Беражыце зубы змоладу

Беражыце зубы змоладу

smileПрактычна ва ўсіх дзяцей ёсць праблемы з малочнымі зубамі, аднак многія бацькі памылкова лічаць, што іх не трэба вырашаць, бо зубы ўсё роўна памяняюцца на пастаянныя. Але малочныя зубы патрабуюць самага стараннага догляду і своечасовага лячэння.
Адразу пасля таго, як у дзіцяці з’яўляецца першы малочны зуб, неабходна пачынаць чыстку: спачатку – абціраць вільготнай стэрыльнай марляй, пазней – чысціць дзіцячай зубной шчоткай сярэдняй ці мяккай ступені шорсткасці. Чысціць зубы трэба раніцай і ўвечары, у раннім узросце – без выкарыстання зубной пасты.
Да 2,5-3 гадоў у дзіцяці павінны прарэзацца ўсе 20 малочных зубоў. У годзік дзіця абавязкова трэба паказаць стаматолагу і далей праходзіць прафілактычныя агляды – адзін раз у паўгода з мэтай своечасовага выяўлення, лячэння захворвання зубоў, а таксама прадухілення ўскладненняў.
Карыес малочных зубоў у дзяцей мае свае адмоўныя асаблівасці:
– карыёзны працэс працякае хутка, дасягае эмалева-дэнціннай мяжы, распаўсюджваецца ва ўсіх накірунках, разбураючы дэнцін (гэта абумоўлена тонкім пластом эмалі і слабой мінералізацыяй эмалі і дэнціну малочных зубоў);
– часта адбываецца множнае карыёзнае паражэнне малочных зубоў (асабліва ў дзяцей, якія знаходзіліся на штучным кармленні ці перанеслі якія-небудзь захворванні);
– калі карыёзны працэс запушчаны, то інфекцыя з карыёзнай поласці хутка пранікае ў поласць зуба і ўзнікае запаленне яго мяккіх тканак (пульпіт);
– пульпіт малочных зубоў можа праходзіць без болю (з прычыны малой адчувальнасці нерва ў поласці зуба), і ў далейшым інфекцыя можа распаўсюдзіцца праз корань у мяккія тканкі дзясны (перыядантыт).
Лепш за ўсё, каб малочныя зубы выпадалі самастойна, бо яны “трымаюць месца” для пастаянных. Дачасная страта малочных зубоў можа прывесці да няправільнага прыкусу. Гэта вельмі важна, бо зубы забяспечваюць правільнае вымаўленне. Каб пазбегнуць непрыемных наступстваў, дзіця трэба паказваць урачу-артадонту, які дасць рэкамендацыі па прафілактыцы няправільнага прыкусу або прызначыць лячэнне для яго выпраўлення.
Валянціна ГРЫГАРЧУК, зубны фельчар УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro