Камунальнікаў наведала Жанна Стаціўка

Камунальнікаў наведала Жанна Стаціўка

_DSC859000Традыцыйна на Жабінкаўшчыне быў праведзены інфармацыйна-прапагандысцкі дзень. У ім удзельнічала намеснік старшыні камітэта працы, занятасці і сацыяльнай абароны Брэсцкага аблвыканкама – начальнік упраўлення занятасці насельніцтва Жанна Уладзіміраўна Стаціўка. Яна разам з начальнікам Жабінкаўскага раённага ўпраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароны Любоўю Фёдараўнай Селівонік наведала жыллёва-камунальную гаспадарку раёна, дзе адбылася размова пра функцыянаванне пенсійнай сістэмы, падтрымку найбольш малазабяспечаных катэгорый насельніцтва, пра абарону сям’і і дзяцінства, а таксама пра многае іншае.
Жанна Уладзіміраўна распачала гаворку пра рэалізацыю сямейнай палітыкі на Брэстчыне. У прыватнасці, яна падкрэсліла, што агульны каэфіцыент нараджальнасці летась у вобласці склаў 13,5 на 1000 чалавек насельніцтва супраць 12,6 у рэспубліцы. Найбольш нарадзілася дзетак у Маларыцкім, Столінскім, Брэсцкім, Кобрынскім раёнах і ў абласным цэнтры. Жабінкаўшчына знаходзіцца ў сярэдзіне па гэтым паказчыку. У 2015 годзе, дарэчы, на Берасцейшчыне нарадзіліся амаль 18750 хлопчыкаў і дзяўчынак.
Сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, вядома, аказваецца дзяржаўная падтрымка ў выглядзе дапамогі; працоўных, падатковых, жыллёвых ільгот бацькам і дзецям; сацыяльнага абслугоўвання сям’і.
Думаецца, слухачам было цікава даведацца, што летась у вобласці выплаты ў сувязі з нараджэннем дзіцяці і штомесячныя па доглядзе яго склалі больш як два трыльёны рублёў.
Патлумачыла Жанна Уладзіміраўна Стаціўка, як адбываецца налічэнне такой дапамогі, як сямейны капітал, пры нараджэнні з 1 студзеня 2015 года да 31 снежня 2019 года трэцяга і наступных дзяцей. Калі з залы прагучала рэпліка: “А што, пазней не будуць нара-
джаць?”, яна сказала: “Указ дзейнічае пяцігоддзе, а далей у яго будуць унесены змены”.
Дарэчы, за паўтара года сямейны капітал назначаны ў вобласці чатыром тысячам сем’яў, распараджацца яго сродкамі магчыма пры дасягненні дзецьмі 18-гадовага ўзросту. Выкарыстоўваць датэрмінова іх можна толькі на атрыманне медыцынскіх паслуг, якія аказваюцца арганізацыямі аховы здароўя, у парадку і паводле пераліку, вызначанага Міністэрствам аховы здароўя.
Пэўную ўвагу выступоўца звярнула на малазабяспечаныя і няўдалыя сем’і, якім выдаецца дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога. Яна бывае ў выглядзе штомесячнай і аднаразовай падтрымкі і ў натуральнай форме на прадукты харчавання, вопратку, школьныя прылады. Летась на апошнюю ў вобласці было патрачана 24 мільярды рублёў. Падкрэслівалася, што ёсць матэрыяльная дапамога са сродкаў мясцовых бюджэтаў і дзяржаўнага пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва і ў 2015 годзе аказана на адзін трыльён рублёў, аднаразовая да новага навучальнага года, якую атрымалі больш як 4 тысячы сем’яў на 7 мільярдаў рублёў.
У вобласці працуе 19 тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, на ўліку ў якіх амаль пяць тысяч сем’яў, дзе выхоўваюцца дзеці-інваліды да 18 гадоў, а таксама 1330 асобаў сіроцкай катэгорыі.
Жанна Уладзіміраўна Стаціўка падрабязна расказала пра работу “крызісных” пакояў, пра дзеянне Дэкрэта №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей з няўдалых сем’яў”, пра сацыяльна-педагагічныя цэнтры і іншыя, а таксама адказала на пытанні, якія паступілі з залы. У прыватнасці, пра заработную плату, пра даплаты пенсіянерам пры дасягненне імі 75- і 80-гадовага ўзростаў, пра рэабілітацыйныя сродкі для інвалідаў і іншае.
Былі пытанні і да Любові Фёдараўны Селівонік, на якія яна дала тлумачэнні.
Людміла Вольчык.
Фота Святланы Кіслай.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro