Да Дня пажарнай службы

Да Дня пажарнай службы

 “Служба МНС.  Чым дапамагчы?”

Штогод 25 ліпеня ў Беларусі адзначаецца прафесійнае свята – Дзень пажарнай службы, супрацоўнікі якой цаной свайго здароўя, а часам і жыцця, штодня ратуюць ад пажараў тысячы лю-дзей і адзінак маёмасці.
Людзі ведаюць: калі трапіў у бяду – першымі на дапамогу прыйдуць выратавальнікі МНС. Іх дэвіз – “Прафесіяналізм. Адвага. Гонар”. І гэта не проста словы. Тыя, хто хоць раз бачыў твары пажарных, якія толькі што вярнуліся з выкліку, хто адчуваў даўкі пах дыму ад іх баявога адзення, разумеюць: за гэтымі словамі – выбар такога ладу жыцця, калі ўсвядомлена рызыкуеш сабой дзеля выратавання іншага чалавека.
Сёння ў Жабінкаўскім раённым аддзеле надзвычайных сітуацый працуюць 44 прафесіяналы, якія з’яўляюцца ў месцах, дзе здараецца бяда, і ратуюць людзей, жывёл, будынкі. Баявая работа нашых выратавальнікаў-пажарных – гэта пастаянная небяспека і рызыка. У калектыве аддзела аб’ядноўваюцца ў адно цэлае багаты вопыт і прафесіяналізм сталых з энергіяй маладых. Супрацоўнікі РАНС умела прымяняюць веды і навыкі на практыцы, адважна і прафесійна паводзяць сябе ў розных сітуацыях.
Вялікая ўвага надаецца прафілактычнай рабоце. Надзвычайныя здарэнні мінулых гадоў абавязваюць знаходзіцца ў пастаяннай гатоўнасці і працаваць на апярэджанне.
Не забываюць супрацоўнікі РАНС і пра падрастаючае пакаленне. На занятках у групе прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю раённага аддзела навучаюць правільным паводзінам на пажары, папярэджанню дзіцячага свавольства з агнём. Праводзяцца выступленні на прадпрыемствах, у школах і дашкольных установах, гутаркі з работнікамі, бацькамі і дзецьмі.
Спектр дзейнасці вырата-вальнікаў з кожным годам пашыраецца, але ўся яна, па сутнасці, зводзіцца да аднаго: служыць людзям і краіне, ратаваць іх ад любых бед. Нездарма дыспетчар службы 101, падымаючы тэлефонную трубку, кажа: “Служба МНС. Чым дапамагчы?” А просьбы, з якімі звяртаюцца ў райаддзел надзвычайных сітуацый самыя разнастайныя: ліквідаваць паваленыя бурай дрэвы або затапленне, узгаранне, правесці дэзінсекцыю ад вос і шэршняў, дастаць чалавека або жывёліну з калодзежа, дапамагчы ў пошуках чалавека. Апошнім часам, на жаль, шмат выездаў на ДТП.
Акрамя таго, выратавальнікі не толькі ратуюць. Штогод работнікі РАНС аказваюць садзеянне сельскагаспадарчым прадпрыемствам ва ўборцы ўраджаю. Сёлета нашы вадзіцелі Аляксандр Здзярук і Міхаіл Плытнік будуць працаваць у час жніва памочнікамі камбайнераў, а пажарны Андрэй Харковіч – на КЗС.
На выратавальнікаў-пажарных спадзяюцца, у іх вераць, таму кожны работнік МНС павінен падтрымліваць аўтарытэт службы перш за ўсё сваім адказным стаўленнем да выканання службовых абавязкаў. А за добрасумленнае іх выкананне, адказнасць і прафесіяналізм – заслужаныя ўзнагароды. Сёлета Граматай Міністэрства надзвычайных сітуацый Рэспублікі Беларусь да Дня пажарнай службы будзе
ўзнагароджаны маёр унутранай службы, першы намеснік начальніка Жабінкаўскага РАНС Андрэй Харламянкоў. Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў атрымае капітан унутранай службы, начальнік каравула ПАВЧ №1 раённага аддзела надзвычайных сітуацый Раман Філіпук, Ганаровую грамату райвыканкама – капітан унутранай службы, старшы інспектар інспекцыі дзяржаўнага пажарнага нагляду і прафілактыкі Рыгор Рашанок. Нагрудным знакам “Выдатнік” будзе ўганараваны прапаршчык унутранай службы, дыспетчар цэнтра аператыўнага ўпраўлення РАНС Вячаслаў Галавейка. Да чарговага звання датэрмінова прадстаўлены прапаршчык унутранай службы, старшы вадзіцель ПАВЧ №1 Мікалай Шчэрбін.
Напярэдадні прафесійнага свята хочацца пажадаць усім работнікам і ветэранам пажарнай справы аптымізму, дабра, сямейнага шчасця, моцнага здароўя, поспехаў у нашай высакароднай справе, а тым, хто нясе службу, – спакойных дзяжурстваў і “сухіх” рукавоў.
Алег БУТРЫМ, начальнік Жабінкаўскага РАНС, падпалкоўнік
унутранай службы.

 

Малады,
але перспектыўны

IMG_825021-гадовы начальнік каравула ПАВЧ №1 Жабінкаўскага раённага аддзела надзвычайных сітуацый Ігар Бандарчук, нягледзячы на маладосць і невялікі працоўны стаж, прайшоў “і агонь, і ваду, і медныя трубы”, паказаў сябе выдатным вогнебайцом.
Сам Ігар са Століна, летась скончыў Мінскі камандна-інжынерны інстытут МНС Беларусі.
Цікаўлюся, што запом-нілася з часоў вучобы, да таго ж гэта было зусім нядаўна. Ігар Бандарчук распавядае, што вучыцца ў камандна-інжынерным інстытуце было вельмі цікава і складана адначасова.
– Там поўнасцю знахо-дзішся на дзяржаўным забеспячэнні, плацяць дастойную стыпендыю, – дзеліцца ён. – З аднаго боку – вучэбныя заняткі, з другога – фізічныя нагрузкі, і ўсюды трэба паспяваць “на выдатна”, каб пайсці ва ўвальненне. За час вучобы мы з экскурсіямі наведалі Нацыянальную бібліятэку, тэатр оперы і балета, комплекс “Хатынь”, лінію Сталіна, дзясяткі іншых аб’ектаў. Усе яны былі цікавымі і пазнавальнымі.
А самымі запамінальнымі момантамі са студэнцкіх часоў Ігар Бандарчук лічыць удзел у трох ваенных парадах 2013-2015 гадоў на плошчы Незалежнасці ў сталіцы. З чатырох курсаў набіралі ўсяго 150 чалавек. А паколькі Ігар уваходзіў у склад роты ганаровага каравула МНС Беларусі, яго ўдзел у парадах быў гарантаваны. Трэніроўкі пачыналіся ўжо з сакавіка: пад’ём у 6 гадзін раніцы, страявая падрыхтоўка, сняданак, заняткі, зноў страявая падрыхтоўка. Акрамя таго, кожны аўторак і чацвер агульная 2-3-гадзінная падрыхтоўка на плацы ваеннай камендатуры. Нагрузка каласальная, не кожны вытрымае, але Ігар ніколі не скардзіўся. Вытрымка і загартоўка спатрэбіліся і пад час работы.
Другі год Ігар Бандарчук у якасці начальніка каравула ўжо сам кіруе аперацыямі па тушэнні пажараў. Паводле яго слоў, нараканняў ад начальства не паступала, значыць, спраўляецца. Дарэчы, працаваць у каравуле складана, таму што заступаеш на дзяжурства на суткі і нясеш службу 24 гадзіны.
– Калі працаваў начальнікам каравула Лунінецкага РАНС, – расказвае Ігар Бандарчук, – было такое дзяжурства, што пасля абеду як выехалі на выклік, вярнуліся назад у часць у 5.30 раніцы. Спачатку тушылі два дамы ў вёсцы Лунін, потым – гараж і хлеў у Лунінцы, затым – сцірту саломы і склад бульбасховішча за 30 кіламетраў ад райцэнтра. Даволі часта выязджалі на загаранні тарфянікаў.
Калі малады выратавальнік стварыў сям’ю і перабраўся ў Жабінку, калектыў раённага аддзела надзвычайных сітуацый прыняў яго вельмі цёпла. Калегі падтрымліваюць, даюць парады, падстаўляюць плячо ў патрэбныя хвіліны. Распарадак дня ў агняборца насычаны: тэарэтычныя заняткі, фізічная падрыхтоўка (без яе на службе не абысціся), заняткі па пажарна-аварыйным спорце. Ігар даўно займаецца гіравым спортам, абараняў гонар інстытута – займаў першыя месцы, пад час працы быў чацвёртым у Брэсцкай вобласці па выніках спаборніцтваў у гэтым відзе. Апрача спартыўных дасягненняў мае і іншыя. Сёлета ў маі Ігар Бандарчук заняў шостае месца (з 18-ці) як лепшы начальнік дзяжурнай змены падраздзяленняў Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС.
Пытаю пра складанасці ў рабоце выратавальнікаў.
– Страшна і трагічна, калі ў полымі пажару гінуць людзі і асабліва дзеці. Цяжка на душы, калі, ратуючы пацярпелых, гінуць баявыя таварышы. Знаёмы хлопец – работнік МНС, на курс старэйшы за мяне, трагічна загінуў, ратуючы людзей з калодзежа ў Крупскім раёне Мінскай вобласці, – расказвае Ігар Бандарчук, і ў вачах з’яўляецца сум.
Так, работа выратавальніка – пастаянная небяспека і рызыка. Ніхто з вогнебайцоў не ведае, што з ім будзе сёння, заўтра. Аднак Ігара Бандарчука не палохаюць адказнасць і цяжкасці. Ён любіць сваю работу, верны прызванню і галоўнае – адчувае падтрымку родных.
Ігар і яго жонка Кацярына чакаюць першынца, і, калі дасць Бог сына, тата падтрымае яго, як той захоча стаць выратавальнікам.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота аўтара.

