Бурштын знойдзены! А што далей?..

Бурштын знойдзены! А што далей?..

4dbbf87afbae

Пра бурштын на Гатча-Осаўскім радовішчы торфу цяпер ведаюць усе – ад “чорных капальнікаў” і прыватных прадпрымальнікаў да афіцыйных прадстаўнікоў дзяржаўных структур і буйных бізнесменаў. А некаторыя з іх ужо атрымалі і аформілі дазвольныя дакументы ад Мінпрыроды Беларусі на пошукі і здабычу бурштыну. Прычым, усіх без выключэння цікавіць толькі адно: дзе і як можна здабыць “сонечны камень”, а ў далейшым як мага выгадней яго прадаць ці вырабіць з яго дарагія ювелірныя ўпрыгажэнні.
Мэты правільныя, але шляхі іх рэалізацыі, на мой погляд, сумніўныя. Без геолагаў-прафесіяналаў і правядзення дасканалых геолага-разведвальных работ праблема бурштыну на Гатча-Осаўскім радовішчы, як і ў іншых месцах Жабінкаўскага раёна, асуджана на няўдачу. Такое бязрадаснае сцвярджэнне я, як аўтар заяўкі на адкрыццё гэтага каменя, магу абгрунтаваць дастаткова кампетэнтна, таму што вывучаю і даследую гэтую праблему з пачатку 80-ых гадоў мінулага стагоддзя. Больш таго, створанай навукова-даследчай студэнцкай групай пры Брэсцкім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А.С. Пушкіна знойдзены на гэтай плошчы дзясяткі два цікавых бурштынапраяўленняў, якія трэба бурыць з наступным падлікам іх запасаў.
Пра Гатча-Осаўскае радовішча было апублікавана некалькі артыкулаў у навуковых часопісах, напісана і абаронена вытворчых справаздач. Атрыманыя вынікі таксама прагучалі на розных навуковых канферэнцыях і сімпозіумах. Дадзеныя па складзеных намі картах і геалагічных разрэзах дазволілі аформіць заяўку на правядзенне на ўчастку “Гатча” поўнамаштабных геолага-разведвальных работ. Бурштын быў адзначаны ў зоне кантакту мяргелістай і сапрапелевай гліны з розназярністымі пяскамі з галькай і жвірам, якія залягаюць непасрэдна пад тарфянікамі на глыбіні 2-5 метраў.
Запасы “сонечнага каменя” ў цэнтральнай частцы масіва складаюць 25 тон, агульныя яго рэсурсы – 727. Для параўнання заўважу, што гэта менш гадавой здабычы сусветна вядомага Калінінградскага бурштынавага камбіната ў Расіі. Пра гэта павінны ведаць тыя, хто “будуе” грандыёзныя планы на будучае абагачэнне.
У антрапагенавых горных пародах Жабінкаўскага раёна бурштын пастаянна сустракаецца ў балотна-азёрных і водна-ледніковых адкладаннях. Жоўты камень характарызуецца тэхналагічнымі асаблівасцямі – шліфуецца, паліруецца, дробныя абломкі выдатна прэсуюцца. Зробленыя з іх ювелірныя вырабы адпавядаюць міжнародным тэхналагічным стандартам. А яшчэ ён характарызуецца разнастайнай колеравай гамай: ад мядова-жоўтага да чырвона-карычневага. Адзіны недахоп – вельмі мала даследаваны яго запасы.
Падлічаныя геолагамі залежы знаходзяцца пад вадой. Пасля выемкі з участка торфу адбылося затапленне яго грунтовымі водамі, таму што помпы, якія рэгулявалі іх узровень, былі адключаны. І цяпер вялізная плошча радовішча пастаянна забалочваецца, ператвараецца ў свой першародны стан. У цэнтральнай частцы возера, якое ўтварылася, плаваюць качкі і іншая вадаплаўная птушка. Зарослыя берагі сталі любімым месцам рыбаловаў, і паводле вялікага рахунку “чорным капальнікам” тут рабіць няма чаго. Адшукаць пад магутным слоем вады камень немагчыма. А вось папсаваць навакольны рэльеф можна, як і атрымаць за такую дзейнасць вялікія непрыемнасці ад праваахоўных органаў.
Цяпер, калі мы хочам здабываць бурштын на ўсёй плошчы затопленага тарфянога масіва, трэба абуладкаваць вялікае вадасховішча – “берасцейскае мора”, з дапамогай пастаяннай работы земснарада. Пясок з балотнай расліннасцю пойдзе на падсыпку берагоў і дамб, а перамыты і вызвалены кварц і пясок з бурштыну – на будаўнічыя патрэбы.
Выгада ад гэтага праекта-прапановы бачная: тут і вялікія запасы прэснай вады, і зона актыўнага адпачынку для жыхароў Брэста, Жабінкі, Каменца, Маларыты, Кобрына і навакольных вёсак. А яшчэ захаваюцца і павялічацца рабочыя месцы на перапрафіліраваным Гатча-Осаўскім торфа-перапрацоўчым прадпрыемстве, стварэнне сваёй уласнай бурштынавай вытворчасці і нават рыбнай гаспадаркі, якая ўжо цяпер на невялікіх вадаёмах дае неблагі прыбытак. А калі дадаць да гэтага будаўніцтва на берагах будучага “мора” лекавых здраўніц, падобных на тыя, што паспяхова функцыянуюць на суседніх украінскіх Шацкіх азёрах, дзе ў якасці лекавых гразей яшчэ ў савецкія часы выкарыстоўваўся торф і сапрапель Брэстчыны? Урэшце гэта ўжо справа вытворцаў, прадпрымальнікаў і бізнесменаў.
Калі так зробім, то захаваем для сябе, дзяцей і ўнукаў нашых не толькі дзіўны і непаўторны па сваёй прыгажосці бурштын, але і створым не менш дзіўнае і непаўторнае штучнае “мора” з бярозава-сасновымі берагамі.
Ці ёсць сэнс здабываць бурштын у Жабінкаўскім раёне? Па вялікім рахунку – так! Словам, мэты вызначаны, задачы абазначаны. За працу!
Альберт БАГДАСАРАЎ, прафесар, сапраўдны член Беларускага геаграфічнага
таварыства.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro