Юбилейный номер «Сельской правды» увидел свет

Юбилейный номер «Сельской правды» увидел свет

Сем тысяч радасных сустрэч
Юбілейны нумар — заўсёды падстава зрабіць вынікі і прыгадаць мінулае. Сённяшні нумар — 7000-ы. Менавіта столькі разоў жабінкаўцы розных пакаленняў атрымлівалі добра знаёмую і, скажам без перабольшванняў, — родную газету. З часам яна мяняла імёны, адрасы “дыслакацыі”, але заўжды была летапісцам краю, распавядаючы пра добрых людзей і добрыя справы.
“Сельская праўда” №2000 выйшла 8 кастрычніка 1970 года. Каб не блок інфармацый з жыцця Жабінкаўшчыны, можна і не зразумець, што гэта наша раёнка. Большасць месца аддавалася пад навіны з Гомеля, Шклова, Мінска, Брэста, а яшчэ з Расіі, Кіргізіі, Украіны, і нават Турцыі. Таму неяк зусім непрыкметна ў самым нізе першай старонкі з’явіліся карацелькі пра свята настаўнікаў у Якаўчыцах і Ракітніцы ды віншаванне В.А.Талокінай, якой 2 кастрычніка было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны настаўнік Беларускай ССР”. Пра тое, што на свет нарадзіўся 2000-ы нумар роднай газеты рэдакцыя сціпла прамаўчала…
Затое 3000-ы падпісваў у друк намеснік рэдактара вядомы журналіст Анатоль Гатоўчыц. Газета не прамінула як галоўную навіну ў нумары падаць інфармацыю: “Сёння ў вашых руках — трохтысячны нумар “Сельскай праўды”. Рэдакцыя газеты горача і сардэчна павіншавала рабочых і сельскіх карэспандэнтаў, усіх чытачоў з гэтай знамянальнай падзеяй, пажадала поспехаў, багатых задумак і іх здзяйсненняў”. Натуральна значная газетная плошча была аддадзена “нашым няштатным карэспандэнтам” — чытачам-аўтарам, якія расказалі пра прыемныя сустрэчы на старонках роднай раёнкі.
А вось 4000-ы нумар “Сельскай праўды” так ніколі і не з’явіўся. Пасля нумара 3949-га, які выйшаў 17 лістапада 1984 года, наступным стаў… 4004. Як такое магло здарыцца? Справа ў тым, што толькі напрыканцы 1984 года стала вядома: з-за нядбалай нумарацыі і неаднаразовых перайменняў газеты неяк прапушчаны былі амаль паўсотні нумароў раёнкі! Няма дзіва ў тым. У тыя часы жабінкаўцы няшмат ведалі пра свой край. Ажно да 5 мая 1990 года пазначалася: газета выдаецца з верасня 1945 года.
25 чэрвеня 1991 года І.С.Міцковіч падпісаў у друк зусім не святочны 5000-ы нумар раёнкі. Мабыць, час не зусім спрыяў святу. Нават загалоўкі, узятыя быццам з іншага жыцця, сведчаць пра тое: “Калгасы становяцца на калені”, “Адгул за прагул бяруць некаторыя рабочыя камбікормавага завода” і г.д. А навіна, што ў газету “ўвайшла” рэклама — важная прыкмета новага часу. І ўсё ж, як раней, галоўнымі гароямі газетных палос заставаліся людзі працы: шафёр Сяргей Кавальчук, даярка Вянера Новік, трактарыст Генадзь Навіцкі…
А вось 6000-ы нумар проста абавязаны быў стаць юбілейным! Пачынаўся ён з рэдактарскай калонкі. Артыкул І.С.Міцковіча называўся “6000!” Увогуле, клічнікаў у гэтай газеце было шмат. Яна выйша 5 мая 2001 года, акурат у Дзень друку. Утрымлівала віншаванні са святам Перамогі, артыкулы пра ветэранаў Віктара Кірычэнку, Васіля Нікалаюка і Георгія Власюка, а таксама добрыя словы ў адрас тагачаснага старшыні райвыканкама Сяргея Мартысюка з нагоды 50-гадовага юбілею. Чацвёртая старонка газеты, паказваючы зваротную сувязь з чытачом, была цалкам адведзена пад паласу “Ваша пісьмо”.
Сёння зноў вялікая лічба з трыма нулямі. Ужо 7000 разоў “Ленинский путь” — “Коммунистический путь” — “Сельская праўда” вітаюць сваіх прыхільнікаў, навінамі і допісамі пра славутых людзей Жабінкаўшчыны. Будзем і надалей разам! Наперадзе новыя сустрэчы — і святочныя, і будзённыя.
А.БЕНЗЯРУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 7%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top