На варце чужога спакою

На варце чужога спакою

carthethУжо не першы год у справе барацьбы са злачыннасцю супрацоўнікі Жабінкаўскага РАУС на добрым рахунку сярод іншых аддзелаў унутраных спраў Брэсцкай вобласці. Пра гэта вялася размова 12 ліпеня пад час падвядзення вынікаў аператыўна-службовай дзейнасці за першае паўгоддзе 2016-га, дзе адзначалася: “Жабінкаўскія праваахоўнікі на-дзейна стаяць на варце грамадскага спакою”.

На пасяджэнні прысутнічалі старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі і намеснік начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама палкоўнік міліцыі Вячаслаў Максімук.
Пры падвядзенні вынікаў адзначалася прыемная тэндэнцыя: па ўсіх паказчыках, акрамя рэцэдыўнай злачыннасці, сёлета ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года назіраецца станоўчая дынаміка. Так, калі летась у нашым раёне былі зарэгістраваны ў агульнай колькасці 103 злачынствы, дык цяпер – 77, з іх толькі чатыры адносяцца да катэгорыі цяжкіх, 49 – менш цяжкія і 24 не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі.
На жаль, адзначалася на пасяджэнні, актуальнымі застаюцца пытанні алкагалізацыі насельніцтва, з якой супрацоўнікам міліцыі даводзіцца весці не толькі прафілактычную, але й практычную барацьбу. Прычым 14 з 20 злачынстваў (або 70%), якія здзейснены ў стане алкагольнага ап’янення, адбыліся сёлета ў сельскай мясцовасці. Усяго за паўгоддзе на Жабінкаўшчыне выяўлена 35 фактаў парушэння супрацьалкагольнага заканадаўства. Пры гэтым у парушальнікаў канфіскавана 259 літраў спіртаўтрымліваючый вадкасці, 620 літраў брагі, 33 літры самагону, забрана і знішчана 10 самагонных апаратаў.
Захоўваючы спакой грамадзян, праваахоўнікі надзвычай патрабавальныя да супрацьзаконных паводзін парушальнікаў грамадскага парадку (такіх злачынстваў за паўгода было 12). Як сведчыць аналіз, восем з іх (ці 66,7%) складаюць крадзяжы.
У структуры злачыннасці па-ранейшаму большую частку займаюць парушэнні заканадаўства па лініі крымінальнага вышуку. Хоць бягучы год і тут вызначаецца значным зніжэннем колькасці злачынстваў (з 65 летась да 50 сёлета), пры гэтым большасць іх (37) была скіравана супраць уласнасці.
Зніжэнне назіраецца нават па найбольш распаўсюджаных крымінальных злачынствах – крадзяжах (калі ў першым паўгоддзі 2015 года іх было 47, то за справаздачны перыяд ужо на дзясятак менш).
Па лініі забеспячэння эканамічнай бяспекі і барацьбы з карупцыяй сёлета выяўлена 7 злачынстваў (у 2015-ым іх было 11).
За шэсць месяцаў бягучага года ўчастковымі інспектарамі міліцыі раскрыта 10 злачынстваў, за адміністрацыйныя правапарушэнні да адказнасці прыцягнуты 571 грамадзянін.
Прыярытэтным для праваахоўнікаў застаецца барацьба супраць наркаманіі. Гэтая дзейнасць арганізавана ў райаддзеле ў рамках рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №6 “Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнага абароту наркотыкаў”. У раёне былі зарэгістраваны чатыры злачынствы па лініі наркакантролю і супрацьдзеянні гандлю людзьмі, па кожным узбуджаны крымінальныя справы. Агульнарэспубліканскай фазай барацьбы з наркаманіяй з’яўляецца спецыяльная праграма “Мак”, у выніку якой выяўлена 15 фактаў вырошчвання маку і канопляў. Супрацоўнікамі РАУС знішчана 5100 кг раслін, што ўтрымліваюць наркатычныя рэчывы.
Бясспрэчна, адзін з найбольш яскравых паказчыкаў прафесіяналізму супрацоўнікаў міліцыі, – раскрывальнасць злачынстваў. Па выніках шасці месяцаў года Жабінкаўскі РАУС займае адно з найлепшых месцаў у раскрывальнасці. Так, сёлета ў 37 выпадках падазроныя асобы былі выяўлены: гэта адбылося ў 74% выпадкаў (прычым, сярэднеабласны паказчык складае 67%).
Паспяховыя справы не застаюцца па-за ўвагай як простых людзей, так і кіраўніцтва. Зладжаная, аператыўная, адказная дзейнасць міліцыянераў атрымала пад час нарады станоўчую ацэнку. І як вынік – цалкам заслужаныя ўзнагароды найлепшым у сваёй справе. Адразу некалькі афіцэраў райаддзела ўнутраных спраў атрымалі чарговыя званні. У іх ліку маёр міліцыі Аляксандр Лісюк, капітанскія пагоны прымералі Аляксандр Андрасюк і Руслан Арабчук, старшымі лейтэнантамі міліцыі сталі Дзіна Доста і Ігар Шпу-дзейка, першае афіцэрскае званне лейтэнанта міліцыі атрымаў Юрый Навасад. Намеснік начальніка УУС аблвыканкама палкоўнік міліцыі Вячаслаў Максімук уручыў пагоны адразу шасці жабінкаўцам (выпадак адметны). З ягоных рук за паспяховую працу Ганаровую грамату ўпраўлення атрымаў маёр міліцыі Віктар Дзяркач, грамату – маёр міліцыі Аляксандр Іваноў, падзякай УУС адзначаны старшы прапаршчык міліцыі Юрый Елізаранка.
Са свайго боку старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі ўручыў Ганаровую грамату райвыканкама капітану міліцыі Алегу Дусю.
Акрамя таго, як адзначалася на выніковым пасяджэнні, значны ўнёсак у працу раённага аддзела прафесіяналаў сваёй справы – начальнікаў падраздзяленняў Ігара Пастушына, Вячаслава Шаноева, Андрэя Мядзведзя, Вікторыі Раецкай, сярод супрацоўнікаў сваёй адказнасцю вылучаюцца Сяргей Галоўчык, Андрэй Казулька, іншыя. Выступоўцы шчыра жадалі калегам надзейна стаяць на варце правапарадку, мацаваць маральныя і фізічныя сілы дзеля нялёгкай, але такой патрэбнай справы, як абарона правапарадку. Як адзначыў пры гэтым выконваючы абавязкі намесніка начальніка аддзела РАУС у ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні маёр міліцыі Яўген Самускевіч, у райаддзеле пастаўлена задача па ўзмацненні прафілактыкі, асаблівая ўвага ў другім паўгоддзі будзе скіравана на ўзаемадзеянне міліцыі з насельніцтвам усіх узроставых груп.
Анатоль РОСТАЎ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro