Рабіць якасна, зніжаючы сабекошт

Рабіць якасна, зніжаючы сабекошт

213591-01

22 ліпеня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зрабіў рабочую паездку ў Магілёўскую вобласць. Кіраўніку дзяржавы было даложана аб выкананні яго даручэнняў па сацыяльна-эканамічным развіцці Магілёўскай вобласці і добраўпарадкаванні абласнога цэнтра. Прэзідэнт наведаў прамысловыя прадпрыемствы Магілёва, сустрэўся з кіраўніцтвам вобласці, прадпрыемстваў, працоўнымі калектывамі.
У час наведвання прадпрыемства «Тэхналіт» Прэзідэнту далажылі аб развіцці інавацыйных тэхналогій і арганізацыі вытворчасці высакаякасных дэталей рухавікоў і гідратрансмісій, развіцці экспарту і імпартазамяшчэння. Аляксандр Лукашэнка асабліва цікавіўся перспектывамі развіцця прадпрыемства.
Міністр прамысловасці Віталь Воўк далажыў Кіраўніку дзяржавы аб прапанове прадаставіць дадатковыя плошчы для развіцця «Тэхналіта» на магілёўскім заводзе «Строммашына», на базе якога прапануецца стварыць індустрыяльны парк з рознымі вытворчасцямі.
Як расказаў журналістам дырэктар «Тэхналіта» Аляксандр Бадзяка, прадпрыемства паспяхова працуе і развіваецца дзякуючы распрацаванай інавацыйнай тэхналогіі ліцця, якая не адноўлена нікім у свеце. «Тэхналіт» займаецца вытворчасцю камплектуючых дэталей да аўтатрактарнай, сельскагаспадарчай, дарожнай, будаўнічай і спецыяльнай тэхнікі. Завод выпускае шырокую наменклатуру прадукцыі са спецыяльных зносастойкіх чыгуноў, што атрымліваюцца новым метадам ліцця – намарожваннем. Такі спосаб вытворчасці не мае аналагаў у свеце, за яго распрацоўку і прамысловую рэалізацыю прадпрыемства ўдастоена Дзяржаўнай прэміі ў галіне навукі і тэхнікі. Такая тэхналогія ліцця, абароненая патэнтамі і аўтарскімі пасведчаннямі, забяспечвае абсалютна новыя пластычныя і зносастойкія ўласцівасці чыгуноў і дае магчымасць паспяхова замяняць імі легіраваныя сталі і бронзы ў вузлах адказнага прызначэння.
Наведваючы ААТ «Магілёўліфтмаш», Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклады аб развіцці прадпрыемства, аб выпуску новай прадукцыі і павышэнні яе канкурэнтаздольнасці. Таксама Прэзідэнт азнаёміўся з ходам тэхнічнага перааснашчэння і вытворчасцю ліфтавага абсталявання па сучасных тэхналогіях.Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што «Магілёўліфтмаш» – прадпрыемства рэспубліканскага значэння і яго неабходна актыўна развіваць.
Прэзідэнт таксама незапланавана наведаў два праблемныя прамысловыя прадпрыемствы абласнога цэнтра: завод «Строммашына» і філіял ААТ «МАЗ» завод «Магілёўтрансмаш».
На сустрэчу з кіраўніком дзяржавы на абодвух прадпрыемствах запрасілі прадстаўнікоў працоўных калектываў, прафсаюзных работнікаў, каб у іх прысутнасці абмеркаваць перспектывы гэтых заводаў.
Як адзначыў Прэзідэнт, на «Строммашыну» ён ужо даўно планаваў прыехаць, і гэты візіт з’яўляецца толькі прамежкавым. «Спецыяльна тут са мной міністр вашай галіны (міністр прамысловасці Віталь Воўк. – Заўвага БЕЛТА). Скажу адразу: угробіць «Строммашыну» не атрымаецца», – заявіў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка не задаволены цяперашнім станам прадпрыемства. Ён заявіў аб неабходнасці дакладнага бачання перспектыў яго развіцця.
Прэзідэнт асабліва звярнуў увагу на важнасць забеспячэння працоўнай дысцыпліны, падтрыманне высокай якасці прадукцыі, каб яна была канкурэнтаздольная.
У гэтым жа рэчышчы ішла размова з працоўным калектывам і на «Магілёўтрансмашы».

«Хачу папярэдзіць і кіраўнікоў холдынга і прадпрыемства, што, як і на «Строммашыне», я шмат не прашу: да 1 студзеня людзі павінны быць упэўнены ў тым, што гэта прадпрыемства будзе жыць і працаваць. А для гэтага патрэбны заказы і зарплаты», – сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Як было даложана Аляксандру Лукашэнку, адной з праблем на гэтым прадпрыемстве з’яўляецца няхватка абаротных сродкаў. У сувязі з гэтым Прэзідэнт адзначыў, што з такімі цяжкасцямі сутыкаюцца і многія іншыя прадпрыемствы, аднак прадастаўленне ў доўг фінансавых сродкаў павінна быць строга абумоўлена канкрэтнымі планамі па рэалізацыі прадукцыі і вяртанні выдзеленых рэсурсаў.
Як і на іншых прадпрыемствах, самае важнае, на што звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, забеспячэнне высокай канкурэнтаздольнасці.
Нямецкі банк гатовы дапамагчы ААТ «Магілёўхімвалакно» ў мадэрнізацыі. Аб гэтым у час даклада Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку паведаміў генеральны дырэктар прадпрыемства Пётр Руднік.
Паводле слоў Пятра Рудніка, 12 ліпеня было заключана пагадненне паміж Беларусбанкам і адным з банкаў Германіі на суму больш як 27 млн. еўра.
Кіраўнік растлумачыў, што мадэрнізацыя дасць магчымасць выпускаць новыя віды валокнаў, якія запатрабаваны на еўрапейскім рынку. У час даклада было таксама адзначана, што прадпрыемства не стаіць на месцы, яго вытворчыя магутнасці загружаны на 100 працэнтаў, а складскія запасы складаюць не больш як 30 працэнтаў. Звыш палавіны прадукцыі завод экспартуе ў Расію і краіны Еўрасаюза.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што прадпрыемства мае шмат пустуючых будынкаў і незадзейнічаную тэрыторыю. Як расказаў Пётр Руднік, усяго на заводзе ёсць 95 будынкаў, якія закансерваваны. Іх астаткавы кошт складае Br108 млрд (недэнамінаваных рублёў).
Прэзідэнт сказаў, што ў лістападзе наведае ААТ «Магілёўхімвалакно». Да гэтага часу кіраўніцтву прадпрыемства неабходна прыняць рашэнне, што рабіць з пустуючымі тэрыторыямі, распрацаваць план па далейшым развіцці завода.
На гэтым тыдні Прэзідэнт плануе наведаць Брэсцкую вобласць.
БелТА.

На здымку: Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 ліпеня ў час рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць наведаў прадпрыемства «Тэхналіт».

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro