Два крылы на дзве краіны

Два крылы на дзве краіны

Красевская 2

У раённай бібліятэцы адбылася сустрэча з берасцейскай паэткай Любоўю Красеўскай.

Любоў Мікалаеўна – сябра Саюза пісьменнікаў Расіі і Беларусі. Нарадзілася Любоў Красеўская (на здымку) ў вёсцы Маісееўка Краснаярскага краю ў Расіі. Дзяцінства прайшло ў Хакасіі, у таёжным пасёлку Туім. Скончыла Абаканскае педагагічнае вучылішча і Вышэйшую прафсаюзную школу культуры Ленінграда. Працавала ў Палацах культуры Чарнагорска і Краснаярска. У 1989 годзе пераехала з Сібіры ў Беларусь – на радзіму сваіх продкаў. Першыя вершы Любові Мікалаеўны былі апублікаваны на старонках газеты “Черногорский рабочий” у 1982 годзе. Цяпер яна аўтар двух паэтычных зборнікаў “С любовью о любви” і “На два голоса”. Да друку рыхтуецца новая кніжка паэткі, якая будзе мець назву “Та самая сила”.
Пра сябе і сваю творчасць Любоў Мікалаеўна расказвала вершаванымі радкамі, празаічнымі ўстаўкамі карысталася рэдка.
Вершы пачала пісаць у пяцігадовым узросце.
Прыгажосць навакольнай прыроды: горы, пячоры, стэп, хакаскія курганы і тайга, побач з якімі расла дзяўчына, аказалі вялікі ўплыў на яе ўнутраны свет, далі штуршок для паяўлення вершаваных радкоў. Потым у творах паэтка не раз успомніць сваю малую радзіму, па якой заўсёды сумуе. Любоў Мікалаеўна ўпэўнена, што менавіта родныя мясціны даюць чалавеку душэўную моц і сілу. І дзе б ён потым ні жыў, яго душа ўсё роўна застаецца там. Поруч з вершамі пра Хакасію гучалі творы і пра другую радзіму паэткі – Беларусь, аб якой яна гаворыць з любоўю і пяшчотай і звязвае з ёю надзею на будучыню. Так, душа яе засталася ў Сібіры, а сэрца ад-дадзена сінявокаму краю. Існуе меркаванне, што ў чала-века не можа быць дзвюх радзім, у Любові Красеўскай яны ёсць: Расія і Беларусь.
Расказала Любоў Мікалаеўна, што вельмі любіць падарожнічаць, у самалётах за сваё жыццё правяла больш за месяц, амаль столькі ж на вадзе. Пабывала ў многіх рэспубліках былога Савецкага Саюза – цяпер краінах СНД. Актыўна наведвае міжнародныя фестывалі: мастацкай творчасці “С Россией в сердце” ў Смаленску, расійскіх суайчыннікаў замежжа “Русская песня” ў Маскве – з’яўляецца іх лаўрэатам. Сярод апошніх – XVI Міжнародны фестываль славянскай паэзіі на Разаншчыне, дзе нарадзіўся Сяргей Ясенін.
У 2007 годзе ў Даніі Любоў Мікалаеўна атрымала прэмію рускамоўнага часопіса “Новый берег” за глыбокае і шчырае развіццё тэмы Радзімы. У нямецкім Вісбадэне ў 2008-ым стала пераможцай Міжнароднага паэтычнага конкурсу “Мир – твоя колыбель”. Паэтка пабывала ў многіх гарадах Польшчы, у музеі-сядзібе Юзафа Ігнацы Крашэўскага ў Раманаве, удзельнічала ў фестывалі “Вернуться в Россию стихами и прозой”, які праходзіў у старажытным гарадку Слупск Гданьскага ваяводства.Уражанні ад такіх паездак адкладваюцца ў памяці і нават праз гады адгукаюцца рыфмамі. Дарэчы, паэтка перакладае польскіх аўтараў.
Любоў Мікалаеўна адказала на шматлікія пытанні аматараў паэзіі, што прысутнічалі на сустрэчы. У прыватнасці іх цікавіла, як нараджаюцца вершы, аб чым перш за ўсё важна сказаць аўтару ў сваіх творах, што спрыяе натхненню, без чаго не можа быць паэта, чыя творчасць найбольш блізкая, чаму менавіта такія назвы атрымалі яе зборнікі і многія іншыя.
Юных паэтаў, што былі ў зале і якія сябруюць з рыфмамі; яна запрасіла ўдзельнічаць у моладзевым рэспубліканскім конкурсе “Мы рождены для вдохновенья” і пажадала ім жыць так, каб было пра што пісаць, расказваць, успамінаць.
Алёна НІКАНЧУК.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro