Спорава – гэта здорава, ці Слёзы ад смеху

Спорава – гэта здорава, ці Слёзы ад смеху

Да ўдзелу ў абласным свяце народнага гумару “Спораўскія жарты”, што ладзілася ў шосты раз у аграгарадку Спорава Бярозаўскага раёна, работнікі культуры Жабінкаўшчыны рыхтаваліся доўга, сур’ёзна, творча, упарта, з вучнёўскай стараннасцю, – словам, з усёй належнай адказнасцю і, вядома ж, з гумарам. А ў тых, хто прэтэндаваў на гэты адказны конкурс, з гумарам усё ў парадку. Кіраўніцтва аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама і работнікі метадычнага цэнтра ў выбары калектыву сышліся ў меркаваннях аднагалосна. Шчасліўчыкамі сталі самадзейныя артысты міні-тэатра песні і гумару “Спявай, душа!” Крыўлянскага СДК. Больш таго, была выказана надзея на годнае выступленне абраннікаў на адным з самых крэатыўных конкурсаў Берасцейшчыны.IMG_8879 Спораўскія жарты
І вось наступіла доўгачаканая субота 18 чэрвеня. У аўтобус пагрузілі неабходны рэквізіт, зручныя сядзенні былі прапанаваны артыстам-канкурсантам, а група падтрымкі наводдаль з павагай і захапленнем пазірала на тых, хто адважыўся абараняць гонар нашага раёна на такім прэстыжным конкурсе.
Дык хто ж гэтыя героі? Творчая група складаецца ўсяго з трох чалавек. Узначальвае міні-тэатр песні і гумару “Спявай, душа!” Леанід Батура, ён жа мастацкі кіраўнік Крыўлянскага СДК. Другі ўдзельнік – дырэктар сельскага Дома культуры ў Крыўлянах Ганна Пілінкевіч, трэці – акампаніятар гэтай жа клубнай установы Сяргей Паўловіч. Усе яны ў культуры бывалыя людзі, добра ведаюць, што такое сапраўдны гумар.
…Мы не ехалі, мы імчаліся туды, у Спорава, дзе нас чакалі. Казачныя летнія пейзажы за вокнамі аўтобуса натхнялі нас.
Прыпынак па дарозе ў Спорава каля вялікага Каменя поспеху, што ва ўрочышчы Дубкі, быў нечаканым, але прыемным. Дарогу раптам перагарадзіў шлагбаум, і ў гэты самы час да нас з усмешкамі паспяшалася вялікая група пераапранутых артыстаў. Аказалася, перасячы местачковую мяжу мае права толькі той калектыў, які за дзве-тры хвіліны здолее давесці да “слёз ад смеху” тых, хто іх перапыніў, і выклікаць прыхільнасць да сябе. Смяшылі кожны па-свойму, спявалі ўсе і вельмі гучна. Думаю, што ў нас гэта атрымалася. Насмяяліся да болю ў жываце, з надзеяй прыклалі да цёплага каменя рукі, загадалі жаданне, і толькі тады, ганарліва і з годнасцю, падняўся шлагбаум, дазваляючы далейшы паход у свет вялікага гумару.IMG_8646 Спораўскія жарты
Аграгарадок Спорава – чысты, зялёны, у святочным строі – сустрэў нас усмешкамі гаспадароў, гасцей і ўдзельнікаў свята, цёплым ветрыкам з боку возера. Калектывы зарэгістраваліся, конкурс абвясцілі адкрытым, надышоў час паглядзець на ўсіх і ацаніць вонкавы выгляд кожнай каманды. Адразу адзначыў: толькі ў адной з 18-ці адсутнічае нават намёк на прысутнасць цыганкі, ці табара, ці Веркі Сярдзючкі – словам, пераапранутых. І гэта, на шчасце, была наша “Спявай, душа!”. Без перабольшвання хачу сказаць, што вобразы інтэлігентных маладых людзей з добрым густам і здаровым гумарам атрымаліся. Жабінкаўцы не толькі адрозніваліся ад іншых удзельнікаў конкурсу, але і ўвесь час прыцягвалі ўвагу гасцей фестывалю. Дзіва што! На шыі ў кожнага быў арыгінальна завязаны шалік нябеснага колеру, злева на грудзях красаваўся вялікі белы гарлачык з чароўнай жабкай, а ў руцэ – сцяжок з гербам Жабінкі. Сціпла? Затое дарэчы. І гэта не ўсё! Пасля абавязковай візітоўкі, у якой прагучала жыццёвае крэда кожнага з удзельнікаў конкурсу, нечакана для ўсіх перад камандай з’явілася прыгажуня-жаба з каронай на галаве, гучна падзякавала гаспадарам за конкурс і запрасіла ўсіх прысутных у “Жабінку на вялікую талаку”.
