Поспехі і стабільнасць залежаць ад кожнага

Поспехі і стабільнасць залежаць ад кожнага

Сваё прафесійнае свята адзначылі работнікі філіяла “Жабінкаўскі” ГУП “Брэсцкая міжраённая гандлёвая база”.

IMG_4070Цяпер спажывецкая кааперацыя – структура, прыярытэтнымі задачамі якой з’яўляюцца вырашэнне сацыяльных праблем насельніцтва, забеспячэнне яго таварамі. Яна ўяўляе сабой шматгаліновую сістэму ўніверсальнага тыпу, якая ўключае гандаль, грамадскае харчаванне, нарыхтоўкі, транспарт, будаўніцтва, знешнеэканамічную дзейнасць. Удзельная вага спажыўкааперацыі ў раёне складае ўсяго 28,5%. Такое яе становішча звязана найперш з шырокім развіццём на Жабінкаўшчыне прыватнага гандлю, блізкасцю ад абласнога цэнтра, прыходам у раён гандлёвай сеткі “Еўраопт”. Паводле вынікаў работы за першае паўгоддзе жабінкаўскія кааператары перавыканалі асноўныя параметры прагнозу эканамічнага развіцця. Так, напрыклад, рознічны тавараабарот за шэсць месяцаў выкананы на 103% супраць 102%, як прадугледжвалася, грамадскае харчаванне рэалізавала насельніцтву прадукцыі, у тым ліку і ўласнай, на 115% супраць 100,5% паводле прагнозу.
Напярэдадні прафесійнага свята работнікі спажыўкааперацыі раёна сабраліся на ўрачыстае мерапрыемства. У госці да іх завіталі старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі, намеснік старшыні камітэта працы, занятасці і сацыяльнай абароны Брэсцкага аблвыканкама – начальнік упраўлення занятасці насельніцтва Жанна Стаціўка, в. а. дырэктара ГУП “Брэсцкая міжраённая гандлёвая база” Ірына Валеева.
Заўважу, вельмі прыемна, што кіраўніцтва, якія б цяжкасці не перажывала спажыўкааперацыя, вынайшла сродкі, каб адзначыць лепшых, арганізаваць салодкі стол.
Першым павіншаваў усіх са святам кіраўнік раёна Дзмітрый Гарадзецкі, які заўважыў, што ў работнікаў спажыўкааперацыі цяжкая праца, але патрэбная лю-дзям. У цяперашні хуткабежны час гаспадыні часцей купляюць такія прадукты, якія максімальна прыбліжаны да гатовага выгляду, а калі й кошт іх прымальны, то тавар разыходзіцца на “ўра”. Так, на Жабінкаўшчыне на аднаго чалавека прададзена прадукцыі на 5,4 мільёна рублёў. Няблага, але менш на 1,9 мільёна рублёў, чым у вобласці.IMG_4059
Таму трэба так працаваць, каб мясцовы пакупнік задавольваў усе свае патрэбы ў гандлёвых кропках спажыўкааперацыі і каб жыхары суседніх раёнаў былі частымі гасцямі ў іх.
Затым Дзмітрый Мікалаевіч уручыў Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта прадаўцу магазіна №70 “Прадукты” вёскі Федзькавічы філіяла “Жабінкаўскі” ГУП “Брэсцкая міжраённая гандлёвая база” Галіне Яфімаўне Небяльчук (на жаль, яна адсутнічала на сходзе, і давялося ехаць на яе месца працы); Пісьмо падзякі – Марыне Мікалаеўне Шылец, нарыхтоўшчыку харчовых паўфабрыкатаў мяснога цэха (дарэчы, ён заўважыў, што Марына – спецыяліст ад Бога, летась ёю было падрыхтавана і рэалізавана такой прадукцыі на 1,5 мільярда рублёў, а сёлета за пяць месяцаў – на 701 мільён рублёў).
Слова ўдзячнасці жабінкаўскім кааператарам на ўрачыстасці сказала і Жанна Уладзіміраўна Стаціўка: “Працу вашу добра ведаю, таму што маладосць мая была звязана з гандлем. Штодня мы бываем у крамах і можам адзначыць перамены, якія ў іх адбываюцца. Абнаўляецца гандлёвае і халадзільнае абсталяванне, пашыраецца асартымент тавараў. Кожны год штосьці будуецца, перабудоўваецца. Канкурэнцыя вымушае шукаць новыя падыходы ў рабоце, адстойваць пакупніка, паляпшаць культуру яго абслугоўвання.
Асабіста я за тое, каб спажыўкааперацыя развівалася. Тым болей, што ў яе магазінах пакупнікамі з’яўляецца неабароненая катэгорыя насельніцтва, што знаходзіцца на надомным абслугоўванні. Ад людзей мудрага, сталага веку мы чуем, што вытрымліваецца асартымент, сельскія прадаўцы выконваюць заяўкі ў поўным аб’ёме, аўталаўкі сталі папулярнымі ў аддаленых вёсках, якія завозяць па заказах і тавары прамысловай групы.
Праца ў вас не з лёгкіх, вы ў пастаянным кантакце з людзьмі, але ўмееце з імі ладзіць. Удачы вам, добрага настрою, дастойных заробкаў і пастаянных кліентаў.”
Пасля цёплых і шчырых слоў віншаванняў прадоўжыўся парад узнагароджванняў лепшых з лепшых ад імя кіраўніцтва ГУП “Брэсцкая міжраённая гандлёвая база”. Ганаровыя граматы і падарункі ці грашовыя заахвочванні атрымалі калектывы магазінаў №13, 50 і 77 у асобах загадчыц Тамары Андрасюк, Алесі Паўлючык, Галіны Шадурскай, аператар ЭВМ Галіна Волк, вадзіцелі Аляксандр Грыцук і Сяргей Несцяровіч, кладаўшчык склада другаснай сыравіны Ірына Галадзюк. Узнагароды ўручалі в.а. дырэктара ГУП “Брэсцкая міжраённая гандлёвая база” Ірына Валеева, старшыня прафкама яе Ларыса Вабішчэвіч і дырэктар філіяла “Жабінкаўскі” Таццяна Масейка.
Урачыстасць паказала, што ад кожнага члена спажыўкааперацыі залежыць агульны поспех і стабільнасць. Прыемным падарункам для гасцей урачыстасці стаў пернік з эмблемай “Белкаапсаюза”, выпечаны мясцовымі кандытарамі, а для кааператараў – салодкі стол, арганізаваны кіраўніцтвам філіяла “Жабінкаўскі”. Такія сустрэчы яднаюць калектыў.
Людміла КОСЦІНА.
Фота Святланы БЯЛЯК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top