“Трэба падымаць імідж сацыяльнага работніка…”

“Трэба падымаць імідж сацыяльнага работніка…”

IMG_8202На мінулым тыдні ў Жабінкаўскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адбыліся чарговыя заняткі “Школы сацыяльнага работніка”. Такіх руплівіц ва ўстанове 72, і асноўная іх задача – атуліць увагай і клопатам пенсіянераў, каб яны не адчувалі сябе адзінокімі, а жылі паўнавартасным жыццём.
На занятках “Школы…” прысутнічалі на гэты раз прадстаўнікі ўлады: намеснік старшыні камітэта працы, занятасці і сацыяльнай абароны Брэсцкага аблвыканкама – начальнік упраўлення занятасці насельніцтва Жанна Стаціўка і начальнік упраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароны Жабінкаўскага райвыканкама Любоў Селівонік.
Першы “ўрок” на тэму “Прафілактыка алкагалізму. Жаночы алкагалізм” правяла ўрач-нарколаг Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Аліна Місюра. Яна адзначыла, што на ўліку ў райцэнтры знаходзяцца каля 700 асоб, якія злоўжываюць алкагольнымі напоямі, з іх амаль 200 жанчын. Страшна, калі ў сям’і выпівае бацька, і ўдвая страшней, калі ў чарку штодзённа заглядвае маці. Такія жанчыны перастаюць сачыць за сабой, за дзецьмі, дэградуюць і “апускаюцца”. Важна не праходзіць міма такіх суседак, знаёмых, а пастарацца ім дапамагчы або паведаміць урачу-нарколагу пра факты жаночага алкагалізму. Аліна Уладзіміраўна падкрэсліла, што планавае супрацьалкагольнае лячэнне пацыента абыходзіцца бальніцы ў 259000 рублёў у дзень, а выратаванне пацыентаў гэтай катэгорыі ў рэанімацыі – 2214753 рублі ў дзень. Пагадзіцеся, лічбы ўнушальныя.
Галоўная медсястра раённай бальніцы Наталля Спіцына прачытала цікавую і змястоўную лекцыю па асабістай гігіене. Для сацыяльных работнікаў гэта вельмі актуальная тэма, таму што многія іх падапечныя – адзінокія пажылыя людзі, якія жывуць у дамах без камфортных умоў або з’яўляюцца інвалідамі ці ляжачымі ў выніку перанесенага інсульту, іншай хваробы. Пытанне падтрымання іх асабістай гігіены стаіць вельмі востра.
Наталля Мікалаеўна адказала на шматлікія пытанні прысутных, што датычыліся падрыхтоўкі хворага пажылога чалавека да лячэння ў бальніцы, атрымання лекаў па рэцэптах, іншыя. Сацыяльныя работнікі ТЦСАН скардзіліся, што даводзіцца штомесяц атрымліваць рэцэпты на пэўныя лекі для тых, каго яны даглядаюць, і дзеля гэтага траціць каштоўны час на чэргі ў паліклініцы, хацелася б, каб пасведчанне сацыяльнага работніка давала ім права праходзіць без чаргі. Наталля Спіцына адказала, што гэтае пытанне не ў яе кампетэнцыі, таму карэспандэнт раёнкі звярнулася па адказ да галоўнага ўрача райбальніцы Анатоля Лаўрукевіча. Анатоль Іванавіч патлумачыў, што ўрачам ЦРБ рэкамендавана прымаць сацыяльных работнікаў без чаргі, але калі ў чарзе сядзяць хворыя з высокай тэмпературай, цяжкахворыя, то прыярытэт, безумоўна, будзе аддадзены ім. А работнікам сацыяльнай службы галоўны ўрач раіць прыходзіць па льготныя рэцэпты для сваіх падапечных (якія, дарэчы, выпісваюцца хвілін 15-20) у гадзіны вячэрняга прыёму, калі наплыў людзей меншы, і запасціся цярпеннем і разуменнем сітуацыі.
Іншыя пытанні, адрасаваныя ўжо прадстаўнікам улады, тычыліся дастаўкі няякаснага торфабрыкету адной з жыхарак Залуззя, рамонту печаў адзінокіх пажылых людзей, спраўнасці іх пажарных апавяшчальнікаў, а таксама заработнай платы сацыяльных работнікаў.
Жанна Уладзіміраўна Стаціўка расказала, што больш як шэсць гадоў яе працоўнай біяграфіі былі звязаны з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна горада Брэста, дзе яна займала пасаду дырэктара.
– Безумоўна, трэба падымаць імідж сацыяльнага работніка, – сказала яна. – Ва ўсім свеце гэта праца неабходная і пачэсная, трэба імкнуцца да гэтага і ў нас. Заработная плата наколькі магчыма павышаецца. Вы ж усе разумееце складаныя эканамічныя ўмовы ў краіне. Аднак неабходна памятаць, што крызіс – з’ява часовая.
Любоў Фёдараўна Селівонік растлумачыла, хто мае права на атрыманне адраснай дапамогі на кожнага школьніка ў сям’і, якая складае сёлета 500 тысяч рублёў.
Заняткі “Школы…” прайшлі ў форме шчырага, давяральнага дыялогу і далі адказы на многія пытанні.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro