У Грабаўцах і спявалі, і танцавалі…

У Грабаўцах і спявалі, і танцавалі…

124835Колькі цікавага ўтойвае лёс кожнага чалавека! Гэта радасць перамогі, горкасць страты, змена падзей. Тое ж адбываецца і з гарадамі, і з вёскамі: у кожнага свае вытокі, свая спадчына, гераічнае мінулае. І людзі жывуць розныя, са сваімі справамі і праблемамі. Але ўсе яны любяць свята роднай вёскі. Такія мерапрыемствы аб’ядноўваюць людзей, кожны імкнецца неяк упрыгожыць усё вакол. Гаспадыні гатуюць смачныя стравы, дастаюць вышыванкі і розныя вырабы. Але шмат спраў і ў работнікаў культуры, якія стараюцца, каб усім было весела і цікава, а людзі розныя ў вёсцы, і густ у іх розны.
Свята вёскі – гэта вельмі адказная і значная па-дзея. Але для работнікаў Сцяпанкаўскага Дома культуры гэта цяжкасці не складае. Шмат вопыту і цікавых задумак даюць заўсёды добры вынік. У гэтым пераканаліся ўсе на свяце “Мая вёска” ў Грабаўцах. А пачыналася ўсё так… У ліпеньскую нядзелю каля крамы тут сабраліся жыхары вёскі і госці. Добрымі словамі ўсіх павіншаваў старшыня Сцяпанкаўскага сельвыканкама Мікалай Георгіевіч Ягорчанкаў. Вядучыя відовішча Ніна Макаранка і аўтарка гэтых радкоў расказалі пра гісторыю вёскі, назва якой, па адных матэрыялах утварылася ад драўніннай пароды граб, а па другой думцы – рэльеф мясцовасці ўзвышаны, што прыводзіць да слова “грабавішча” – той самы горб, няроўнасць. Далей размова пайшла пра ваенны час, успомнілі ветэранаў вайны. Так, паступова наблізіліся да сучаснага жыцця населенага пункта. Цёплыя словы гучалі ў адрас самых пажылых жыхароў: 86-гадовых Марыі Ільінічны Ярашук і Міхаіла Кузьміча Каралюка. Не забыліся і пра самага маленькага вяскоўца – Расціслава Бандарука. Для “віноўнікаў” урачыстасці гучалі ў гэты дзень музычныя падарункі. Гледачы падпявалі разам з артыстамі “Зэлэнэ жыто”, “Жаночае шчасце”, “Смуглянка”, “Вясковая дарога”, “Блакітны шар” і іншыя. Далей жыхароў парадавалі сваімі спевамі артысты Арэпіцкага клуба. Гучалі песні “Вёска мая”, “Крапіва-лебяда”, раманс “Мой костер в тумане светит” у выкананні Наталлі Дулевіч і Таццяны Краснянскай, чуліся на свяце гумарэскі, прыпеўкі. Асабліва спадабаліся жыхарам вёскі выканаўцы Насця Піхотка і Вераніка Карташова. Змена артыстаў і падзей на свяце не давала сумаваць нікому. Далей перад гледачамі ўзнік тэатр мініяцюр Сцяпанкаўскага Дома культуры. Цікавая вясковая пастаноўка “Кумы ў Грабаўцах” не пакінула раўнадушным нікога. Жыхары разам з “кумамі” (Слава Іванюковіч, Воля Абашкіна ў вобразах) танцавалі, спявалі. Смешная гісторыя, да таго ж на мясцовай мове, гэта трэба было бачыць і чуць!
Мяркую, свята атрымалася, людзі былі вясёлыя і задаволеныя. Дзякуй усім жыхарам вёскі Грабаўцы за актыўны ўдзел і добры прыём, за чуласць і гасціннасць.
Ірына САМАСЮК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top