Святочнае шэсце каманд па цэнтральнай вуліцы было вельмі ўражлівым і скончылася на беразе велізарнага возера. Месца правядзення конкурснай праграмы было выбрана не выпадкова: чыстае паветра, лёгкая прахалода і цудоўныя пейзажы… Менавіта тут і паставілі сцэну.
Нашы артысты павінны былі выступаць у другой частцы конкурснай праграмы, таму нам надарылася магчымасць убачыць узровень падрыхтоўкі папярэдніх каманд-выступоўцаў. Мяне вельмі ўразіў прафесіяналізм некаторых калектываў вобласці, а больш – колькасць артыстаў. Жабінкаўцаў вось толькі трое, а не 15–20 чалавек, як у некаторых камандах.
І вось на сцэне міні-тэатр песні і гумару “Спявай, душа!” з пастаноўкай “У суседняе сяло на дыскатэку”. Зала ў чаканні, група падтрымкі ў хваляванні, журы ў здзіўленні – усяго трое? Кажуць, для артыстаў не важна, колькі іх, куды важней, што яны гавораць, а галоўнае – як гавораць і дзейнічаюць. Менавіта гэты выраз і пацвердзіла паспяховае выступленне нашых канкурсантаў. На першы погляд сюжэт міні-спектакля банальны і не новы. Кінутая маладым чалавекам дзяўчына з дзіцём трапляе на сельскую дыскатэку, дзе і адбываецца своеасаблівы пошук будучага мужа. Творчага ж чалавека падобны выпадак можа натхніць на стварэнне гумарыстычнага спектакля. Што і адбылося. Журы гучна і шчыра смяялася, гледачы апладзіравалі і крычалі: “Жабінка, давай!”
На жаль, наша каманда не змагла прысутнічаць на гала-канцэрце на наступны дзень, дзе аб’яўлялі пераможцаў, бо міні-тэатр і групу падтрымкі 19 чэрвеня чакала “Хмелеўская Сёмуха” ў Хмелеве.
Радасную навіну мы пачулі ў першы дзень Тройцы па тэлефоне. “Міні-тэатру песні і гумару “Спявай, душа!” Крыўлянскага сельскага Дома культуры ўручаецца дыплом ІІ ступені ў намінацыі “Лепшая гумарыстычная праграма” абласнога свята-конкурсу народнага гумару “Спораўскія жарты”, – прагучала ў трубцы. Вось так! Нездарма над нашымі галовамі ў Спораве ўвесь час развяваўся транспарант з адважным дэвізам-заявай: “Сказаў бы і Пушкін, і Маякоўскі, што лепшы раён – гэта наш, Жабінкоўскі!” (назва няправільная, “народная”, затое ў рыфму).
Аляксей ГАРБАЦЮК, метадыст арганізацыйна-метадычнага цэнтра.
На здымках: міні-тэатр песні і гумару “Спявай, душа!” “запальвае” на “Спораўскіх жартах”.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro