Узровень сацыяльнага партнёрства высокі

Узровень сацыяльнага партнёрства высокі

1

На чарговым пасяджэнні раённага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях разгледжана калектыўна-дагаварное рэгуляванне працоўных адносін у філіяле “Жабінкаўская дыстанцыя пуці” рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Брэсцкае аддзяленне Беларускай чыгункі” .
У сваёй справаздачы старшыня прафкама Аляксандр Шчасюк адзначыў, што ў арганізацыі працуюць 600 чалавек, 100-працэнтнае прафсаюзнае членства. Калектыўны дагавор утрымлівае шэраг дадатковых гарантый і льгот. Ім, у прыватнасці, прадугледжана надбаўка за стаж работы ў арганізацыях Беларускай чыгункі. Памер матэрыяльнай дапамогі на аздараўленне пры прадастаўленні працоўнага адпачынку таксама залежыць ад стажу. Мінімальная выплата ў 25 працэнтаў тарыфнай стаўкі (аклада) налічваецца, калі чалавек адпрацаваў тры гады, максімальная – 100 працэнтаў, калі больш як 10. Акрамя таго, работнікам кампенсуецца частка кошту пуцёвак у структурныя падраздзяленні аддзяленняў Беларускай чыгункі, дзе ажыццяўляецца аздараўленне і медыцынскія віды дзейнасці: 80 працэнтаў кошту ў санаторыі і базы адпачынку, 90 працэнтаў – у дзіцячыя аздараўленчыя лагеры. Бясплатна выдзяляецца транспарт для адвозу і прывозу дзяцей з летнікаў.
Матэрыяльная дапамога аказваецца аднаму з бацькоў пры нараджэнні дзіцяці, а таксама тым, хто пайшоў на службу ва Узброеныя Сілы (памер яе – дзве месячныя тарыфныя стаўкі). Калі салдат вяртаецца са службы і на працягу трох месяцаў пасля гэтага прыходзіць на ранейшае месца працы, то паводле калектыўнага дагавору атрымлівае 3 мінімальныя заработныя платы. Маці, якія выхоўваюць двое і больш дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў, маюць адзін вольны ад работы дзень з аплатай яго ў памеры 50 працэнтаў сярэдняга дзённага заробку.
Даюцца платныя вучэбныя водпускі работнікам, якія атрымліваюць завочна профільную адукацыю. Прымяняюцца меры матэрыяльнага стымулявання грамадскіх інспектараў у ахове працы.
У калектыўным дагаворы ўтрымліваюцца таксама нормы аб заахвочванні работнікаў, якія з’яўляюцца пераможцамі і прызёрамі спартакіяд, конкурсаў і спаборніцтваў; тыя, хто вызначыўся пры выкананні дзяржаўных абавязкаў, актыўна ўдзельнічае ў грамадскай, культурнай дзейнасці і спартыўных мерапрыемствах. Аказваецца дапамога былым работнікам, а цяпер і пенсіянерам, якія не знаходзяцца ў працоўных адносінах з іншымі наймальнікамі.
Дарэчы, раённы савет па працоўных і сацыяльных пытаннях адзначыў высокі ўзровень сацыяльнага партнёрства ў арганізацыі.
Яшчэ на пасяджэнні разгледжана выкананне плана дзеянняў па рэалізацыі работнікамі права на аб’яднанне іх у прафсаюзы ў арганізацыях незалежна ад формы ўласнасці.
Ніна КАЛЫБСКАЯ, старшыня Жабінкаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro