Няма важней і надзейней, як сям’я

Няма важней і надзейней, як сям’я

IMG_4603 IMG_4612 IMG_4643Сям’я – гэта нашы таты і мамы, бабулі і дзядулі, сястрычкі і брацікі. Калі ў гэтым вялікім сямейным коле ёсць час не толькі для таго, каб быць уважлівымі, клапатлівымі, але і паспяваць рабіць як мага больш дабра ў гэтым свеце, такое заслугоўвае захаплення, надае сэнс жыццю. А яшчэ гэта месца, напоўненае шчасцем і спакоем, дзе чалавек вучыцца марыць, дасягае вышыняў у працы. І ствараюць гэтую трываласць мужчына і жанчына – тыя дзве ноты, без якіх струны чалавечай душы не даюць правільнага сямейнага акорда, які дапамагае раскрыць унутраны свет, творчыя магчымасці чалавека.

Амаль 780 гадоў 8 ліпеня праваслаўныя ўшаноўваюць святых князёў Пятра і Фяўронню Мурамскіх, заступнікаў сямейнага шчасця, любові і вернасці.
Традыцыйна ў гэты дзень і ў нашым раёне праводзіцца святочнае мерапрыемства, ініцыіруе якое тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Пад час яго галоўнымі ўдзельнікамі з’яўляюцца шматдзетныя сем’і. Такіх, дарэчы, у раёне пражывае 370, дзе выхоўваюцца непаўнагадовыя дзеці, у 298-мі з іх трое, у 48 – чацвёра, у 24 – пяцёра і больш. Самая вялікая сям’я жыве ў Старым Сяле Азяцкага сельскага Савета. Алена Мікалаеўна і Анатоль Віктаравіч Збойчакавы гадуюць дзявяцера дзяцей.
Месцам правядзення сёлетняй урачыстасці была танцавальная зала гарадскога Дома культуры, дзе сабраліся шматдзетныя сем’і Чмуневічаў, Пятрэнкаў, Якавукоў, Фёдаравых, Макаедаў, Брэнькаў, Прыймачукоў, госці ўрачыстасці.
Заўважу, што сёлета сказаць шчырае слова сем’ям прыйшлі дабрачынны цэркваў Жабінкаўскай акругі, настаяцель Свята-Пакроўскага храма г. Жабінка Сергій Петрусевіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Наталля Карпук і дырэктар Жабінкаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Раіса Мышкавец.
Пасля цёплых слоў вядучай Таццяны Грыцук, удзельніцы тэатра гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі”, усе прысутныя паглядзелі мультфільм пра Пятра і Фяўронню, іх прыгожае каханне, вернасць і моцны сямейны саюз, дзе жонка і муж памерлі ў адзін дзень.
Першай вітала сем’і дырэктар ТЦСАН Раіса Макараўна Мышкавец. Яна сказала:
– Пацвярджэннем прэстыжу мацярынства з’яўляецца ўзнагароджванне найбольш дастойных шматдзетных жанчын Беларусі ордэнам Маці, якога ўдастоены на Жабінкаўшчыне 32 матулі. Праводзімая ў краіне сацыяльная палітыка садзейнічае жанчыне напоўніцу ўвасабляць сваё прадвызначэнне – выгадаваць і выхаваць здаровых і шчаслівых дзяцей. Важнай формай падтрымкі сем’яў з маленькімі хлопчыкамі і дзяўчынкамі з’яўляецца забеспячэнне іх першыя два гады жыцця бясплатным харчаваннем. Летась такую дзяржаўную падтрымку ў раёне атрымлівалі 60 сем’яў, а ў іх 81 дзіця. На гэта было зрасходавана 279,3 мільёна рублёў. Сёлета такой дапамогай на агульную сумму 127,8 мільёна рублёў забяспечана 57 дзетак.
Малазабяспечаным сем’ям з дзецьмі аказваецца і адрасная сацыяльная дапамога. Штомесячную сацыяльную сёлета атрымліваюць 54 сям’і, на што патрачана 422,6 мільёна рублёў. Аднаразовая сацыяльная дапамога назначана 61 сям’і, на яе выдаткавана 91,3 мільёна рублёў.
Праводзімае свята прысвячалася, як вядома, любові, вернасці. Віталіся тыя, хто пражылі ў шлюбе доўгае, шчаслівае жыццё. Менавіта для іх і гасцей урачыстасці прагучала песня “Ты ляці, мая душа” ў выкананні Аксаны Пракошынай і Валерыя Няменьшага.
Далей пачалося знаёмства з сем’ямі, каб прыадчыніць таямніцы дзіўнага свету загадкавай і малавывучанай планеты пад назваю “Сям’я”. Мамы і таты, хлопчыкі і дзяўчынкі дзяліліся веданнем захапленняў і навыкаў кожнага, у прыватнасці, кулінарных здольнасцяў; расказвалі, як пазнаёміліся іх бацькі, як адпачывае сям’я летам, пра любімы колер матулі, старэйшыя распавядалі, пра што мараць іх нашчадкі, пра іх любімыя святы, дзе іх любяць праводзіць… З дапамогай міні-інтэрв’ю ўсе госці больш даведаліся пра віноўнікаў урачыстасці, дзе шчасце пануе ў сем’ях. А што ж такое шчасце? Несумненна, шчаслівы той, хто можа займацца любімай справай, кахае і каханы, мае сям’ю, у якой прыжыліся ўзаемапаразуменне і згода, дзе чуецца дзіцячы смех.
Цёплыя словы сем’ям сказалі дабрачынны цэркваў Жабінкаўскай акругі, настаяцель Свята-Пакроўскага храма г. Жабінка Сергій Петрусевіч і старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Наталля Карпук. Яны выказалі задаволенасць, што на Жабінкаўшчыне ёсць людзі, у якіх добрае і чулае сэрца, якія любяць і радуюцца дзеткам, надзелены вернасцю, чысцінёй, цярпеннем, умеюць стварыць у сям’і ўтульнасць, душэўны спакой.
Айцец Сергій уручыў кожнай сям’і кнігу пра беларускіх святых і блаславіў на шчаслівае жыццё.
Як вядома, любое свята не абыходзіцца без падарункаў. Былі яны і на гэты раз. Кожная сям’я атрымала сертыфікат на пакупку тавараў і прадуктаў у магазінах ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”, камплект пасцельнай бялізны, а дзеці – шакаладкі. Такое стала магчымым, дзякуючы шчырым, міласэрным, добразычлівым людзям, якія стараюцца несці радасць не толькі ва ўласную сям’ю, але і ў іншыя. Мецэнатамі сустрэчы сталі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама, які ўзначальвае Вера Бортнік, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на чале з дырэктарам Раісай Мышкавец, райкам прафсаюза работнікаў АПК, дзе старшыня Наталля Карпук, і раённая арганізацыя Фонду міру, якую ўзначальвае Любоў Ярмашук.
У заключэнне аповеду хачу пажадаць, каб сумесны шлях гэтых сем’яў, дый наогул усіх, што жывуць на Жабінкаўшчыне, быў асвечаны святлом цудоўнай і шчаслівай любові вялікіх святых Пятра і Фяўронні.
Людміла КОСЦІНА.
Фота Святланы БЯЛЯК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top