Як загадваюць доўг і сумленне

Як загадваюць доўг і сумленне

IMG_5823У мінулую сераду 85 жабінкаўцаў ва ўрачыстых абставінах прынялі прысягу і сталі народнымі засядацелямі на бліжэйшае пяцігоддзе.

Так, раз у пяць гадоў народныя засядацелі прамаўляюць словы ганаровай прысягі. Тэкст яе – усяго каля трох дзясяткаў слоў – надзвычай ёмісты і кранальны. Таму мерапрыемства, якое ладзілася 27 ліпеня ў нашым раёне, ніяк нельга было назваць ардынарным як па сваёй урачыстасці, так і па важнасці таго, што адбывалася ў зале райвыканкама.
Прынамсі, каб падкрэсліць асаблівую значнасць моманту, надзвычай прадстаўнічым быў прэзідыум мерапрыемства, куды ўвайшлі старшыня Брэсцкага абласнога суда Тамара Сучок, старшыні райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў Дзмітрый Гарадзецкі і Анатоль Шалтанюк, старшыня суда Жабінкаўскага раёна Віктар Новік.
Адкрываючы ўрачыстае пасяджэнне, Віктар Віктаравіч паведаміў, што сёлета ад Жабінкаўшчыны вылучаны і абраны 85 народных засядацеляў, з іх 15 – для ўдзелу ў рабоце абласнога суда і 70 – для ажыццяўлення правасуддзя ў раённым. Акрамя таго, на ўрачыстасці, якая праходзіла размерана і чынна, прысутнічалі супрацоўнікі суда і райвыканкама, народныя засядацелі мінулага склікання.
З уступным словам да прысутных звярнулася старшыня абласнога суда Тамара Сучок. Тамара Іванаўна патлумачыла, у чым задачы народных засядацеляў, спынілася на іх правах і абавязках, а таксама некаторых ільготах: “Сёлета па Брэстчыне абрана каля трох тысяч народных засядацеляў, што з’яўляецца адной з прыкмет народаўладдзя ў нашай краіне”.
Затым кіраўнік абласнога суда абвясціла тэкст рашэння Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў ад 10 чэрвеня, якім на падставе Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаводстве і статусе суддзяў і ў сувязі з заканчэннем тэрміну паўнамоцтваў мінулага складу зацверджаны спіс народных засядацеляў, што сёння павінны прысягнуць.
Наступіў надзвычай урачысты і адказны момант. Дзеля гэтага адзін з народных засядацеляў (ім стаў Андрэй Пархоменка) з трыбуны зачытваў тэкст прысягі, а астатнія, маючы перад сабою бланкі з радкамі, паўтаралі іх, абяцаючы “ажыццяўляць правасуддзе, падпарадкоўваючыся толькі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь”.
Наступным крокам цырымоніі стала ўручэнне пасведчанняў. Іх народныя засядацелі атрымалі з рук Тамары Сучок і Віктара Новіка, які ў сваю чаргу таксама падзякаваў народным засядацелям мінулага склікання за добрасумленнае выкананне сваіх абавязкаў, актыўны ўдзел у дзейнасці Савета народных засядацеляў раённага суда і прававую асвету жыхароў Жабінкаўшчыны. Кіраўнік згаданага Савета Яўгенія Камарова атрымала з рук Тамары Сучок падзяку Брэсцкага абласнога суда. Са свайго боку старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Гарадзецкі ўручыў Падзячныя лісты райвыканкама Галіне Каракозавай і Надзеі Ляшчыне. За добрасумленнае выкананне абавязкаў у якасці народнага засядацеля і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў была адзначана праца Веры Бортнік, якая атрымала заслужаную ўзнагароду з рук старшыні райсавета Анатоля Шалтанюка.
Анатоль РОСТАЎ.
На здымку: у час ганаровага мерапрыемства.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro