Студатрад як школа жыцця

Студатрад як школа жыцця

IMG_8311

Чатыры гады таму на перыяд нарыхтоўкі збожжа (ліпень-жнівень) ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” упершыню скарыстаўся паслугамі студэнцкага атрада. Навучэнцы беларускіх ВНУ, выхадцы з Жабінкі і раёна, былі прыцягнуты для дадатковага ўкамплектавання кадрамі элеватараў, вытворча-тэхналагічнай лабараторыі, участкаў сыравіны і гатовай прадукцыі, камбікормавага цэха. Для жабінкаўскіх юнакоў і дзяўчат стварэнне студэнцкага атрада стала выдатным шанцам зарабіць на летніх канікулах крыху грошай, атрымаць першыя заробкі.
У 2012 годзе ў атрадзе было ўсяго 10 чалавек, у 2013-ым — 15, у 2014-ым і летась – увогуле па 21.
Сёлета на камбікормавым заводзе працуе ўсяго дзевяць студэнтаў і тых, хто ўжо скончыў свае альма-матар. Гэта выклікана тым, што ў складанай эканамічнай сітуацыі не занятых на вытворчасці сваіх работнікаў “перакінулі” на ўчасткі, куды раней набіралі навучэнцаў ВНУ. Студэнты не працуюць гэтым летам на ўчастках сыравіны і гатовай прадукцыі і ў камбікормавым цэху. Дарэчы, жадаючых патрапіць у студэнцкі атрад было шмат, таму перавагу аддалі тым, хто неаднойчы ўваходзіў у яго склад і зарэкамендаваў сябе са станоўчага боку.
У гэтым годзе камандзірам атрада даручылі стаць Аляксандру Шаўчуку. Ужо пятыя летнія канікулы праходзяць у яго ў працы на элеватары камбікормавага завода. Сёлета Саша скончыў Беларускі інстытут правазнаўства, што ў Гродне. Работу па спецыяльнасці пакуль не знайшоў і не супраць быў бы застацца працаваць на прадпрыемстве, якое ўжо, лічы, стала родным.
– Мяне ўсе ведаюць, я ўсіх ведаю, – кажа Аляксандр. – Калектыў дружны, пануе ўзаемападтрымка. Вельмі ўдзячны начальніку элеватара Тамары Васільеўне Болдык, яна сапраўдны прафесіянал сваёй справы. Хачу сказаць, што ў нашым студэнцкім атрадзе пануе сапраўднае сяброўства, якое моцна аб’ядноўвае. Я, як камандзір, стараюся данесці да кожнага члена атрада тыя задачы і заданні, выканання якіх ад нас чакаюць, вырашаю арганізацыйныя пытанні.
Камісар студатрада Юлія Кулік і Яніна Лойка патрапілі ў вытворча-тэхналагічную лабараторыю, дзе іх навучылі карыстацца пробаадборнікам, вільгацямерам і нават адрозніваць жыта ад трыцікале. Тут самыя сучасныя прыборы і абсталяванне, і што не менш важна — добразычлівыя людзі, гатовыя прыйсці на дапамогу ў любой сітуацыі.
Арцём Лава – чацвёртакурснік Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, асвойвае спецыяльнасць маркетолага-эканаміста. А летам другі год запар працуе ў гэтым студэнцкім атрадзе апаратчыкам апрацоўкі збожжа. Арцёму вельмі падабаецца калектыў, у якім рупіцца, адносіны да работнікаў-студэнтаў. Дый заробкі для моладзі, якая яшчэ вучыцца, на яго погляд, нядрэнныя. Акрамя таго, для членаў студэнцкіх атрадаў прадугледжаны льготы пры падаткаабкладанні. Але хлопец прызнаецца, што цяжка працаваць у спёку, чакае абяцанага сіноптыкамі пахаладання.
Вадзіцелем аўтамабіля шчыруе Раман Мацука, які толькі скончыў Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт.
Хлопцам і дзяўчатам падабаецца быць часткай вялікага цэлага, сумяшчаць адпачынак і працу. Студэнцкі атрад – гэта своеасаблівая школа жыцця, якая вучыць пераадольваць цяжкасці, дапамагае адчуць цану працы і выхоўвае тое пакаленне, якому будаваць будучыню краіны.
Наталля ВАЛОШКА.
На здымку: Арцём Лава, Аляксандр Шаўчук, Яўген Варанчук і Раман Яшчук не першы год у студэнцкім атрадзе ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro