Такой разный Новый год

Такой разный Новый год

Ужо звыш 1000 гадоў у Японіі існуе прыгожая традыцыя: у дзень, калі на зямлю кладзецца першы снег, губернатары спяшаюцца ў сталіцу, каб паднесці дары імператару. Гэтая падзея абавязкова трапляе ў летапісы Краіны Узыходзячага Сонца. Таму і зараз, напрыклад, вядома, што ўзіму 1010/1011 года першы снег выпаў у Японіі 5 снежня. Назіранні за надвор’ем праводзіліся не толькі на далёкіх астравах. Прыгадаем, якімі былі ў гісторыі гады, што заканчваліся на дзве адзінкі.
911 ГОД. На Захадзе з’явілася вялікая зорка ў выглядзе кап’я, што палічылі прадвеснікам нядобрых часоў. Дый не памыліліся. У бліжэйшыя гады Еўропа моцна мерзла ўзімку, а ўлетку сохла так, што ў пору было пакласці зубы на паліцу.
1011 ГОД. Жудасная зіма. Замёрз Басфорскі праліў. Людзі цярпелі, кутаючыся ў цёплыя адзежы. Цяжэй было кракадзілам, паколькі замёрз Ніл!
1111 ГОД. 11 лютага ў Кіеве адбылося вось што: “Прыйшоў стоўп вогненны ад зямлі да неба, а маланка асвяціла ўсю зямлю і ў небе прагрымела ўначы, і ўсе бачылі”. Нешта падобнае бачылі і армяне: “Сярод ночы з неба хлынула маса полымя на возера Ван, хвалі загучалі жудасна і кінуліся на бераг, і зямля задрыжала, утварыліся трэшчыны жудаснай глыбіні”.
1211 ГОД. Звесткі рускіх летапісцаў нагадваюць зводкі вайсковых дзеянняў. Ноўгарад: вялікі пажар сярод засушлівага лета. Пскоў: мароз пабіў хлеб. Растоў: горад згарэў амаль ушчэнт. А Заходнюю Еўропу зімой замарозіла і заснежыла.
1311 ГОД. У маі, чэрвені, ліпені шугавалі пажары ў Вялікім Ноўгарадзе, вынішчаючы драўляны горад. Агонь, падхоплены ветрам, рабаваў багацееў і бедакоў, папоў і нехрысцяў, бажкоў і чарцей. “О, гора, браты, — пісаў сівы летапісец, — люты быў пажар з ветрам і віхурамі”.
1411 ГОД стаў выключэннем. Яго абмінулі ўвагай старадаўнія хронікі: для летапісцаў-журналістаў, няма сенсацыі — няма й падзеі. “Не цікава” псаваць дарагі пергамент, калі ўсё абышлося без маланак і грому, землятрусу ці вялікай вады…
1511 ГОД. На многія рускія гарады абрынулася эпідэмія, што пагнала людзей у лясы — прэч ад бяды.
1611 ГОД і без прыродных катаклізмаў быў неспакойным. Смутны час. Бойкі паміж Літвой-Беларуссю і Масковіяй. Гарэў Смаленск, узарваны ад 50 бочак з ліцвінскім порахам.
1711 ГОД. Украіну спусташыла саранча. Аднак бяда не ходзіць адна. За пражэрлівымі божымі стварэннямі прыйшлі засуха, а следам і голад. Рака Нява спынілася, пакрытая лядовым панцырам ужо 26 кастрычніка, а праз два тыдні рэзка пачалася адліга.
1811 ГОД. Зіма сцюдзёная (і не толькі ў студзені). Яе змянілі спякота ды сухмень, калі ў Еўропе за два месяцы не выпала і кроплі дажджу. Дняпро так абмялеў, што яго пераходзілі ўброд гусі і людзі. 20 ліпеня ў Саксоніі тэрмометр падскочыў да адзнакі ў +35 градусаў — рэкорд за сто гадоў. Па Расіі, Украіне пракацілася агнявіца: нават на Волзе згарэў тузін караблёў!
1911 ГОД. У першыя два месяцы бушавалі буры на Чорным моры. Снежна, холадна было ў Крыме, на Доне і Каўказе. За вясну-лета таксама не атагрэліся. Не толькі Волга абмялела — хлебныя палі “абмялелі”. Яшчэ горш было ў Індыі, прыдушанай голадам. У ліпені-жніўні — бясконцыя дажджы ад Лодзя да Екацярынбурга. У лістападзе газеты перадавалі са Злучаных Штатаў: “Вялізныя градзіны біліся аб маставую і шыбы, разрываліся на кавалкі з такім трэскам, што гэта падавалася на стрэлы з пісталета”. А ў Вятцы першы снег выпаў… 25 жніўня!!!
Напрыканцы нагадаем, што ўзімку 2010/2011 года першы снег у Жабінцы выпаў яшчэ восенню — 21 кастрычніка, і новы год пачынаецца з вялікага снегу.
А.РОСТАЎ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top