Запрашаем на “Спораўскія сенакосы”!

Запрашаем на “Спораўскія сенакосы”!

original

13 жніўня ў вёсцы Высокае Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці пройдуць “Спораўскія сенакосы” – спаборніцтвы па ручным сенакашэнні нізінных балот. Гэта адзіны падобнага роду чэмпіянат у Беларусі, што стаў традыцыйным і адбудзецца сёлета ў 10-ы раз. Гэта па-сапраўднаму відовішчнае, вясёлае і займальнае мерапрыемства, якое спрыяе адраджэнню і захаванню ручнога сенакосу, што з’яўляецца неад’емнай часткай гістарычнай культурнай спадчыны (нагадаем, 2016-ы абвешчаны Годам культуры) і прыносіць карысць балотам.
Не дзіўна, што чэмпіянат праходзіць менавіта ў заказніку “Спораўскі” – унікальным комплексе нізінных балот не толькі на Брэстчыне, але і ў Еўропе. Зарастанне балот хмызняковай расліннасцю прыводзіць да зменаў і згубы ўнікальных экасістэм і іх насельнікаў – раслін і жывёл, шматлікія з якіх занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Ужо некалькі гадоў у заказніку вядзецца актыўная работа па аднаўленні балот, пры дапамозе механізаванага сенакашэння былі адноўлены многія сотні гектараў іх. Свой пасільны ўклад у выратаванне “лёгкіх Еўропы” ўносяць і касцы – удзельнікі спаборніцтва.
Сёлетні ХI чэмпіянат Еўропы па ручным сенакосе пройдзе на міжнародным узроўні. У ім прымуць
удзел каля трох дзясяткаў каманд з розных рэгіёнаў рэспублікі, а таксама з далёкага і блізкага замежжа (Расіі, Украіны, Польшчы, Германіі). Нагадаем: у склад каманды ўваходзяць два ўдзельнікі, якія павінны мець уласныя косы і дадатковыя інструменты для іх абслугоўвання. Правілы спаборніцтваў даволі простыя. Каб стаць пераможцам у камандным заліку, дуэту касцоў неабходна хутчэй і лепш за ўсіх (вызначаецца і максімальная чысціня ўкосу) пракасіць паласу шырынёй 3 метры і даўжынёй 100 метраў. Па выніках каманднага першынства лепшыя касцы стартуюць на 100-метровай дыстанцыі з шырынёй пракосу 1,5 метра ў асабістым заліку. Прадугледжаны дадатковыя спаборніцтвы для ўдзельнікаў і гасцей чэмпіянату. Колькасць іх заўсёды разнастайная – гэта людзі розных прафесій і ўзростаў (ад 18 гадоў і старэйшыя за 60), усё актыўней удзельнічаюць жанчыны. Традыцыйна фаварытамі еўрапейскага першынства лічацца беларусы, якія гучна заявілі пра сябе ў папярэднія гады; на нацыянальным узроўні – каманды з Бярозаўскага і Драгічынскага раёнаў. Не выключана, што назапашаным вопытам удзелу ў папярэдніх чэмпіянатах скарыстаюцца ўжо згуртаваныя калектывы, а можа, і хтосьці на правах пачаткоўцаў уклініцца ў барацьбу з фаварытамі. У любым выпадку, чэмпіянат пройдзе ў зацятай і прыгожай барацьбе.
У трэці раз у Беларусі адбудуцца спаборніцтвы па футболе на балоце. Склад каманды – 5 палявых гульцоў і варатар (не больш за тры запасныя гульцы). Мяч сапраўдны футбольны, у гульні два таймы па 13 хвілін.
Сёлета будзе арганізаваны і праведзены ў некалькі этапаў фотаконкурс “Беларуская касавіца”. На фестывалі адбудзецца фінальная выстава работ, журы вызначыць і адзначыць пераможцаў у розных намінацыях.
Да спаборніцтваў па кашэнні і футболе на балоце дапускаюцца ўдзельнікі (не маладзей за 18 гадоў), каманды, якія пацвердзілі свой удзел з 20 ліпеня па 5 жніўня 2016 года па тэл. (801643) 222-31, e-mail: rbz.sporovskij@gmail.com;
rbz_sporovskij@tut.by — заказнік “Спораўскі”. Пытанні супрацоўніцтва і даведкі па тэлефоне (801643)222-31.
Запрашаем гасцей фестывалю прайсціся па экалагічнай, выбрукаванай у балоце сцежцы, навучыцца вызначаць жывёл, якія насяляюць спораўскія балоты, на спецыяльна абсталяванай наглядальнай вышцы.
Арганізатары “Спораўскіх сенакосаў – 2016” прадугледзелі таксама і забаўляльную праграму: будзе працаваць дзіцячая інтэрактыўная пляцоўка, арганізаваны выставы-продажы сувеніраў і вырабаў рамеснікаў, работа выязнога гандлю. Пачатак у 10.30. Уваход свабодны! Прыязджайце на “Спораўскія сенакосы”!
Вадзім ПРАТАСЕВІЧ,
дырэктар рэспублі-канскага біялагічнага заказніка “Спораўскі”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro