Вакцынацыя выратуе вам жыццё

Вакцынацыя выратуе вам жыццё

8c13d90760c71ce52e2a9ce162605add

Хранічны вірусны гепатыт – гэта захворванне печані, якое выклікаецца вірусамі гепатытаў В, D і С (парэнтаральныя вірусныя гепатыты). Хранічная інфекцыя павялічвае верагоднасць захворвання цырозам ці ракам печані.
Крыніцай заражэння вірусамі гепатытаў В, D і С з’яўляецца чалавек з вострай, хранічнай формай захворвання або без клінічных праяў – носьбіт вірусаў. Працяглы (ад трох тыдняў да шасці месяцаў) інкубацыйны перыяд абцяжарвае своечасовую дыягностыку, паколькі агульнае недамаганне, зніжэнне апетыту, нязначны скурны сверб у пачатковым перыядзе захворвання асаблівай трывогі амаль ні ў кога не выклікаюць. Пазней з’яўляюцца іншыя сімптомы як вынік паражэння клетак печані: цёмны колер мачы, абясколерванне кала, жаўтушнасць склер і скурных пакроваў.
Вірусы гепатытаў В, D і С утрымліваюцца ў крыві, сперме. Іх удаецца выявіць у сліне, мачы, жоўці і іншых сакрэтах.
Каб не заразіцца парэнтаральнымі віруснымі гепатытамі:
– ніколі не выкарыстоўвайце ін’екцыйныя наркотыкі, а калі нельга адмовіцца ад іх і выйсці з залежнасці, ні з кім не дзяліце іголкі, шпрыцы, растворы;
– не карыстайцеся чужымі станкамі для галення, манікюрнымі наборамі і любымі прадметамі, дзе можа апынуцца кроў;
– добра падумайце, перш чым пайсці і зрабіць татуіроўку ці пірсінг, гэтыя маніпуляцыі павінны ажыццяўляцца толькі стэрыльным абсталяваннем;
– устрымлівайцеся ад выпадковых палавых сувязяў;
– калі адзін з палавых партнёраў – носьбіт віруснага гепатыту, выкарыстоўвайце абаронены секс.
З мэтай папярэджання распаўсюджвання захворвання ва ўстановах аховы здароўя выкарыстоўваецца аднаразовы інструментарый, арганізаваны пастаянны кантроль рэжыму стэрылізацыі і дэзынфекцыі. Донары крыві праходзяць дасканалае лабараторнае абследаванне.
Існуе таксама метад спецыфічнай прафілактыкі вірусных гепатытаў – вакцынацыя. У Беларусі ад гепатыту В бясплатна вакцынуюцца нованароджаныя, падлеткі ў 13 гадоў, медыцынскія работнікі, кантактныя з хворымі і носьбітамі ў хатніх ачагах віруснага гепатыту В. Вакцынацыя супраць яго рэкамендуецца ўсім асобам, якія не маюць медыцынскіх супрацьпаказанняў.
Ангеліна ЧАРНЕЙКА, урач-інфекцыяніст Жабінкаўскай ЦРБ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro