Дарогамі баявой маладосці

Дарогамі баявой маладосці

памяцьСонечным майскім ранкам ехаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Фёдаравіч Зазуля са мною і ўнукамі Валянцінам і Аляксандрам на польскую зямлю, якую вызваляў ад фашысцкай навалы ў 1944-1945 гадах.
Менш за гадзіну дарогі – і перад намі прапускны пункт на беларуска-польскай мяжы. Шматлікія ваенныя ўзнагароды, у тым ліку ордэны Славы і Айчыннай вайны, Чырвонай Зоркі на грудзях ветэрана прыцягнулі ўвагу маладых памежнікаў, бо не кожны дзень ім даводзіцца бачыць сведкаў і ўдзельнікаў тых гераічных падзей. Калі даведаліся аб мэце паездкі, пагранічнікі і мытнікі пажадалі яму шчаслівай дарогі.
Польская зямля, вёсачка Нямірава, што раскінулася на тым беразе Буга. У цэнтры яе – касцёл, а ад яго ў розныя бакі разбягаюцца ціхія, у бэзавай квецені вулачкі.
Памяць вяртае ветэрана ў маладосць. Тут, у Няміраве, 18-гадовы Валодзя Зазуля пачынаў настаўнічаць. І вось цяпер, праз столькі гадоў, майскай раніцай сустрэўся ён, былы настаўнік, са сваімі вучнямі, якім ужо па семдзесят, а таксама з сяброўкаю юнацтва – Рэгінаю. Бачылі б вы, якая была сустрэча! Колькі было ўспамінаў аб тых шчаслівых днях маладосці!
22 чэрвеня 1941 года чорнаю хмараю з-за Буга прыйшла навала і размежавала іх жыццё на перадваеннае і ваеннае.
Лінія фронту кожны дзень аддалялася на ўсход, і не было іншага выйсця маладому настаўніку, як вяртацца ў родную вёску на Пружаншчыну. Выйшаў з Нямірава на шашу, і адразу ж спынілі немцы. Пасыпаліся пытанні: “Хто ты? Куды ідзеш?” Каб упэўніцца, ці не рускі “зольдат” перад імі, сарвалі кепку з галавы і, калі ўбачылі ягоную стрыжку, паверылі, але сцягнулі з ног хромавыя боты, пашытыя мясцовым майстрам, адабралі скураны партфель. Афіцэр на ломанай рускай мове сказаў: “У рукі зброю не бяры. Інакш будзеш расстраляны…”
На трэці дзень дабраўся Валодзя дадому. У роднай вёсцы гаспадарылі гітлераўцы. Дома ён стаў апорай для маці і дзвюх малодшых сясцёр, як адзіны мужчына ў сям’і. А калі ў сорак чацвёртым Чырвоная Армія вызваліла ад фашыстаў Брэстчыну, ён добраахвотнікам (хоць меў браню, як настаўнік) пайшоў на фронт. Успаміналася ўсё гэта за гасцінным сталом ва ўтульным дворыку ў Няміраве ў цеснай кампаніі польскіх сяброў. На развітанне быў зроблены фотаздымак аб сустрэчы.
Далей наш шлях ляжаў да Віслы, у тыя мясціны, дзе на лёс У.Ф. Зазулі выпалі цяжкія выпрабаванні. Дарога ў 250 кіламетраў не паказалася надта доўгай, бо вока радавалі і свежая зеляніна лясоў, і чысценькія польскія вёсачкі з квяцістымі палісаднікамі.
Чым бліжэй да Віслы, тым больш трывожна на сэрцы ветэрана. “Ці пазнаю тыя мясціны – столькі часу прайшло!”, – гаварыў ён. Пад’язджаем да мястэчка Казяніцы, за ім – Вісла і яе прыток Радамка. Менавіта тут у сорак чацвёртым давялося трымаць абарону. Больш за тры месяцы вяліся жорсткія баі. Паліта гэтая зямля крывёю такіх, як ён, 20-гадовых хлопцаў. Успомніліся твары сяброў-аднапалчан, тых, з кім галадаў і мёрз у ледзяных траншэях 44–45-га. “Загінулых сяброў хавалі ля старога лесу”, – расказваў Уладзімір Фёдаравіч.
Цяжкімі франтавымі дарогамі прайшоў Уладзімір Зазуля праз усю Польшчу, фарсіраваў Одэр, а калі да Берліна заставалася кіламетраў сорак, быў цяжка паранены.
Дзень Перамогі сустрэў у шпіталі ў горадзе Казань. З параненым Рыгорам Дулевічам з вёскі Рагозна, што ля Жабінкі, сышоўся вельмі блізка. Многа гадоў прайшло з той пары, але памяць не давала спакою: па начах сняцца франтавыя сябры і тыя цяжкія ваенныя дарогі. Стаяў ветэран на беразе ціхай Віслы, і скупая сляза пабегла па шчацэ: “Дзякуй табе, лёс, што пакінуў мяне жыць”.
Многа перамен убачыў у той дзень Уладзімір Фёдаравіч. Зарубцаваліся раны зямлі, над Віслай чыстае неба, наўкола зялёны квяцісты луг, польская дзетвара гуляе на беразе, а на месцы старога лесу – электрастанцыя. Жыццё працягваецца.
Ад мясцовых жыхароў мы даведаліся, што загінулых у гэтых месцах перазахавалі на могілках у Радаме, і наш шлях працягваецца менавіта туды. Вось і могілкі на ўскраіне горада, абеліск, мемарыяльная дошка. Сярод тых, хто пахаваны ў Радаме – Ілля Клімук, бацька першага касманаўта з Беларусі і Мацвей Бензярук, жыхар Жабінкаўскага раёна.
Уладзімір Фёдаравіч прывёз сюды прыгаршчы беларускай зямлі. Спіце, франтавыя сябры. Вы аддалі свае жыцці дзеля спакою на зямлі. Нізкі паклон вам ад усіх жывых.
Майскае сонца хаваецца за гарызонт. Увечары мацнее водар кветак, і заціхае ў душы боль успамінаў. Вяртаецца ветэран дамоў на Беларусь і вязе з сабой ваду з мірнай Віслы.
Галіна ПАСЮК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro