Медыякрок у будучыню

Медыякрок у будучыню

IMG_4852У чацвер, 14 ліпеня, у сярэдняй школе №3 Жабінкі адбылася знакавая для райцэнтра падзея – прэзентацыя вынікаў ініцыятывы “Медыя – Ваш новы інструмент!”

Яе ўнікальнасць заключаецца ў тым, што гэта першая беларуская медыягрупа на базе рэгіянальнай установы адукацыі. А таксама адзіная ініцыятыва ад Жабінкаўскага раёна, якая была падтрымана ў рамках 1-га Конкурсу мясцовых ініцыятыў праекта ЕС/ПРААН «Спрыянне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь. Яна накіравана на садзейнічанне развіццю сацыяльных медыя і стварэнне гарадскога інтэрнэт-партала, на якім жыхары Жабінкі змогуць размяшчаць відэаматэрыялы, нататкі аб сацыяльных праблемах горада, а таксама дзяліцца сваёй творчасцю.
Непасрэднымі яе ўдзельнікамі выступілі вучні і педагогі СШ №3 г. Жабінка. На працягу шасці месяцаў яны знаёміліся з асновамі і прынцыпамі відэавытворчасці. Трэнерамі і экспертамі медыягрупы выступалі рэжысёр, дырэктар мінскай “Майстэрні сацыяльнага кіно” Андрэй Палупанаў, польскі тэлепрадзюсар і журналіст Павел Квасьнеўскі, менеджар у сферы культуры Надзея Ількевіч, рэжысёр і трэнер Станіслаў Турко.
Адкрываючы мерапрыемства, кіраўнік раёна адзначыў, што дзякуючы рэалізацыі дадзенага праекта пра Жабінкаўшчыну як прывабны рэгіён даведаюцца ва ўсёй краіне. “Гарадскія ўлады адкрыты для ініцыятыў, прапаноў, ідэй, будучыня райцэнтра залежыць ад яго жыхароў, ад актыўнасці і ініцыятыўнасці моладзі, ад ўзаемадзеяння грамадскасці з органамі ўлады”, – сказаў Дзмітрый Мікалаевіч. Ён выказаў спадзяванне, што ініцыятыва “Медыя – Ваш новы інструмент!” пакладзе пачатак новым праектам, і падзякаваў прадстаўнікам ЕС/ПРААН за садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні, культурна-інфармацыйнай установе “Майстэрня сацыяльнага кіно”, аддзелу адукацыі, спорту і турызму Жабінкаўскага райвыканкама, кіраўніцтву трэцяй школы г. Жабінка, педагогам, вучням, іх бацькам і асабіста Канстанціну Вараб’ю за ідэю ініцыятывы, падмацаваўшы словы Падзякай райвыканкама.
Каардынатар па тэрытарыяльна арыентаваным развіцці ў рамках праекта ПРААН Наталля Яфрэменка павіншавала ўсіх жабінкаўцаў з перамогай у 1-ым Конкурсе мясцовых ініцыятыў. У ім прымалі ўдзел 722 ініцыятывы практычна з усіх раёнаў нашай рэспублікі, адабраны і прафінансаваны былі 62, у тым ліку і “Медыя – Ваш новы інструмент!”. “Яна ўразіла нас сваёй арыгінальнасцю і смеласцю ідэі, таму журы прагаласавала “за”, – сказала Наталля Васільеўна. – Упэўнена, што развіццё медыяпрасторы стане каталізатарам для развіцця раёна і прынясе свае плады ў выглядзе новых ідэй”.
У час мерапрыемства ўдзельнікі праекта прэзентавалі некалькі відэаролікаў, тры дакументальныя фільмы і адно гульнёвае кіно на сацыяльную тэматыку, а таксама пазнаёмілі прысутных з канцэпцыяй новага гарадскога інтэрнэт-партала. Апошні павінен дастойна прадставіць наш горад і раён, паказаць іх магчымасці, багатую спадчыну, традыцыі і тым самым прывабіць гасцей, турыстаў і інвестараў.
Каардынатар ініцыятывы Канстанцін Варабей падкрэсліў важнасць і неабходнасць інтэрнэт-партала Жабінкі для вядзення дыялогу паміж гарадскімі ўладамі і мясцовымі жыхарамі.
Трэнер вучэбнай групы Андрэй Палупанаў пахваліў усіх за цудоўную работу і адзначыў, што за паўгода ўдзельнікі праекта дасягнулі цудоўных вынікаў, прыклалі шмат намаганняў, каб зрабіць немагчымае магчымым. Па выніках вучобы навучэнцы і педагогі СШ №3 – рэалізатары ініцыятывы “Медыя – Ваш новы інструмент!” – атрымалі сертыфікаты.
Напрыканцы мерапрыемства быў падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Жабінкаўскім райвыканкамам і “Майстэрняй сацыяльнага кіно” з мэтай развіцця і ўмацавання супрацоўніцтва ў сферы культуры, адукацыі і моладзевай палітыкі.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота Святланы КІСЛАЙ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro