Дажыць няпроста да дзевяноста

Дажыць няпроста да дзевяноста

Віншуем з 90-годдзем
любімую ВОЛЬГУ ІВАНАЎНУ ГРЫГОРЫК
з вёскі Мацясы!
Бог любит вас, Он бережет, жалеет.
Ведет по жизни девяносто лет.
Он через вас добро и мудрость сеет
И в этот мир несет свой добрый свет!
Так пусть же руку вашу не отпустит
Господь еще хотя б десяток ярких лет.
Пусть будет радость и не будет грусти,
А мы вам шлём наш искренний привет!
Здоровье пусть в пути не подкачает,
Крепчает тело разуму под стать.
И только радость в сердце проникает,
Чтоб новые вершины покорять!
Дачка Ніна і яе сям’я.

IMG_8280

Беражліва захоўвае жыхарка Мацясоў Вольга Іванаўна Грыгорык усе публікацыі раёнкі, што датычыліся яе сям’і і роднай вёскі. Вось матэрыялы розных гадоў пра мужа Васіля Рыгоравіча – інваліда Вялікай Айчыннай вайны, працаўніка-перадавіка (апошні надрукаваны ў 2000 годзе, у канцы якога гаспадар пайшоў з жыцця), вось нумар “Сельскай праўды” за 17 верасня 2008 года з матэрыялам пра Мацясы Расціслава Бензерука, на адным з фотаздымкаў да якога Вольга Іванаўна як старажыл вёскі, а вось шматлікія нататкі пра свята вёскі.
Жанчына перабірае дарагія для яе пажаўцелыя газетныя старонкі і расказвае пра сваё жыццё.
Вольга Іванаўна прыйшла на свет 27 ліпеня 1926 года (акурат сёння яна адзначае сваё 90-годдзе). Скончыла чатыры класы польскай школы. Ні пра якую далейшую вучобу размова не ішла, бо трэба было працаваць, дапамагаць бацькам, братам. Дзяўчына і ткала, і прала, і вышывала, пасвіла жывёлу, потым шчыравала ў швейным атэлье.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны, пра якую Вольга Іванаўна не хоча ўспамінаць, лёс звёў яе з Васілём Грыгорыкам. Ён быў удаўцом, меў дваіх дзяцей ад першага шлюбу.
– Я не пабаялася гэтага, таму што Васіль вельмі ж харошы чалавек быў. Мы пажаніліся. Старэйшаму Сашу тады было пяць гадкоў, Марыйцы – тры. А потым у нас нарадзілася Ніначка.
Уся далейшая працоўная біяграфія Вольгі Іванаўны і Васіля Рыгоравіча звязана з калгасам імя Чапаева.
– Рупіліся ўдваіх з Васілём даглядчыкамі жывёлы, – прыгадвае яна. – Спачатку пры старшыні Пятру Макаравічу Казульку, потым пры Мікалаю Іванавічу Грышко. У мужа пасля Вялікай Айчыннай вайны засталіся асколкі ў сэрцы, яму нельга было цяжка працаваць. Але бярогся аднаго, а забрала яго на той свет жорсткая і бязлітасная анкалогія.
Вольга Іванаўна паказвае мне кнігу “Памяць: Гістарычна-дакументальная хроніка Жабінкаўскага раёна” з закладачкай на старонцы 392. Там ёсць згадка пра Васіля Рыгоравіча Грыгорыка: вярнуўся з франтоў Вялікай Айчыннай жывым, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені. Але ўдава дадае, што ўганараваны ён быў і шматлікімі медалямі, якімі заўсёды аздабляў пінжак на Дзень Перамогі.
І вось ужо амаль 16 гадоў Вольга Іванаўна сама. Тут, у Мацясах, шмат салдацкіх удоў. Так павялося, што мужчыны сыходзяць раней.
– Ніна мне зараз ва ўсім найпершая памочніца, кожны дзень прыязджае машынаю з Жабінкі ў Мацясы, каб мяне праведаць, – расчульваецца Вольга Іванаўна. – Унукі па чарзе наведваюцца, праўнукі.
Іх у бабулі шасцёра і адзінаццаць адпаведна. Такому багаццю можна толькі пазайздросціць!
У дзень, калі карэспандэнт раёнкі была ў Вольгі Іванаўны Грыгорык у гасцях, прысутнічалі тут жа і яе малодшая дачка Ніна Васільеўна Пячко з праўнучкай Вікай.
Канечне, дапамога і клопат пажылай жанчыне, якая жыве адна, вельмі патрэбны: здароўе не тое, што паўвека назад, ды й зрок слабее, ногі, рукі. Аднак, напэўна, каб даўжэй патрымаць яе на гэтым свеце, яшчэ адзін клопат зваліўся на Вольгу Іванаўну. Зваліўся ­– у прамым сэнсе слова – малады буслік на падворак бабулі. Выпаў з гнязда ў адзін з непагодлівых ветраных дзён. Вольга Іванаўна як чалавек шаноўнага ўзросту ведае: нават калі падсадзіць бусляня назад у гняздо, бацькі яго не прымуць. Вось і ўзялася даглядаць, карміць: вельмі ж любіць бусень, як яна яго называе, ліверку і кашанку. Ходзіць важна па двары, сваіх прызнае, ад чужых уцякае. Хвалюецца толькі бабуля, як навучыць яго лётаць і як ён перазімуе. Дачка звярталася ў раённую ветстанцыю і ў ахову прыроды, каб забралі птушку, але пакуль буслік гаспадарыць на падворку ў Мацясах.
А яшчэ куры, качкі, кот не даюць Вользе Іванаўне сумаваць.
– Трэба падымацца, ісці жыўнасць пакарміць, пералічыць, не ўсё ж радыё цэлы дзень слухаць, – жартуе жанчына.
Шкадуе доўгажыхарка – старажыл Мацясоў, што апошнія гады не праводзіцца ў іх свята вёскі. Раней яна заўсёды прымала ўдзел са сваімі дыванамі, ручнікамі і вышыванкамі. Неяк весялей жылося. Старыя фотаздымкі ў раёнцы – таму пацвярджэнне.
Вольга Іванаўна дасюль чытае “Сельскую праўду” без акуляраў і расказвае навіны дачцэ па тэлефоне. Віншуем шаноўную юбілярку з днём нараджэння і жадаем здароўя, моцы, дабрабыту і шчасця! Дый да стогадовага юбілею не так ужо і далёка!
Наталля ВАЛОШКА.
На здымку: Вольга Іванаўна Грыгорык з дачкой Нінай, праўнучкай Вікай
і буслікам на парозе сваёй хаты.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top