Заседание райисполкома

Заседание райисполкома

На апошнім у 2010 годзе, снежаньскім пасяджэнні райвыканкама было разгледжана 8 пытанняў. Аб праекце бюджэту на сёлетні год далажыў начальнік фінансавага аддзела А.П.Грыгарчук, аб плане работы выканкама на 2011 год — начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы — С.У.Озальс, аб ходзе выканання мэтавага паказчыка энергазберажэння і раённай праграмы энергазберажэння на 2010 год — намеснік старшыні райвыканкама А.В.Шалтанюк.
Затым на абмеркаванне быў вынесены блок пытанняў сельскагаспадарчай тэматыкі. Перад тым, як заслухаць інфармацыю аб праграме развіцця і падтрымкі асабістых дапаможных гаспадарак грамадзян на 2011 — 2015 гады, старшыня райвыканкама М.В.Токар, падкрэсліў, што святы абавязак кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, мясцовай улады дапамагаць і садзейнічаць вяскоўцам, якія трымаюць жыўнасць, садзяць агародніну. “Гэта нашы людзі, — заўважыў Мікалай Васільевіч, — і калі ім не выдзяляецца зямля, тэхніка, грош цана вашай рабоце. Усё, што робіцца для вяскоўцаў ,робіцца для нас усіх ,у прыватнасці, забяспечваецца праграма харчовай бяспекі краіны”. Цяпер дзяржава праз “Белаграпрамбанк” дае льготныя крэдыты грамадзянам для вядзення асабістых дапаможных гаспадарак. Праўда, жабінкаўцы такую прапанову не спяшаюцца скарыстаць. Выканкам адобрыў праграму, вызначаны мерапрыемствы яе рэалізацыі, адказныя выканаўцы, а таксама абгавораны эканамічна мэтазгодныя аб’ёмы вытворчасці асноўных відаў сельгаспрадукцыі гаспадароў уласных падворкаў.
Выканкам разгледзеў, наколькі эфектыўна працуе жывёлагадоўчая галіна: нарошчваецца вытворчасць ялавічыны, узнаўляецца статак, захоўваецца маладняк, прыбаўляе ў вазе жывёла. За 11 месяцаў 2010 года вытворчасць (вырошчванне) буйной рагатай жывёлы склала ў сельгаспрадпрыемствах 4251 тону, у суткі маладняк на дарошчванні і адкорме папраўляецца на 679 грамаў (плюс 19 грамаў да мінулагодняга перыяду). З-за зніжэння колькасці скаціны на адкорме вырашчана толькі на 0,3% яе больш узроўню 2009 года. Прычына зніжэння адкормачнага пагалоўя – павелічэнне аб’ёмаў  рэалізацыі мяса і непрадукцыйнае выбыццё (1300 галоў). Адзначалася, што мала прыбаўляе ў вазе жывёла ў СВК “Надзея-АГРА”, ПУАП “Азяты”, СВК “Арэпічы”, “Шпіталі”, а ў СВК “Вазнясенскі” гэты паказчык самы нізкі ў раёне — 574 г. Вытворчасць ялавічыны ў лістападзе склала толькі 96,5% да ўзроўню 2009 года. Яна стратная для гаспадарак раёна.
Каб выйсці на больш выніковую работу, прынята рашэнне комплекс “Рачкі” КУСП “Саўгас “Жабінкаўскі”, зрабіць асноўным мясным цэхам. Тым больш, тут завершана рэканструкцыя блока на 500 галоў, вядзецца аднаўленне водазабеспячэння і паветраабмену. Пасля завяршэння ўсіх работ на комплексе можна будзе ўтрымліваць 2400 галоў. Як паведаміў дырэктар саўгаса “Жабінкаўскі” І.А.Кужко, дзякуючы зладжанай працы калектыву, гаспадарка больш усяго ў раёне рэалізуе мяса, і наогул, жывёлагадоўчая галіна дае ім 82% прыбытку.
Каб укамплектаваць комплекс “Рачкі” маладняком, патрэбна дапамога ўсіх сельгаспрадпрыемстваў раёна. Таму выканкам паставіў задачу з кожнай гаспадаркі прадаваць КУСП “Саўгас “Жабінкаўскі” жабінкаўцам у сярэднім па пяць цялят у месяц. Нельга не сказаць, як аднесліся да такой ідэі кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў. Трэба лічыць, што старшыня СВК “Рагазнянскі” А.В.Семянюк, які ўзяў слова, шчыра выказаў думку іх усіх: Рашэнне правільнае”. Дырэкцыі КУСП “Саўгас “Жабінкаўскі” даручана давесці на комплексе “Рачкі” сярэднесутачныя прыбаўленні ў вазе жывёлы не менш чым 900 г, а сярэднездатачную вагу адной галавы 500 і больш кілаграмаў.
Выканкам разгледзеў вынікі правядзення агляду гатоўнасці рамонтна-абслугоўваючай базы сельгаспрадпрыемстваў да работы ў зімовых умовах для падрыхтоўкі машынна-трактарнага парка на вясенне-палявых работах. Першае месца ў аглядзе заняў СВК “Падлессе-АГРА”, другое — СВК “Шпіталі”.
Прынята рашэнне аб правядзенні дзяржаўнага тэхнічнага агляду трактараў, меліярацыйных, дарожна-будаўнічых, і сельскагаспадарчых машын з 1 сакавіка да 1 жніўня 2011 года ў адпаведнасці з зацверджанымі графікамі. Для яго правядзення створана камісія.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top