Спасать жизни, несмотря ни на что

Спасать жизни, несмотря ни на что

Ёсць людзі, якія не вельмі мілуюць прадстаўнікоў прэсы. Не таму, што ў іх няма часу або жадання шчыра паразмаўляць аб прафесіі і асабістым жыцці. Справа найчасцей у сціпласці суразмоўніка. Акурат гэтая рыса характару ўласцівая старшаму вадзіцелю райаддзела надзвычайных сітуацый, старшаму прапаршчыку ўнутранай службы Аляксандру Батулі. А між тым ён няўрымслівы ў сваёй рабоце.
Работнік, які любіць сваю справу і пры выкананні яе не лічыцца з часам, мара кожнай арганізацыі. Для выратавальнага падраздзялення гэта ўдвая каштоўна. Чаму? Чалавека можна навучыць тэхналогіям выратавання, папоўніць запас прафесійных ведаў, аднак жа калі ў яго няма жадання і гатоўнасці ў любую хвіліну дапамагчы — вартасці могуць страціць усялякі сэнс.
Старшы прапаршчык Аляксандр Батуля — надзейнае звяно ў нашай камандзе прафесіяналаў. Рэпутацыя стараннага і адказнага чалавека за ім замацавалася даўно. Трэба на дзяжурстве каго замяніць — зразумелая рэч, хтосьці просіць дапамогі — у паветры просьба не павісне.
Службу ў сістэме Міністэрства надзвычайных сітуацый Аляксандр пачаў шафёрам ваенізаванай пажарнай часці 2-га разраду г.Жабінка ў 1993 годзе. Праз год быў прызначаны на пасаду старшага вадзіцеля. Пяццю гадамі пазней стаў дэпутатам Жабінкаўскага сельскага Савета і членам сельвыканкама. Аляксандр зарэкамендаваў сябе: ускладзеная адказнасць умацавала ў ім жаданне дапамагаць людзям і памкненне дабівацца ўсё большых вынікаў. Нездарма ў 2007 годзе яму даверылі ўзначаліць таварыскі суд радавога і малодшага каманднага саставу аддзела.
Работа на пасадзе старшага вадзіцеля пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 раённага аддзела МНС у яго з 2003 года. Стан матэрыяльна-тэхнічнай базы — пытанне, што ніколі з парадку дня не здымаецца. То дах будынка часці трэба перакрыць, то запчасткі для аўтамабіля знайсці, то дапамога сельскагаспадарчай тэхнікай трэба. Узнікала якая-небудзь праблема, і Аляксандр звычайна ўмудраўся вырашаць яе на месцы, зразумела, пры падтрымцы таварышаў па службе. З якой глыбокай павагаю ставіцца ён да іх, так і яны да яго. На таварыстве і ўзаемавыручцы грунтуецца работа выратавальнікаў.
Жабінкаўскі раён не такі вялікі, але ўдзел работнікаў часці ў падтрыманні бяспекі ў вёсцы, у папярэджанні пажараў, навучанні вясковых жыхароў правілам пажарнай бяспекі незаменны. Хай сабе вымагае нямала сілы, настойлівасці, абавязкова — пастаяннасці. Старшы прапаршчык адзін з тых, хто эфектыўна арганізаваў гэтую справу.
Што ўтойваць, аддаўшы маладыя гады на барацьбу з вогненнай стыхіяй, можна пачаць скардзіцца на здароўе ды ўхіляцца ад таго ці іншага адказнага даручэння. Аднак Аляксандр не з тых людзей, якія азіраюцца на аддадзеныя службе гады і шкадуюць аб выбраным шляху. Нават цяпер, пакідаючы службу і выходзячы на пенсію, ён поўны жадання і гатоўнасці прыйсці на дапамогу ў цяжкую хвіліну, засланіць таварыша і самому кінуцца ў бой.
Пытаюся: “Як часта вы чулі слова ўдзячнасці за выратаванне чалавечага жыцця ці матэрыяльных каштоўнасцей, выконваючы свой абавязак?” Аляксандр Батуля без аніякіх хітрыкаў сказаў:
— Чаго там, бывае: столькі сіл і сродкаў траціцца на тое, каб дапамагчы чалавеку, а яму ўсё роўна. Ён ні свайго жыцця не цэніць, ні жыцця блізкіх, ні тых, хто намагаецца яго выратаваць. Ды гэта не дае падставу лічыць, што ўсе намаганні не мелі сэнсу. Можа, нехта з тых, дзеля каго мы рызыкавалі ўласным жыццём, некалі зразумее сваю памылку… Я, словам, задаволены неспакойнай службай, яе нельга забыць, як і сваіх таварышаў.
Упэўнена, што сувязі Аляксандра Батулі з роднаю часцю, якую ён пакідае, не перарвуцца. Як і ў тым упэўнена, што ён не адмовіцца ад грамадскай работы.
Л.ФІЛІМАНЮК, наш няшт.кар.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top