Моладзевы савет аб’яднаў ініцыятыўных

Моладзевы савет аб’яднаў ініцыятыўных

Згодна з рашэннем Федэрацыі прафсаюзаў, у нашым раёне ўтварыўся моладзевы савет Жабінкаўскага аб’яднання прафсаюзаў. У яго склад увайшлі 10 маладых людзей ва ўзросце да 35 гадоў, з вышэйшай адукацыяй, якія ўжо дасягнулі пэўных вышынь на сваіх рабочых месцах, могуць і хочуць дабіцца лепшых перамен у жыцці, творчыя і натхнёныя. Яны – прадстаўнікі самых розных прафесій і арганізацый раёна. Напрыклад, Віктар Гардзіцкі ў свае 27 год ужо інжынер у Жабінкаўскім раёне электрасетак. Ганна Заяц рупіцца тэхнікам-тэхнолагам на цукровым заводзе, а Валерый Прахаровіч – інжынерам-праграмістам на камбікормавым. Юрый Якубук – брыгадзір пуці на чыгунцы, Яўген Кляўзо – майстар абаненцкай службы ў ЖКГ. Ірына Кузьміцкая – намеснік галоўнага бухгалтара ў райбальніцы, а Вольга Войнаш – намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада №4. Ганна Макавецкая – загадчыца аўтаклуба, аднак яе больш ведаюць як салістку ГДК. Алена Акуліч у райвыканкаме разбіраецца са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб. У складзе моладзевага савета таксама і аўтарка гэтых радкоў.
Старшыня Жабінкаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніна Калыбская паклікала ўсіх на першую сустрэчу, каб мы мелі магчымасць больш даведацца адзін аб адным, вырашыць арганізацыйныя пытанні і здзейсніць экскурсію па раёне.
Прынамсі, менавіта з яе і пачалася наша сустрэча. Цікавай і пазнаваўчай для многіх з нас аказалася паездка на мехдвор СВК “Рагазнянскі”. Усіх уразілі ўмовы, створаныя тут для механізатараў і рамонтнікаў. Душавыя, раздзявальні, пакоі прыёму ежы і адпачынку, (дарэчы, кабінеты спецыялістаў аснашчаны камп’ютарамі з выхадам у інтэрнэт), дакладны распарадак работы, ідэальная чысціня на тэрыторыі і ў памяшканнях уражваюць і могуць быць прыкладам для пераймання. Старшыня Аляксандр Семянюк, расказваючы аб рабоце калектыву, падкрэсліў:
– Мы даўно забыліся, што такое недахоп кадраў. З п’яніцамі не цацкаемся, недысцыплінаваным і гультаям у “Рагазнянскі” дарогі няма. Тыя, хто працуе сумленна, і зарабляюць няблага. Маладых спецыялістаў падтрымліваем і паважаем, таму пасля “адпрацоўкі” яны не спяшаюцца “ўцячы”, атрымліваюць жыллё, ствараюць сем’і. Наша гаспадарка не крыўдзіць працаўнікоў: большасць даплат і прэмій згодна з калектыўным дагаворам, пра якія даўно забыліся ў іншых сельгаспрадпрыемствах, у нас захаваны. А ўмовы працы для людзей як тут, на мехдвары, так і на фермах “Бусні-1” і “Бусні-1000” створаны не горшыя за еўрапейскія. Мне да-водзілася неаднойчы бываць за мяжой у сельгаспрадпрыемствах, і, скажу, мне не сорамна за наш “Рагазнянскі”.IMG_3276
Затым прадстаўнікі моладзевага савета адправіліся ў гісторыка-экспазіцыйны комплекс развіцця меліярацыі земляў, які знаходзіцца на тэрыторыі Жабінкаўскай ПМК-19. Комплекс пад адкрытым небам, што патанае ў ружах, запоўнены экспанатамі, многія з якіх яшчэ могуць пашчыраваць на карысць меліярацыі. Гэты аб’ект (дарэчы, адзіны на Брэстчыне), мяркуючы па ўсім, хутка стане візітнай карткай райцэнтра, нароўні з цукровым і камбікормавым заводамі. На стадыі завяршэння – экспазіцыйныя залы, размешчаныя ў будынку былой сталоўкі. Тут, ва ўтульнай канферэнцзале, мела працяг пасяджэнне моладзевага савета.
За кубачкам чаю з цукеркамі ў непрымусовай абстаноўцы кожны расказваў пра сябе. Маладыя людзі аказаліся цікавымі суразмоўцамі з далёка ідучымі жыццёвымі планамі. З такімі, як падкрэсліла Ніна Калыбская, можна рэалізоўваць моладзевую палітыку прафсаюза, абараняць сацыяльна-эканамічныя і працоўныя правы маладых рупліўцаў, праводзіць культурна-масавую і спартыўную работу, вырашаць пэўныя сацыяльныя праблемы юнакоў і дзяўчат. Зрэшты, для вырашэння гэтых пытанняў і ствараўся савет раённага аб’яднання прафсаюзаў. Ніна Уладзіміраўна растлумачыла таксама яго мэты, накірункі дзейнасці і структуру. Пад час першага выязнога пасяджэння былі абраны старшыня моладзевага савета Алена Акуліч, яе намеснік Валерый Прахаровіч і сакратар Вольга Войнаш. Ад іх адразу паступіла прапанова стварыць эмблему сваёй арганізацыі, заявіць аб савеце ў сацыяльных сетках і сустрэцца ў бліжэйшы час у палатачным лагеры на спаборніцтвах.
Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top