Яе вопыт варты пераймання

Яе вопыт варты пераймання

продавецКооперацияКрыху больш за тыдзень таму жыццё Алены Крыўчэні – вядучага таваразнаўцы гандлёвага аддзела філіяла “Жабінкаўскі” ГУП “Брэсцкая гандлёвая міжрайбаза” карэнным чынам змянілася. 23 чэрвеня, калі ў дзённіку жыцця жанчыны з’явіліся дзве пяцёркі, калектыў урачыста праводзіў яе на заслужаны адпачынак.
Алена Уладзіміраўна яшчэ не прывыкла да таго, што не трэба ўставаць раным-рана, бегчы на працу, вырашаць шматлікія пытанні.
– Які хуткацечны час! – кажа яна. – Здаецца, толькі нядаўна сама маладым спецыялістам прыйшла ў райспажыўтаварыства, а ўжо за плячыма 37 гадоў стажу, і надышоў той момант, калі трэба саступаць месца моладзі.
Алена Уладзіміраўна вяртаецца думкамі ў гады маладосці. (Хаця, на мой погляд, яна і зараз молада і эфектна выглядае, і не скажаш, што гэта жанчына дасягнула пенсійнага ўзросту.) Вось яна пасля 10 класаў Дубровенскай школы, што на Віцебшчыне, паступае ў Полацкае кааператыўнае вучылішча, каб набыць спецыяльнасць прадаўца харчовых і прамысловых тавараў. Пад час вучобы знаёміцца з будучым мужам Анатолем Крыўчэнем, які прывозіць маладую жонку на Берасцейшчыну.
У 1979 годзе маладая сям’я прыехала ў Жабінку, і Алена Уладзіміраўна ўладкавалася на працу ў райспажыўтаварыства прадаўцом камісійнага магазіна, што знаходзіўся на другім паверсе сённяшняй “Бытавой тэхнікі”. Нараджэнне першынца Валянціна на пэўны час перапыніла працоўную дзейнасць, а потым быў шэраг іншых магазінаў, дзе давялося пастаяць за прылаўкам і адшліфаваць прафесійнае майстэрства.
Апошняе патрабавала далейшай вучобы, і Алена Крыўчэня завочна набыла вышэйшую адукацыю ў Гомельскім кааператыўным інстытуце. Атрымала дыплом бухгалтара.
– У перапынку паміж сесіямі нарадзіла другога сына Аляксандра, – жартуе Алена Уладзіміраўна. – Сёння яны мой клопат і гонар. Маю дваіх унукаў чатырох і васьмі гадоў. Я шчаслівая матуля, жонка, бабуля. Мне заўсёды шанцавала на добрых людзей, калег. Удзячна ўсім, у тым ліку Клаўдзіі Мікалаеўне Рагажынскай, Ірыне Уладзіміраўне Шэйка, Яніне Іванаўне Жылко, Дануце Вячаславаўне Верамяюк за падтрымку і парады.
Амаль сорак гадоў прысвяціла Алена Крыўчэня спажывецкай кааперацыі. Змяняліся пасады (працавала прадаўцом, бухгалтарам, загадчыцай гандлёвага аддзела, таваразнаўцам), але не мянялася месца працы (толькі назва нядаўна стала іншай – філіял “Жабінкаўскі” Брэсцкай міжраённай гандлёвай базы).
– Я ўжо не працую, але выкажу пажаданне. Хочацца, каб кіраўнікі спажывецкай кааперацыі ўважліва і хутка рэагавалі на заяўкі магазінаў. Тады і асартымент будзе багаты, і настрой у пакупнікоў добры. Адпаведна, і тавараабарот – належны.
Пасля сустрэчы з Аленай Уладзіміраўнай завітала ў гандлёвы аддзел, дзе яна рупілася апошнія гады вядучым таваразнаўцам.
Начальства і калегі расказваюць пра яе з цеплынёй і павагай. Таваравед Святлана Дзірына, якая каля двух дзясяткаў гадоў працавала поруч з Аленай Крыўчэняй, гаворыць у цяперашнім часе, нібыта яе калега і сяброўка толькі на некалькі гадзін выехала з чарговай рэвізіяй у сельскі магазін.
– Алена Уладзіміраўна заслугоўвае самых высокіх слоў пахвалы. Гэта сапраўдны прафесіянал сваёй справы, яна не толькі ведала ўсё пра тавары, але і выдатна наладжвала адносіны з прадаўцамі і пастаўшчыкамі. А колькі ў яе ўзнагарод за плённую працу! З апошніх – Ганаровая грамата Брэсцкага абласнога саюза спажывецкіх таварыстваў. Працавітая, сумленная, справядлівая, яна заўсёды адказвае за свае словы і ўчынкі, умее слухаць і чуць.
За гады працы Алена Крыўчэня набыла немалы вопыт і з задавальненнем дзялілася ім з маладымі калегамі. Адна з іх – аператар Ала Цесляк – расказала пра Алену Уладзіміраўну як пра свайго старэйшага сябра і настаўніка, добрага і чулага чалавека, пра яе мудрасць і разважлівасць, прамату і гатоўнасць у любую хвіліну прыйсці на дапамогу.
– Ведаеце, Алена Уладзіміраўна – настолькі энергічная, сучасная, ведае ўсе праблемы моладзі, неабыякавая да іх, – дзеліцца малады спецыяліст. – Мы ў яе многаму навучыліся.
Дарэчы, прафесійны вопыт таваразнавец перадала і сваёй пляменніцы Аліне Міронавай.
Начальнік гандлёвага аддзела Вадзім Філіповіч прызнаецца, што, нягледзячы на тое, што Алена Крыўчэня была яго падначаленай, ён прыслухоўваўся да яе слушных заўваг, карысных парад і шмат чаго ў яе пераняў.
– Наш аддзел – сапраўдная каманда, у якой пануе сяброўства і ўзаемападтрымка, зацікаўленасць у агульным станоўчым выніку. І ў многім гэта заслуга Алены Уладзіміраўны, – сказаў ён у заключэнне. – Шкада, што нам давялося расстацца. Аднак, спадзяёмся, што, калі звернемся да калегі па дапамогу, яна не адмовіць. Абяцаем яе не забываць і час ад часу турбаваць. А таксама віншуем з прафесійным святам і жадаем здароўя і доўгіх гадоў жыцця.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымку: Алена Крыўчэня.
Фота Святланы КІСЛАЙ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro