“Мы дзеці горада свайго”

“Мы дзеці горада свайго”

Па-сапраўднаму шыкоўна і вельмі разнастайна святкавалі жабінкаўцы 23 ліпеня IMG_5371 IMG_5468 IMG_5324 IMG_5200 IMG_5609 _DSC9823дзень нара-джэння роднага горада. Кожны мог далучыцца да агульнага радаснага і аптымістынага настрою, знайсці сабе адпачынак паводле густу, стаць сведкам надзвычай запамінальных мерапрыемстваў.

Мінулае – падмурак новых спраў

КОЛЬКІ ГОЖЫХ І ВЕТЛІВЫХ слоў было сказана ў той суботні дзень у гонар горада, што стаў для многіх лёсам! Роднай Жабінцы яе жыхары (а сёння іх больш за 13 тысяч) прысвячаюць руплівую працу і свае разнастайныя таленты, тут знаходзяць яны простае чалавечае шчасце. Нездарма ж лейтматывам свята сталі словы: “Мы дзеці горада свайго”, якія гучалі з вялікай святочнай сцэны, усталяванай на галоўнай плошчы.

Сюды – у сэрца горада, якое ператварылася ў цэнтр святочных гулянняў – а трэцяй гадзіне дня сталі збірацца шматлікія жыхары Жабінкі і госці, што прыехалі, каб падзяліць агульную радасць ад святочнага відовішча.
Урачыста адкрываючы святкаванне, старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі павіншаваў жабінкаўцаў з днём нара-джэння горада, згадаў такую адметную дату ў нашай гісторыі, як 21 ліпеня 1944 года, калі ўся жабінкаўская зямля была ачышчана ад фашысцкіх захопнікаў. Кіраўнік раёна падкрэсліў:
– Жабінкаўцам ёсць чым ганарыцца, існуюць цудоўныя перспектывы для далейшага развіцця. Стымул таму – набыты статус горада-спадарожніка. І гэта спраўдзіцца абавязкова, бо ў нашым горадзе – выдатныя працавітыя людзі, якія ўпрыгожваюць яго, робяць утульным для пражывання. Таму хочацца пажадаць усім міру, дабрабыту для кожнай сям’і, плённай працы дзеля дынамічнага развіцця нашага горада на доўгія часы.
Сцэну ўвенчвае герб Жабінкі. Ён – не проста ўпрыгажэнне, але сімвал гістарычных вытокаў.
Як на стужцы часу мільгаюць перад слухачамі згадкі пра тыя амаль дзве сотні гадоў, што існуе ў сутоцы Мухаўца і рэчкі Жабінка аднайменнае паселішча: 1817 год – час першай яго пісьмовай згадкі; 1871-ы – наш край пранізала чыгунка, што паскорыла развіццё Жабінкаўшчыны і ўсяго Палесся; далей – вайсковае ліхалецце, калі прыблізна дзве тысячы нараджэнцаў гэтай зямлі ваявалі супраць ворага на франтах, а 620 з іх так і не вярнуліся дамоў жывымі; затым – мірнае адраджэнне і адметны год 1963-ы, калі ўзнік прамысловы гігант – ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”; і нарэшце, 23 снежня 1970 года – Жабінка становіцца горадам, які ў 2007-ым, напярэдадні абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі”, насамрэч перажыў другое сваё нара-джэнне. А цяпер, як заўважыў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Грыгарчук:
– Складваецца ўражанне, што наш горад-спадарожнік выходзіць на сапраўдную арбіту!

“Малады чалавек года”

ГЭТЫ ВЫСОКІ ЎЗЛЁТ немагчымы без моладзі – тых, каму надалей пісаць працоўны летапіс гэтага краю.
Ужо становіцца традыцыяй ўрачыста пад час Дня горада падводзіць вынікі раённага конкурсу “Малады чалавек года”. Дзесяць маладых людзей паўдзельнічалі ў спаборніцтве на гэты раз, найлепшыя вызначаліся ў некалькіх намінацыях.
У галіне эканомікі, будаўніцтва, гандлю і прадпры-мальніцтва найлепшым прызнаны працаўнік ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” Максім Вакулюк, які атрымаў узнагароду і цёплыя словы віншавання непасрэдна ад старшыні райвыканкама Дзмітрыя Гарадзецкага. Старшыні раённага Савета дэпутатаў Анатолю Шалтанюку выпала ганаровая місія ўзнагародзіць Генадзя Бондара – урача-хірурга раённай бальніцы, прызнанага пераможцам у сацыяльнай сферы. Працаўніка СВК “Хмелева” Аляксандра Дзянішчыча, названага лепшым сярод моладзі, што занятая ў сельскагаспадарчай вытворчасці, віншавалі з перамогай намеснікі старшыні райвыканкама Сяргей Стасевіч і Максім Антанюк. Нарэшце, адкрыццём года ў галіне культуры, адукацыі, спорту стаў дыпламант музычных творчых конкурсаў Уладзіслаў Шчасюк.
Ад імя пераможцаў і лаўрэатаў конкурсу “Малады чалавек года” слова ўзяў Генадзь Бондар. Як урач, ён, вядома, найперш усім пажадаў моцнага здароўя, а затым падзякаваў арганізатарам (у іх ролі выступілі раённы выканаўчы камітэт і прафсаюзныя арганізацыі) “за веру, надзею і давер да маладых”. А музычнае віншаванне для тых, хто прыйшоў на свята, прагучала ад усёй дружнай творчай сям’і Шчасюкоў.
Увогуле, свята было напоўнена музыкай ад пачатку да позняй ночы. Так, сапраўдным упрыгажэннем урачыстай часткі Дня горада сталі выступленні самадзейных калектываў і салістаў Жабінкаўшчыны, не толькі такіх прызнаных, як “Каларыт”, “Аляксандр-парк”, “Каруначкі”, парадавалі сваімі спевамі Аксана Пракошына, Лілія Дашкевіч, зачараваннем быў напоўнены вальс у выкананні выпускнікоў трэцяй гарадской школы, горача ўспрымалі гледачы і выступленне групы “Брэкспін кру” ды інш.

“Агняборцы” – на вышыні!

СЁЛЕТА ДЗЕНЬ ГОРАДА амаль супаў з Днём пажарнай службы, што адзначаўся 25 ліпеня. З гэтай нагоды на стадыёне “Цэнтральны” разгарнулася надзвычай відовішчная праграма, якую прапанавалі “агняборцы”.
Жабінкаўская служба 101, якую ўзначальвае падпалкоўнік Алег Бутрым, заўсёды на добрым рахунку сваімі зладжанымі, дасканалымі дзеяннямі. У суботу разам з берасцейскімі выратавальнікамі яны паказалі сваё майстэрства. Так, “агняборцы” былі на вышыні ва ўсіх сэнсах гэтага слова, праводзячы свае заняткі на вачах у шматлікіх гледачоў (і найперш, вядома, дзяцей), калі здолелі з дапамогай 55-метровай лесвіцы выратаваць чалавека, што патрапіў у бяду, і тушылі пажар. Супрацоўнікі МНС прадэманстравалі і тое, як адбываецца тушэнне аўтамабіля, што патрапіў у дарожна-транспартнае здарэнне, выратаванне чалавека з палаючага аўто, ліквідацыя агню, што ахапіў будынак. Імгненні – і агонь адступае перад чалавекам. На ўзбраенні выратавальнікаў – найсучаснейшая тэхніка. У тым ліку спецаўтамабіль, што дазваляе тушыць пажары, калі гараць хімічныя рэчывы. Са свайго боку вадалазная служба Брэсцкага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях паказала, што здольная ў лічаныя хвіліны прыйсці на дапамогу лю-дзям.
Усе дзеянні сваіх калег тлумачыў для жабінкаўцаў прадстаўнік абласнога ўпраўлення МНС падпалкоўнік Юрый Каляда, які ўсклікнуў:
– Каб жыў горад у спакоі – выратавальнікі заўсёды на варце! Бо Жабінка – лепшы горад на зямлі!

Кожнаму занятак па душы

УРАЖАННЕ, якое выказвалі, лічыце, амаль усе, каму давялося пабываць у суботні дзень на відовішчным свяце, супадала: непаўторна, неперадавальна, такога багацця выбару пры правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў у Жабінцы не было раней ніколі, і арганізатары (сярод якіх у першую чаргу выступаў раённы выканаўчы камітэт) надзвычай парупіліся, каб свята адбылося і, як гаворыцца, надоўга “засталося з чалавекам”.
Было прыемна прайсціся паркавай алеяй, дзе бойка ішоў гандаль саладосцямі, пагуляцца ў гульні, наведаць атракцыёны, мастакі маглі за нейкія паўгадзіны стварыць ваш партрэт, а ўрачы – параіць рэчы, карысныя для вашага здароўя. Раённае аб’яднанне прафсаюзаў сумесна з бальніцай, грамадскім таварыствам Чырвонага Крыжа і аптэкай праводзілі дабрачынную акцыю “Абмяняй цыгарэту на гематагенку”. Адным словам, усяго і не пералічыш…
Сярод гэтай шматлікасці ўвагу аматараў прыцягвалі спаборніцтвы ў хуткасным манеўраванні на матацыклах, фігурнае ваджэнне аўтамабіляў і стральба з пнеўматычнай вінтоўкі. Вынікі са сцэны агучылі дырэктар навучальнага цэнтра ДТСААФ у Жабінцы Юрый Козік і начальнік аддзела ДАІ Андрэй Мядзведзь. Найлепшым аўтааматарам, які праявіў свае ўменні і спрыт, стаў Мікалай Каташук. Матацыкл аказаўся найбольш падуладны рукам навучэнца другой гарадской школы Віталя Трацяка. А вось самым дакладным стралком аказалася Вераніка Паўловіч.

Ад свята да свята часу – не так і багата

УРАЖВАЛА І ГЕАГРАФІЯ народных умельцаў, прадпрымальнікаў, што прапаноўвалі свае шматлікія вырабы на выставе-продажы ў Горадзе майстроў, які вырас на галоўнай плошчы. Тут былі гандляры-госці не толькі з Брэста, Кобрына, Маларыты, Камянца, але нават Гародні. Дарэчы, жыхарка горада над Нёманам Ірына, што прывезла разнастайныя мяккія цацкі, зробленыя ўласнаручна, на пытанне: “Якім вам падаецца наша свята?” – ахвотна па дзялілася:
– Хоць і жыву ў горадзе, багатым на вялікія святочныя імпрэзы, але прыемна бачыць, што і ў райцэнтрах жыццё зусім не правінцыйнае. І я ўжо, як тут “напісана” на кветніку, амаль закаханая ў Жабінку!
…Ва ўспамінах пра гэты дзень, які ўжо стаў мінулым, застануцца многія моманты. Сярод іх – яркія промні светлавога шоу, што пранізвалі вечаровае неба. Гэтыя лазерныя сполахі яшчэ раз нагадалі, што праз год Жабінка будзе святкаваць 200-ую сваю гадавіну. Карысны вопыт, набыты сёння, дазваляе ўпэўніцца: юбілейны год прынясе свята не менш маштабнае і відовішчнае.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: моманты ўрачыстасці.
Фота Святланы КІСЛАЙ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top