Вышыні адольваюць руплівыя

Вышыні адольваюць руплівыя

DSC_0203

Убраць хлеб, які выспеў на палях раёна, справа надзвычай адказная. Яе давяраюць самым руплівым і дбайным хлебаробам, каб не страціць у полі ніводнага каласка. Не менш важна дапрацаваць абмалочанае зерне, дасушыць яго, каб з неабходнай кандыцыяй прадаць дзяржаве.
У СВК “Рагазнянскі” зерневыя і зернебабовыя культуры займаюць сёлета амаль 1670 гектараў, абмалаціць збажыну даверана шасці камбайнавым экіпажам у складзе іх і механізатары, за плячыма якіх дзясяткі экзаменаў на хлебаробскую сталасць, і тыя, хто толькі вучыцца такому майстэрству. Калі папрасіла ў старшыні СВК “Рагазнянскі” Аляксандра Васільевіча Семенюка назваць механізатараў, якія прыкладаюць найбольш сіл і намаганняў, каб вырасціць важкі колас, то ён заўважыў, закладвалі аснову ўраджаю, які цяпер сыплецца ў бункеры камбайнаў і кузавы грузавікоў, усе механізатары самааддана. “Наш перадавы экіпаж у складзе Уладзіміра Уладзіміравіча Канцэвіча і Аляксандра Вітальевіча Здзерука не толькі лепшы ў сельгаспрадпрыемстве, а і ў раёне”, – дадаў Аляксандр Васільевіч.
У госці да лідараў спаборніцтва завіталі акурат тады, калі яны шчыравалі на жытнёвым полі. Побач з імі працавалі і іншыя “караблі хлебнай нівы”. Жытнёвы колас вырас важкім, таму бункер запаўняўся хутка. Для таго, каб не было затрымкі ў рабоце камбайнаў, на ўскрайку поля чакалі загрузкі некалькі аўтамабіляў.
У перадавога экіпажа для гутаркі з карэспандэнтам знайшлося ўсяго некалькі хвілін. Уладзімір Уладзіміравіч і Аляксандр Вітальевіч спяшаліся найхутчэй расказаць пра хлебаробскія справы і падняцца ў кабіну камбайна, каб іх “карабель” зноўку паплыў па “залацістым моры” збажыны.
Уладзімір Канцэвіч прызнаўся, што ў яго гэта адзінаццаты хлебны сезон, добра памятае кожны і асабліва першы, які адбыўся на ніве суседняга Кобрынскага раёна. У 2000-ым годзе механізатар уліўся ў калектыў рагазнянцаў і, вядома, не шкадуе. Тут прыжылася ўся сям’я Канцэвічаў. Знайшлася праца і для жонкі, старэйшы сын Арцём сёлета атрымаў атэстат аб заканчэнні Ленінскай адзінаццацігодкі і паспяхова здаў тэсціраванне, набраў столькі балаў, якія даюць яму магчымасць быць упэўненым, што стане студэнтам ВНУ. Руслан перайшоў у 9 клас мясцовай школы.
Аляксандр Здзярук у памочнікі “запісаўся” да камбайнера Уладзіміра Канцэвіча сёлета ўпершыню, праўда, два гады таму ў такой жа ролі шчыраваў на хлебнай ніве ААТ “Ракітніца”. Асноўнае ж месца працы Аляксандра – вадзіцель пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 г. Жабінка.
Сёлета ў СВК “Рагазнянскі” на жніве працуюць шэсць прыцягнутых памочнікаў камбайнераў і адзін вадзіцель. Такое практыкуецца пад час уборкі пастаянна, каб рытмічна і эфектыўна вяліся іншыя работы ў полі: прэсаванне і вывазка саломы, ворыва, лушчэнне пожні, словам, вялася падрыхтоўка да азімай сяўбы. Сярод іх ёсць вадзіцель, педагог, работнік торфабрыкетнага завода “Гатча-Осаўскі” і іншыя.
“Жніво праходзіць спакойна і зладжана, – расказвае Уладзімір Канцэвіч. – Кожны хлебароб ведае, наколькі складана ўбіраць збажыну-палегліцу, каб не пакінуць на полі ні каласка. У нас пакуль такіх участкаў не было. Абмалочвалі ўжо пшанічны і жытнёвы колас, трыцікале. Пакуль што найлепш урадзіла жыта”.
Дарэчы, у СВК “Рагазнянскі” на раніцу 29 ліпеня ўбралі 956 гектараў і намалацілі 3000 тон зерня. Калі так і надалей пойдуць справы ў гаспадарцы, перадавы экіпаж зможа стаць першым тысячнікам у раёне. Расслабляцца камбайнер не дазваляе найперш сабе і свайму памочніку. Шчыруюць дацямна, а пад’ём, вядома, у шэсць гадзін: трэба прадуць і пачысціць камбайн, праверыць страты, вільготнасць коласа. Гэта найперш уваходзіць у абавязкі памочніка. Як толькі спадае раса, камбайн КЗС-1218 шпарка выходзіць на хлебную ніву, каб сабраць вырашчаны ўраджай. У СВК “Рагазнянскі” з кожнага гектара намалочваюць цяпер ­31,4 цэнтнера.
Людміла КОСЦІНА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro