У госці да “арлянят”

У госці да “арлянят”

IMG_4449 IMG_4462 IMG_4474Чым запомніцца адпачынак у лагеры “Арляня” для некалькіх соцень хлопчыкаў і дзяўчынак? Мо, шэптам высокіх соснаў, паветрам, напоеным лясным водарам, зарадкамі на світанку, смачнымі абедамі ў сталоўцы, цікавымі знаёмствамі з аднагодкамі, амаль дарослым жыццём без мамы і таты? А яшчэ знаёмствам з людзьмі ў пагонах, якія нядаўна завіталі да юных адпачываючых з усёй Брэстчыны.

Аляксандра Сівухіна, участковы інспектар інспекцыі па справах непаўнагадовых нагадала хлопчыкам і дзяўчынкам, што летнія канікулы – узнагарода ім за доўгі навучальны год, таму трэба з карысцю адпачываць, і зусім не абавязкова забаўляцца на праезджай частцы, біць вокны суседзям, купацца ў незнаёмых месцах, сварыцца і парушаць закон.
Потым перад дзецьмі выступіў старшы эксперт Кобрынскага МРА дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Юрый Саўчук. Малыя ўважліва слухалі маёра юстыцыі. Ім было цікава даведацца, што эксперты могуць выявіць сляды бачныя (напрыклад, калі злачынца патаптаўся на будоўлі і засталіся адбіткі абутку на зямлі). Менавіта такі гіпсавы злепак Юрый Анатольевіч прадэманстраваў дзецям), а таксама нябачныя. Каб выявіць апошнія, у ход ідуць іншыя сродкі – дактыласкапічныя парашкі, ідэнтыфікатары скрытых выяў і інш. Малеча здзіўлена вохкала, калі эксперт датыкаўся пальцам да бялюткага аркуша паперы, потым пасыпаў спецыяльным парашком. Самыя смелыя маглі змахнуць мяккім пэндзлікам лішні парашок і бачылі, як праяўляўся адбітак пальца. Такі “фокус” з праявамі спадабаўся ўсім. У спецыяльным чамаданчыку Юрыя Саўчука было многа прыстасаванняў, усё гэта дзецям дазвалялася пабачыць, а да некаторых рэчаў нават дакрануцца.
Тое, што прывёз з сабою камандзір аддзялення Жабінкаўскага РАУС
Віталь Іванюковіч: бронекамізэльку і ахоўны шлем – хлопчыкам і дзяўчынкам дазвалялася нават прымераць. Дзеці адзначылі, што спецыяльная амуніцыя ахоўнікаў правапарадку занадта цяжкая…
Начальнік Жабінкаўскай ДАІ Андрэй Мядзведзь расказаў дзецям, чым зай-маецца іх служба, яшчэ раз нагадаў ім правілы паводзін на дарогах, а самым цікаўным дазволіў уключыць сірэну, мігалкі і пагаварыць у дынамік у спецыяльнай машыне.
Бадай, “цвіком” праграмы-сустрэчы з праваахоў-нікамі стала выступленне кінолага з раённага аддзела Дэпартамента аховы Рамана Баранчука і яго выхаванца – аўчаркі Лонга. Разумны сабака паслухмяна і дакладна выконваў усе элементы курса дрэсіроўкі, а потым з неймавернай хуткасцю дагнаў умоўнага злачынцу (яго ролю выконваў Аляксандр Алясюк) і намертва ўчапіўся зубамі ў рукаў спецыяльнай ватоўкі. “Знялі” сабаку са “злачынцы” толькі разам з ватоўкай… Раман расказаў дзецям, што ягонаму чатырохлапаму памочніку амаль 5 гадоў, ён вельмі кемлівы і паслухмяны, дапамог раскрыць некалькі злачынстваў. А ў час, калі сабака не на службе, ён з задавальненнем дэманструе свае ўменні перад дзіцячымі калектывамі. Некаторыя малыя пажадалі мець такога вартаўніка і сябра. Магчыма, пасля гэтай сустрэчы нехта з непасед захоча звязаць сваё жыццё са службай, якая, як у песні спяваецца, “…и опасна, и трудна”? Час пакажа. А зараз галоўнае, каб сказанае людзьмі ў пагонах засталося ў памяці юных “арлянят”, каб яны правільна паводзілі сябе на вуліцы і дома.
Святлана Бяляк.
На здымках: пад час сустрэчы ў аздараўленчым лагеры “Арляня”.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro