Іх прызванне – людзям дапамагаць

Іх прызванне – людзям дапамагаць

_DSC8175

Машаньку Станчук прывяла на прыём да доктара мама. Яна заклапочана: ці не захварэла яе дзесяцімесячная дачушка? Паводзіць маленькая сябе не так, як звычайна.
– Наша прыгажунька надумала пахварэць? Давайце паглядзім, мо не ўсё так кепска, як здаецца на першы погляд…
Спакойны, лагодны голас урача адразу настройвае на добры лад. Пакуль Валерый Іванавіч слухае дыханне, маленькая пацыентка некалькі разоў паспрабавала пагойсаць у мамы на каленях, прапанавала сваю цацку доктару і шырока яму ўсміхнулася. У роціку бліснулі некалькі зубікаў, а напухлыя дзёсны яскрава сведчылі: хутка прарэжуцца яшчэ.
Пасля праведзеных маніпуляцый і дадатковых пытанняў, доктар супакоіў маму Марыйкі:
– У лёгкіх дыханне чыстае, у роціку адхіленняў ад нормы не бачу, тэмпературы няма, жывоцік у парадку, яна актыўная і энергічная. Непакояць непаседу, хутчэй за ўсё, зубкі. Ахало-джвальны гель дапаможа на нейкі час зняць непрыемныя адчуванні.
Доктар, задаволены ўважлівымі адносінамі да дзіцяці з боку бацькоў, даў яшчэ некалькі слушных парад маме.
– Дзякуй, Валерый Іванавіч, супакоілі.
На развітанне маленькая Маша памахала доктару ручкай і падарыла дзіцячую шчырую ўсмешку.
Многія жыхары аграгарадка Ленінскі і суседніх вёсак лічаць, што ім з доктарам пашанцавала. Чулы, уважлівы, высокакваліфікаваны Валерый Студнеў стаў для іх не проста медыкам, а і сябрам, сямейным дарадцам. Ён прымае пацыентаў у Ленінскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі і гатовы ў любую хвіліну сарвацца па выкліку да таго, каму патрэбна ў гэты час медыцынская дапамога.
– Гэта маё прызванне, мой сэнс жыцця – дапамагаць іншым, – кажа Валерый Іванавіч. – Адчуваю палёгку і маральнае задавальненне, калі ўдаецца своечасова вылечыць пацыента і не “запусціць” хваробу.
У практыцы Валерыя Іванавіча такіх выпадкаў было нямала. У яго за плячамі багаты прафесійны багаж і вопыт. Перш чым прыйсці ў Ленінскую амбулаторыю, ён працаваў у Брэсце на станцыі хуткай медыцынскай дапамогі, потым – участковым тэрапеўтам. Памяняў гарадскія ўмовы на вясковыя, каб займець у перспектыве ўласнае жыллё. Так, 15 гадоў таму Валерый Студнеў атрымаў кватэру і новае месца працы, а мясцовыя жыхары – выдатнага ўрача агульнай практыкі.
Валерый Іванавіч уважліва ставіцца да кожнага пацыента. Нядаўна, напрыклад, яго прымусіў нямала пахвалявацца Андрэйка Шэдаў. Маленькаму, які задыхаўся, давялося аказаць экстраную дапамогу. З дыягназам “станазіруючы ларынгіт” гадавасіка нават шпіталізавалі ў абласную дзіцячую бальніцу. Цяпер яго жыццю і здароўю нічога не пагражае.
Калі няма магчымасці дапамагчы на месцы, пацыентаў накіроўваюць да вузкіх спецыялістаў у райцэнтр або вобласць.
Доктар прызнаўся, што найбольш любіць прымаць маленькіх:
– Так, з імі складаней, асабліва калі не ўмеюць гаварыць і патлумачыць, дзе баліць, – кажа Валерый Іванавіч. – Бывае, пачынаюць плакаць. Радуюся, калі ў канцы прыёму або пасля лячэння малое вясёлае, актыўнае, усміхаецца табе. Гэта такі стымул у працы! Стараюся пахваліць гарэз, каб не баяліся людзей у белых халатах.
На абслугоўванні спецыялістаў амбулаторыі ўсе 2609 пацыентаў (а гэта жыхары аграгарадка Ленінскі і 9 навакольных вёсак) могуць разлічваць на пэўны набор медыцынскіх паслуг. Скажам, калі трэба зрабіць агульны аналіз крыві і мачы, памераць вочны і крывяны ціск, праверыць зрок, прайсці фізіяпрацэдуры – не абавязкова ехаць у раённую бальніцу. Тут, у дзённым стацыянары, ветлівыя медсёстры Аліна Мікалаеўна Баранчук, Вера Уладзіміраўна Лось ці лабарантка Наталля Уладзіміраўна Самсанюк пры неабходнасці зробяць прышчэпку або кропельніцу паставяць. Ёсць тут і свой стаматолаг, кабінет у Вольгі Андрэеўны Шпак рэдка пустуе.
“Правая рука” загадчыка амбулаторыі – Міхаіл Міхайлавіч Лось, фельчар агульнай практыкі.
Увогуле, калектыў амбулаторыі падабраўся згуртаваны, дружны, тут пануе сяброўская атмасфера. Дый у вёсцы, дзе кожны навідавоку, інакш і нельга, тым болей, калі гэта тычыцца людзей, што ў адказе за жыццё і здароўе іншых.
Святлана БЯЛЯК.
На здымку: загадчык Ленінскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Валерый Студнеў прымае Марыйку Станчук.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top