Паход у Рагозна

Паход у Рагозна

DSC02012 DSC02075 DSC02100

15 ліпеня ў загадзя вызначаную дату больш за сто чалавек сабраліся а пятай гадзіне вечара каля Свята-Пакроўскага храма на малебен. Традыцыйнае фота на памяць з айцом Сергіем каля зыходнага пункта – і юныя вернікі моладзевага брацтва, выхаванцы нядзельнай школы і іх бацькі рушылі ў дарогу да вёскі Рагозна, дзе знаходзіцца Свята-Дзмітрыеўская царква.
Зручнае месца для лагера знайшлі за тры кіламетры ад Рагозна, каля вёскі Бусні. У хуткім часе на палянцы ўзняўся палатачны гарадок, у якім было каля трыццаці палатак. Хтосьці ўпершыню асвойваў правілы іх устаноўкі, а нехта ўжо майстар у гэтай справе і, разбіўшы сваю, спяшаўся на дапамогу навічкам. Час ляцеў хутка і весела. І вось ужо падаспела на вогнішчы вячэра, каля якой завіхалася наш нястомны шэф-повар Любоў Іосіфаўна Галавейка са сваёй камандай памагатых. Вячэрняя малітва. Смачная вячэра на прыродзе. Утульная атмасфера каля агню. А пасля вячэрняй службы лагер наведаў айцец Сергій.
Суботняя раніца пачалася з сумеснай малітвы, якая змянілася энергічнай зарадкай і сняданкам. А потым усіх чакаў цэлы калейдаскоп разнастайных мерапрыемстваў: валейбол, танцавальны флэшмоб, падарожжа па “станцыях”, конкурсы і гульні. Карацей кажучы, сумаваць не было калі. Асабліва хочацца адзначыць сяброў моладзевага брацтва, якія пад кіраўніцтвам матушкі Юліі загадзя падрыхтавалі гульню “Зарніца”, удала яе правялі і ўвогуле праявілі выдатныя арганізатарскія здольнасці. А ўвечары ўдзельнікі паходу з запалам “хварэлі” на футбольным матчы, што адбыўся паміж юнакамі і бацькамі. Ужо прыцемкам праходзіла своеасаблівая “Хвіліна славы”, дзе любы жадаючы мог праявіць свае здольнасці і таленты. Былі тут і песні, і танцы, вершы на памяць, выкананне музычных твораў на гітары і саксафоне. Асабліва запаў у душу квартэт сям’і Шорахаў. Дзень завяршыўся традыцыйным вячэрнім вогнішчам, на якім прысутнічалі айцец Сергій і матушка Алена. Вернікі задавалі пытанні, якія іх хвалююць, пра хрысціянскае жыццё, і атрымлівалі грунтоўныя адказы.
І хоць клаліся спаць далёка за гадзіну ночы, але раніцай у нядзелю ўсе ўдзельнікі паходу дружна стаялі на літургіі ў храме Рагозна.
Па дарозе ў лагер супастаўлялі, як праходзіць богаслужэнне ў невялікай вясковай царкве і ў Свята-Пакроўскім храме.
Пасля абеду, калі прыйшоў час развітальнага кастра, найбольш актыўныя ўдзельнікі паходу атрымалі ўзнагароды: Алёна Філіманюк – за арганізацыю цікавых гульняў, Святлана Юзафовіч – за конкурсы, Любоў Галавейка, Надзея Балюк і іх памочнікі – за смачныя, духмяныя стравы, Ірына і Сяргей Захарчукі, Ірына і Ігар Зотавы і многія-многія іншыя за іх уклад і працу па арганізацыі быту.
Паход пакінуў самыя прыемныя ўражанні і ўспаміны. Ён узбагаціў нас ведамі і новымі знаёмствамі.
Людміла ЦУПА,
“навабранец” паходу.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro