Ветэраны-педагогі наведалі Жабінку

Ветэраны-педагогі наведалі Жабінку

семинар

На мінулым тыдні ў нашым раёне праводзіўся абласны семінар старшыняў раённых і гарадскіх саветаў ветэранаў педагагічнай працы. Прыехала амаль два дзясяткі педагогаў, якія многія гады аддавалі часцінку свайго сэрца дзецям, а цяпер знаходзяцца на заслужаным адпачынку.
Віталі ветэранаў-педагогаў і выказалі ім удзячнасць за шматгадовую працу галоўны спецыяліст абкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ірына Шпак, старшыня абласнога савета ветэранаў педагагічнай працы Яўгенія Топчая, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Галіна Бурко, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніна Калыбская, старшыня раённага савета ветэранаў Анатоль Старыцкі, старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Тамара Барысюк, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталля Урбан.
Прынамсі, як расказала Наталля Мікалаеўна, іх арганізацыя налічвае звыш 200 чалавек, многія ўжо не працуюць у сістэме адукацыі. Таму прафсаюзная арганізацыя намагаецца не пакідаць іх без увагі і сацыяльнай абароны, часцей праводзіць мерапрыемствы з былымі працаўнікамі. Гэта дапамагае ветэранам-педагогам быць у курсе па-дзей, садзейнічае сустрэчам былых калег і прыемным успамінам. Яны – частыя госці піянерскіх злётаў, прыёмаў у шэрагі піянераў і ў БРСМ, вечароў-сустрэч з выпускнікамі, класных гадзін, конкурсаў, сустрэч з маладымі спецыялістамі. Многія ветэраны вядуць актыўны лад жыцця, наведваюць розныя мерапрыемствы, спяваюць у хоры ветэранаў, радуюць пачуццём гумару, здзіўляюць бадзёрасцю і жыццярадаснасцю.
Тамара Дзмітрыеўна Барысюк, старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы, у сваю чаргу падзялілася з калегамі Брэстчыны вопытам прыцягнення педагогаў да грамадска-культурнага жыцця. Напрыклад, штогод былыя педагогі, якія адзначылі 80-,85-, 90-гадовы юбілей, атрымліваюць падарункі ад аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама , райкама прафсаюза і калектыву ўстановы, у якой працаваў юбіляр. Так , у Жабінкаўскай спецшколе-інтэрнаце на прафсаюзным стэндзе штомесяц вывешваецца спіс ветэранаў-імяніннікаў, па-
значаны іх нумары тэлефонаў і ўсе жадаючыя могуць павіншаваць ветэрана-педагога з днём нараджэння. Ветэранам працы ў СШ №3, якія з’яўляюцца сябрамі прафсаюза, прафкам уручае падарункі да Дня настаўніка, Новага года, віншуе з Днём жанчын і Днём Перамогі. Не забываюць аб ветэранах працы і ў іншых калектывах. Савет ветэранаў з’яўляецца ініцыятарам розных культурна-масавых мерапрыемстваў. Скажам, былыя педагогі пабывалі на святочным канцэрце ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь, на экскурсіях у Каменцы, Кобрыне, гісторыка-краязнаўчым музеі ў в.Сяхновічы, Пятровіцкім лясніцтве і інш. Напачатку мая былая настаўніца школы-інтэрната Раіса Маргевіч правяла змястоўную экскурсію па горадзе, падзялілася дзіцячымі ўспамінамі і расказала, якой яна запомніла Жабінку напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны.
Падчас семінара былі абмеркаваны надзённыя пытанні дзейнасці. Па агульным меркаванні, такое згуртаванае калектыўнае вызначэнне і абмяркоўванне праблем – самая эфектыўная работа.
Пасля ўдзельнікаў семінара чакала насычаная культурная праграма. Усе пераселі ў аўтобус і праехалі па цяністых вулачках Жабінкі. Многія з гасцей былі тут упершыню і адзначылі ўтульнасць і чысціню райцэнтра, а таксама ўдалае спалучэнне “старога” горада і новабудоўляў.
Потым ветэраны-педагогі мелі магчымасць пакланіцца іконе “Боскай Маці Чанстахоўскай”, якая мае 600-гадовую гісторыю і знаходзіцца ў Хмелеўскім Спаса-Праабражэнскім манастыры. Адзін з паслушнікаў правёў цікавую экскурсію па гэтым намоленым месцы, расказаў пра асноўныя вехі гісторыі, звязаныя з будаўніцтвам храма, яго насельнікаў. Далей семінар меў працяг у Хмелеўскай школе. Тут госці пазнаёміліся з вясковай адзінаццацігодкай, паслухалі песні ў выкананні салістак дзіцячага гурту “Дараносіца”.
Затым удзельнікі абласнога семінара, старшыні раённых і гарадскіх саветаў, ветэраны педагагічнай працы сабраліся ў актавай зале СШ №3. Тут для іх дарылі песні вакалісты хору ветэранаў “Тонус”.
У сваю чаргу госці выказалі словы ўдзячнасці Жабінкаўскаму раённаму савету ветэранаў педагагічнай працы і работнікам сістэмы адукацыі раёна з пажаданнямі далейшага развіцця і самаўдасканалення.
Святлана Бяляк.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro