіх родных.
Анатоль РОСТАЎ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro