Двойчы два – чатыры

Двойчы два – чатыры

Валянціна дзесяць гадоў таму на нашым з Яўгенам вяселлі злавіла букет нявесты. Крыху збянтэжаная, яна круціла ў руках нечаканы падарунак лёсу і ўсміхалася. А праз чатыры месяцы, акурат перад Пакровамі, калі ў нашай краіне адзначаецца Дзень маці, Валянціна ў шлюбнай сукенцы, шчаслівая, кружылася ў танцы з любімым маладым чалавекам. Госці радаваліся за прыгожых маладых, зычылі сям’і Гурыных шчасця, здароўя, дабрабыту, узаемапаразумення і многа дзетак.

IMG_3237Восенню Мікалай і Валянціна адзначаць 10-гадовы юбілей сумеснага жыцця – ружовае вяселле. Здаецца, у іх ёсць усё, чаго зычылі госці ў дзень заключэння шлюбу: ёсць прасторная трохпакаёвая кватэра з усімі выгодамі, аўтамабіль, а самы галоўны набытак сям’і Гурыных – дзеці. Іх чацвёра: трое сыночкаў для таты і лапуля-дачка для мамы. Самы старэйшы з дзяцей Паша. Яму 8 гадоў, восенню пойдзе ў 3-ці клас. Надзейцы споўнілася 7. Радуецца, што добра закончыла першы клас і можна адпачыць: канікулы ж! Максімку два з паловай годзікі. Ён мае тытул “самага ранняга дзіцяці года”, бо нарадзіўся 2 студзеня і нават атрымаў падарунак ад Жабінкаўскага загса. Мішутка з брацікам нарадзіліся ў адзін год, але з розніцай у 11 месяцаў. Вось гэта сапраўдныя пагодкі! У свае 1,7 годзіка ўмее настойліва адварочвацца ад кашы і любіць “наводзіць” парадак у шафах.
Як спраўляецца маладая мама з гэтай малышнёй? Я прапанавала Валянціне не проста адказаць на пытанні, а пагуляць у асацыяцыі. Называю слова – а яна расказвае, з чым яно асацыіруецца.

Распарадак дня

Для меншых яго няма. Раніцай старэйшых паднімае, рыхтуе сняданак і адпраўляе ў школу тата, потым едзе ў Брэст на работу. Ён разумее: мне раніцай трэба крыху паспаць, асабліва, калі ў малодшых зубкі рэжуцца, павышаецца тэмпература або захварэе хто, і ноч была неспакойная, з “канцэртамі без заяўкі”. Днём адпачыць не выпадае: апоўдні вяртаюцца са школы старэйшыя, трэба пакарміць, праверыць урокі і адвесці на гурткі-секцыі, а яшчэ, пакуль меньшыя спяць, прыгатаваць абед.

Харчаванне

Гатую адразу на ўвесь дзень. Стараюся, каб у меню было мяса, гародніна, рыба, малочныя прадукты. Люблю выпякаць. Бюджэтны і сытны варыянт – пірог з яблыкамі. Галоўнае маё патрабаванне да страў – каб яны былі разнастайныя і свежыя.

Нельга

Дзеці гэтае слова ведаюць выдатна, хаця стараюся прамаўляць яго нячаста. Нельга рваць шпалеры, маляваць на іх, малодшым заходзіць у пакой старэйшых дзяцей (бо на паліцах стаяць каштоўныя і з дробнымі дэталямі цацкі і самаробкі.

Любімая фраза

Стараюся старэйшым як мага часцей казаць “Я табою ганаруся”, а меншым – “Я цябе люблю”. Гэтыя словы дзейнічаюць намнога лепей, чым татава папруга…

Выхаванне

У выхаванні мы прымяняем сістэму бонусаў. Хочаш нешта атрымаць – зарабі. Калі за дзень не было заўваг у школе і з хатнім заданнем, старэйшыя атрымліваюць 1 бал. У канцы тыдня яны маюць магчымасць іх патраціць. Напрыклад, пагуляць у тэлефоне 20 хвілін (камп’ютар у нас пад строгай забаронай). Дзеці любяць ездзіць у кафэ за “бонусы”. Аднак яны “згасаюць”, калі сыны і дачка забываюць пра свае абавязкі або сварацца між сабою, і хлусяць.

Рэўнасць

Яе проста няма. Да ўсіх адношуся аднолькава, не выдзяляю некага больш. Старэйшы Павел мой першы памочнік – і памперсы заменіць, і пераапране меншых, і бутэлечку падасць. Надзейка, як яго адлюстраванне, намагаецца ўсё за ім паўтараць. Спадзяюся, яна стане не толькі маёй памочніцай, але і сяброўкай.

Характары

Розныя. Паша – дабрак па натуры, вельмі любіць дзетак. Увесь вольны час ён побач з меншымі. Аднак і вельмі ранімы, усе няўдачы прымае блізка да сэрца. Надзя, як сапраўдная лэдзі, любіць круціцца ля люстэрка ў прыхожым убрані. Яе любімы выраз “банцікі-боцікі-бусікі”. У магазінах яна сама выбірае тканіны, з якіх просіць пашыць сукенкі. Здзіўляюся часам яе ўнутранаму пачуццю прыгожага і густу. З яе атрымаецца мадэльер або візажыст. На чатыры гады папрасіла падарыць ёй духі. Праўда, гэта пакуль пад забаронай. Надзейцы, у адрозненне ад уседлівага Пашы, вучоба даецца лягчэй. Абодва займаюцца танцамі ў “Каруначках”, плаваюць у басейне “Бадзёрасці”, у свабодны час плятуць з бісеру, а Паша ў ЦТДіМ яшчэ і малюе. Максім, як і Паша, таксама ранімы, ён і знешне з ім вельмі падобны, але больш настойлівы ў дасягненні мэты – напрыклад, калі трэба забраць цацку ў Мішы або дабіцца паглядзець любімыя мульцікі пра машынкі.

Бюджэт

Хаця наш тата штодня трымае ў руках мільёны грошай (ён працуе ў банку), у сям’і распараджаюся бюджэтам я. Аплачваем камунальныя паслугі, усе гурткі, на рынку закупляем прадукты (крупы, макароны, мяса, рыбу), сёе-тое з вопраткі і абутку, бо дзеці растуць. У кватэры з мэблі ўсё ёсць.

Прыгажосць

Не выйду на вуліцу, калі не “намарафечуся”. Так, я ў дэкрэтным адпачынку, але гэта абсалютна не азначае, што не трэба сачыць за сабой. Я мама і жонка і павінна добра выглядаць.

Традыцыя

У нашай сям’і прынята дзецям на дні нараджэння рабіць торцікі з малюнкамі, якія выказваюць перавагі імянінніка. Былі, напрыклад, “Грыбок”, “Залатая рыбка”, “Нямнямыч”. Таксама мы робім кожнаму дзіцяці таўшчэзны фотаальбом, у якім захоўваюцца самыя яскравыя моманты яго жыцця да года.

Дзеці навучылі…

…жыць іх інтарэсамі. Мне зусім не цікава корпацца ў пясочніцы і пляткарыць з іншымі мамачкамі, дый часу на гэта няма. Затое я ведаю сяброў дзяцей, усе падзеі, якія адбыліся з імі ў школе, на занятках. Ведаю, хаця зусім не ўмею плаваць, назвы ўсіх відаў плавання, а таксама нарматывы для іх узросту… Летась мы шмат падарожнічалі: былі ў Мінску ў парку Чалюскінцаў, Батанічным садзе, пабывалі ў Мірскім, Нясвіжскім, Косаўскім палацах, а сёлета з’ездзілі ў Баранавіцкі музей чыгуначнай тэхнікі. Паверце, юны ўзрост – зусім не перашкода для падарожжаў! Каляску ў багажнік – і наперад!

Мэта

Хочацца, каб нашы дзеці раслі дружна. Старэйшым стаўлю задачу ва ўсім быць лепшымі – у вучобе, плаванні, танцах. Хачу Надзю навучыць вязаць і шыць – гэта ў жыцці дзяўчынцы абавязкова спатрэбіца. Плануем купіць ёй швейную машынку. Увогуле, нашы дзеці не адчуваюць сябе ў нечым абдзеленымі: у іх ёсць ролікавыя канькі, веласіпеды, мячы і дарагія мабільныя тэлефоны – усё, што мае дзіця, якое расце ў сям’і адно.

Адпачынак

Гэта “мамін дзень”. Я таксама чалавек, і мае нервы не стальныя. Я проста іду да кумы, і мы гуляем па горадзе, ходзім па магазінах. Тата ў гэты час выдатна спраўляецца з дзетварой. Таксама бабуля Святлана часта выручае.

Каханне

Я шчаслівая, бо маё шчасце – дзеці і муж. Разумею хваляванне маёй мамы: ёй хацелася б майго кар’ернага росту (я маю дзве вышэйшыя адукацыі, і муж Мікалай – таксама), а тут – пялюшкі-паўзункі і рэцэпты дзіцячай кухні. Крыўдна бывае чуць: “Нараджала дзяцей, навошта столькі?” Чамусьці склаўся балючы стэрэатып: трэцяга нараджаюць з-за кватэры, чацвёртага, бо засцерагацца не ўмеюць. А ў нас многа прыгожых, паспяховых сем’яў. Кожнае наша дзіця – жаданае і любімае.
Я ўпэўнена, што нашы сыны і дачка атрымаюць усё тое, што ім трэба, знойдуць свой шлях у жыцці. Дзеці – гэта радасць, якая заўжды з табою, сэнс жыцця, а яшчэ – эліксір маладосці.
Гутарыла Святлана БЯЛЯК.
На здымку: Валянціна Міхайлаўна ГУРЫНА са сваімі дзеткамі: Паўлікам, Мішкам Максімкам і Надзейкай.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top