Колькасць пажараў зменшылася

Сёлета за першае паўгоддзе ў раёне зарэгістравана дзевяць пажараў, што на тры менш у параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам. На шчасце, абы-шлося без чалавечых ахвяр. Агонь пашкодзіў шэсць і знішчыў тры пабудовы, а таксама дзве тоны грубых кармоў. Дзякуючы намаганням супрацоўнікаў раённага аддзела надзвычайных сітуацый былі выратаваны трое пацярпелых, дзевяць пабудоў і адна адзінка тэхнікі. Матэрыяльны ўрон ад пажараў склаў 123 мільёны рублёў (да дэнамінацыі). Асноўныя іх прычыны – неасцярожнае абыходжанне з агнём і свавольства дзяцей з ім, парушэнне правілаў эксплуатацыі печаў, электрасетак, электраабсталявання.
Трэба адзначыць, што ў 2014-2016 гадах зарэгістравана найменшая колькасць пажараў за апошнія 20 гадоў. Зніжэнне яе назіраецца на тэрыторыях Ленінскага, Азяцкага, Ракітніцкага і Хмелеўскага сельскіх Саветаў. Найбольш загаранняў за паўгода адбылося ў Жабінцы – 5. Аб’ектамі пажараў у горадзе і раёне сталі жылы дом, дзве кватэры, тры гаспадарчыя пабудовы, рэстаран “Вясёлка” філіяла “Жабінкаўскі” ГУП “Брэсцкая міжраённая гандлёвая база”, а таксама цюкі саломы і дзіцячая прагулачная каляска.
Таццяна МАРТЫНАВА, спецыяліст групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Жабінкаўскага РАНС.

 

“Наша работа – ратаваць людзей”IMG_8263

Начальнік пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №12 Жабінкаўскага РАНС Сяргей Дубіна жыццё сваё звязаў з пажарнай службай у 1992 годзе, калі быў вайскоўцам пажарнай каманды Узброеных Сіл Беларусі.
Доўгі час працаваў у ПАВЧ №1 раённага аддзела надзвычайных сітуацый. Дзесяць гадоў таму Сяргея Уладзіміравіча перавялі на пост у Сцяпанкі. Спачатку служыў камандзірам аддзялення, апошнія паўтара года займае пасаду начальніка дванаццатага паста. Зона яго абслугоўвання – Хмелеўскі, Сцяпанкаўскі сельскія Саветы, частка Крыўлянскага, аказваецца дапамога і Камянецкаму раёну. У разліку паста №12 дзве пажарныя машыны.
– Часта выязджаем на загаранне сухой расліннасці, на дарожна-транспартныя здарэнні, – расказвае Сяргей Дубіна. – Нядаўна на дарозе Вярхі–Глыбокае ліквідавалі 15 паваленых ветрам дрэў, тым самым забяспечылі бяспеку руху транспартных сродкаў. Зімой у завіруху выцягваем аўтамабілі са снежных сумётаў… Пад маім кіраўніцтвам працуе сем чалавек. Бачу адразу, хто пацягне службу выратавальніка, а хто – не. Да работнікаў МНС прад’яўляюцца высокія патрабаванні.
Начальнік пажарнага паста ў Сцяпанках адпавядае ім у поўнай меры. Да ўсяго ён яшчэ і спартсмен, мае першы разрад па пажарна-прыкладным спорце, падымаў яго ў раённым аддзеле надзвычайных сітуацый.
Да гэтай пары памятае Сяргей Дубіна свой першы пажар, на які выязджаў, калі яшчэ служыў у арміі. Тады загінулі двое маленькіх дзяцей. Але гэта не пахіснула ўпэўненасці выратавальніка ў правільнасці абранага прафесійнага шляху. За амаль 24 гады службы Сяргей Уладзіміравіч асабіста выратаваў траіх чалавек на пажарах.
– Наша работа – ратаваць людзей, жывёл, не думаючы ў гэты момант пра сябе, – сціпла заключае ён.
Наталля ВАЛОШКА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro