Пра праблемы – мовай лічбаў

Пра праблемы – мовай лічбаў

IMG_8242

Усе мы штодня карыстаемся дарогамі, вынікамі працы дарожнікаў і бачым, што выконваць свае задачы ім даводзіцца, не зважаючы на дождж, спёку, снег… Аднак нараканняў на стан дарог шмат. Яны паступаюць у выглядзе званкоў у філіял КУП “Брэстаблдарбуд” Жабінкаўскае ДРБУ №103, у рэдакцыю раёнкі. Тлумачыць праблемную сітуацыю начальнік дарожнага рамонтна-будаўнічага ўпраўлення №103 Алег Марчанка.
– Нашай асноўнай задачай з’яўляецца ўтрыманне і рамонт 322 кіламетраў дарог і 103 кіламетраў вуліц сельскіх населеных пунктаў, забеспячэнне бесперабойнага, бесперашкоднага і бяспечнага праезду па іх.
Сёлета нашаму раёну з абласнога бюджэту на ўтрыманне мясцовых аўтамабільных дарог вы-дзелена каля 3,2 мільярда рублёў, за паўгода 68 працэнтаў ДРБУ №103 асвоіла. Калі б мы грэйдзіравалі дарогі двойчы на месяц, як патрэбна, за выключэннем зімовага перыяду, то на гэтыя мэты ішло б прыблізна 1,8 мільярда рублёў – большая частка выдзеленых нам сродкаў. На ямачны рамонт асфальтабетоннага пакрыцця расходуецца парадка 300-400 мільёнаў рублёў у год, на гарызантальную разметку – 200 мільёнаў, на абкошванне дарог – 100.
Утрымліваць стан дарог на ранейшым узроўні ўсё складаней: ён пагаршаецца, бо, акрамя бягучага рамонту і выдаткаў на ўтрыманне, неабходны і капітальныя ўкладанні. Выбіраем, што рамантаваць у першую чаргу, таму што на ўсе работы не хапае сродкаў. Напрыклад, калі рыхтаваліся да веснавога агляду дарог, фарбавалі прыпынкі, знакі, сігнальныя слупкі, бар’ерныя і поручневыя агароджы, – на гэтыя работы пайшло каля паўмільярда рублёў.
На бягучы рамонт жабінкаўскіх дарог вобласцю выдзелена каля 3 мільярдаў рублёў. Гэта мізэрныя сродкі, якія не дазваляюць планамерна і якасна падтрымліваць стан дарог у адпаведнасці з тэхнічнымі ўмовамі. На сённяшні дзень усе яны асвоены, выканана 100 працэнтаў гадавой праграмы бягучага рамонту. Абнаўлялі гравійнае пакрыццё на дарогах Н-141 Арэпічы–Сцяпанкі–Сакалова–Цукровы завод, Н-136 Залуззе–Якаўчыцы–Агароднікі, пад’езд ад аўтадарогі Н-153 Рагозна–Ёжыкі–Філіпавічы да вёскі Шалухі, пракладвалі асфальт на аўтадарозе Сенькавічы–Хмелева–Падлессе–Багдзюкі. На дарозе Н-134 Жабінка–Матыкалы старую водапрапускную трубу замянілі на новую.
Што тычыцца ўтрымання і рамонту вуліц сельскіх населеных пунктаў, то на гэтыя мэты Жабінкаўскаму ДРБУ №103 выдаткавана 268 мільёнаў рублёў. Частка сродкаў укладзена ў бягучы рамонт вуліцы Сонечнай у Старым Сяле, Цэнтральнай – у Пруску, завулка Сонечнага ў вёсцы Рагозна.
У ранейшых інтэрв’ю “Сельскай праўдзе” я ўжо расказваў аб тым, што дарожнае пытанне ўпіраецца ў фінансаванне. Работы процьма, а грошай не так шмат.
Напрыклад, у КУП “Брэстаблдарбуд” пада-дзены заяўкі на замену 421 дарожнага знака. У некаторых вёсках трэба ажыццяўляць ямачны рамонт картамі, ёсць работы па ліквідацыі завышаных абочын. У Жабінкаўскім раёне 130 аўтобусных прыпынкаў, з іх 80 патрабуюць рознага роду рамонту. Неабходна замяніць сем з сарака прыпыначных павільёнаў. А яшчэ наша задача – карчаваць кустоўі і абразаць кроны дрэў, ліквідаваць небяспечныя дрэвы (сёлета на гэта зрасходавана каля 300 мільёнаў рублёў). Нядаўна ў Хмелеве бурай паваліла дрэва на дарогу, нашы работнікі выязджалі па выкліку. У першую чаргу выконваем работы, ад якіх залежыць бяспека руху транспартных сродкаў.
Асноўны аб’ект, якім работнікі ДРБУ №103 займаюцца зараз, – капітальны рамонт участка дарогі Багны–Якаўчыцы. Летась, напрыклад, заасфальтавалі 0,9 кіламетра дарогі паміж Маціевічамі і Вялікімі Якаўчыцамі, сёлета работы працягваюцца, выдзелена 7,5 мільярда рублёў з рэспубліканскага дарожнага фонду. Пасля іх завяршэння (плануем скончыць да канца года) можна будзе сказаць, што да ўсіх аграгарадкоў з райцэнтра пракладзены асфальт. У далейшым плануем асфальтаваць дарогі да іншых населеных пунктаў.
Наперадзе ў нас новыя задачы, і мы абавязкова будзем іх вырашаць.
Запісала Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro