У прыярытэтах – фізічная актыўнасць

У прыярытэтах – фізічная актыўнасць

аэробика

Згодна з меркаваннем наконт таго, што пасля працоўнага дня жанчын дома чакае другая змена: патрэбна гатаваць, мыць, прыбіраць… Гэты пералік можна прадаўжаць бясконца. За хатнімі клопатамі зусім не застаецца хвілінкі-другой для сябе любімых, каб павышываць, паглядзець кінафільм, пагартаць часопіс, схадзіць у басейн ці трэнажорную залу. І шчаслівыя тыя, хто ўсё ж знаходзіць час для сваіх захапленняў. З такімі давялося пазнаёміцца, і мне імпануе, што ў іх жыццёвых прыярытэтах – фізічная актыўнасць, якая дае жаноцкасць, прыгажосць і здароўе.

Спартыўна-аздараўленчы гурток, што дзейнічае на базе гарадскога Дома культуры і якім кіруе Ірына Румко, наведваюць жанчыны, каму за 30. Два разы на тыдзень на працягу гадзіны пад рытмічную музыку яны выконваюць розныя практыкаванні, якія накіраваны на ўмацаванне мышцаў рук, ног, спіны, робяць спартыўныя, танцавальныя, акрабатычныя элементы, якія не паўтараюцца, а плаўна змяняюцца. Крышачку адпачылі пасля заняткаў жанчыны і расказалі, чаму кожны панядзелак і чацвер яны прыходзяць сюды, для чаго гэта ім патрэбна.
Наталля Бакун, настаўнік-дэфектолаг трэцяй гарадской школы:
– Пайшоў дзявяты год, як я наведваю заняткі. Пасля нараджэння чацвёртага дзіцяці прыкметна папаўнела, хатнія клопаты зацягвалі, тады вырашыла: трэба штосьці мяняць у жыцці. Калі сыночку споўніўся годзік, пайшла вучыцца на правы і… запісалася да Ірыны Феафанаўны ў гурток. Праз некаторы час заўважыла, што вага зніжаецца, я вяртаюся ў звыклыя формы. Мае рэкордныя кілаграмы, ад якіх пазбавілася, – 20. Калі бачыш вынік сваіх намаганняў – настрой і самаадчуванне паляпшаюцца. Але чалавек па сваёй натуры слабы і лянівы, бывае, што і цяпер за каўнер цягну сябе на заняткі ў надзеі: а можа, іх сёння не будзе?! Калі ж пазаймаюся, залу пакідаю з пачуццём радасці і задавальнення – я гэта зрабіла! У думках хвалю сябе – якая я ўсё ж малайчына!
Вікторыя Кафанава, супрацоўнік “Беларусбанка”:
– Калісьці я танцавала ў “Каруначках”, цяпер на рэпетыцыі калектыву ваджу сваіх дзетак – дачушку Кацю і сыночка Андрэйку. Сама ж ужо другі год наведваю спартыўна-аздараўленчы гурток. Як бачыце, з Ірынай Феафанаўнай наша сям’я на працягу многіх гадоў і творча супрацоўнічае, і сябруе. Я па сабе чалавек актыўны, рухомы, заняткі вельмі падабаюцца. Пад час іх адчуваю дастатковую мышачную нагрузку і, як вынік, – прыліў сіл, бадзёрасці. Практыкаванні накіраваны на развіццё гнуткасці, пластычнасці, якія з гадамі страчваюцца. Ірына Феафанаўна сочыць за іх выкананнем, калі што не так – робіць заўвагі, дапамагае. З першай да апошняй хвіліны яна разам з намі – задае тон на занятках, дэманструе элементы, а мы раўняемся на яе.
Наталля Бялых, урач-педыятр:
– Убачыўшы, якія метамарфозы адбываюцца пасля наведвання гуртка з маёй калегай Ірынай Астроўскай, якую проста не пазнаць – у форме, падцягнутая, заўсёды ў добрым настроі, з усмешкай – вырашыла: пачынаю займацца. Тым больш, што практыкаванні выконваюцца пад музыку, а я заўсёды любіла танцаваць. Наведваю заняткі з лютага, бачу перамены і ў сабе: знізілася вага, змянілася асанка, паходка, палепшыўся настрой – жыву на пазітыве! Перагледзела і харчаванне: ужываю больш агародніны, у ранішнім меню – кашы, саладосцяў як мага менш. Рана ці позна за сябе трэба брацца. Тым, хто стане на сцяжынку фізічнай актыўнасці, раю: купіце вагі і назірайце, як змяншаюцца кілаграмы. Убачыце: усё, што робіце, – не дарма, і добры настрой вам забяспечаны. Праверана на сабе.
Вольга МАЛЧАНАВА, галоўны бухгалтар СП “Каспол”:
– На маім рахунку ўсяго некалькі заняткаў, цяжкавата пакуль, пасля першых двух балела ўсё (смяецца). Але пакідаць не збіраюся, буду займацца далей. Спрабавала дома – не тое, у калектыве, разам зусім іншая справа: ёсць ахвота, жаданне, час бяжыць непрыкметна. Падабаюцца нашы размінкі, практыкаванні на расцяжку. Эфект ад заняткаў бачны на наступны дзень: адчуваецца пад’ём жыццёвых сіл, павышаецца працаздольнасць. У планах скінуць лішнія кілаграмы і пачуваць сябе лепш. Шкадую толькі аб адным – што раней сюды не прыйшла.
Своеасаблівы вынік гутаркі падвяла Ірына Феафанаўна Румко: “Кожнай жанчыне важна як мага надалей зберагчы прыроднае здароўе, прыгажосць і маладосць, на гэта і накіраваны нашы заняткі. Бачыце, хоць і стаміліся дзяўчаты, але пасміхаюцца, а ўсмешкі, як вядома, падаўжаюць жыццё”.
На здымку: наведвальніцы спартыўна-аздараўленчага гуртка да заняткаў гатовы.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro