Кіраўнік і дырыжор

Кіраўнік і дырыжор

Таленавіты скрыпач можа быць шчаслівым, калі віртуальна іграе на скрыпцы Страдывары. Піяніст атрымлівае вялікае задавальненне ад ігры на раялі ад Стэнвея. А вось дырыжору самому даводзіцца ствараць свой інструмент – аркестр ці хор.

_DSC8486Колькі тых хароў давялося ствараць Людміле Васільеўне Дошчык за сваё жыццё! У гэтых творчых калектывах спявалі хлопчыкі і дзяўчынкі, педагогі Жабінкаўшчыны, працаўнікі калгаса “Усход”(сёння СВК “Шпіталі”) і вось цяпер – людзі шаноўнага ўзросту, аб’яднаныя ў хор “Тонус”. Пад час рэпетыцый, асабліва выступленняў, якія гледачамі ўспрымаюцца з цікавасцю і прыязна, многія спевакі прызнаюцца, што ўсе праблемы і хваробы адступаюць.
Харысты ўпэўненыя: гэта Людміла Васільеўна, іх дырыжор і кіраўнік, змагла згуртаваць такі выдатны калектыў і назву яму дала адпаведную. У перакладзе “тонус” абазначае “запал энергіі”. “Калі паназіраць за нашым творчым гуртам, – гаворыць Людміла Васільеўна, – то прыкмячаеш: нягледзячы на ўзрост (некаторыя размянялі ўжо дзявяты дзясятак), энергічнасці, няўрымслівасці, заліхвацкасці ў іх паболей, чым у іншых дваццаці-трыццацігадовых. Пераконваюся, што назва адпавядае на ўсе сто кожнаму з харыстаў”. Самі “тонусаўцы” лічаць, што бадзёрасці ім прыдае песня, прызнанне іх таленту і дырыжор хору Людміла Дошчык, якая з імі ўжо з 2008 года.
70 гадоў таму ў сям’і берасцейскага чыгуначніка нарадзілася Людмілка. З ранняга дзяцінства музыка для яе была як паветра. Мама і брат цудоўна спявалі, а дзяўчынка музіцыравала на дзіцячых інструментах. Калі вучылася ў СШ №6 г. Брэста, займалася ў танцавальным і харавым гуртках, гарадской музычнай школе. Як атрымала сярэднюю адукацыю, у яе не ўзнікла пытанне наконт выбару прафесіі. Была пераканана: “Далей лёс звяжа з музыкай”. Яна без цяжкасцяў паступіла ў Брэсцкае музычнае вучылішча на харавое аддзяленне.
На першае месца працы, пазней высветлілася, адзінае ў сваёй жыццёвай біяграфіі, Людміла Васільеўна ехала ўжо замужняй. Аляксей Раманавіч Дошчык, яе абраннік, працаваў галоўным інжынерам упраўлення сельскай гаспадаркі. Малады спецыяліст уладкавалася выкладчыкам тэарэтычных дысцыплін харавога класа ў музычную школу ў мікрараёне цукровага завода. Людміла Васільеўна вельмі задаволеная, што давялося ёй папрацаваць педагогам і ў Жабінкаўскай дзіцячай школе мастацтваў, якая месціцца цяпер на Карла Маркса. Тут і ўмовы працы адрозніваліся ад папярэдніх.
Дарэчы, 20 гадоў яна была за-вучам. Калі спыталася ў тагачаснага дырэктара Аляксандра Леванюка, ці не памыліўся ён з прапановаю, той сказаў: “Вы цудоўна ладзіце з людзьмі, дый спецыяліст талковы, вопыт маеце, у вас усё атрымаецца”. І не памыліўся тады кіраўнік. Людміла Васільеўна ніколі не здраджвала і не шкадавала, што аднойчы выбрала такую прафесію. Крэда яе жыцця, лейтматыў – словы Васіля Сахарчука: “Усё на свеце выпадкова, апроч дарогі той, што стала сэнсам і асновай і сутнасцю маёй”.
А колькі юных талентаў бралі ў гэтага выдатнага педагога ўрокі сальфеджыа, займаліся харавым мастацтвам, а потым побач працавалі. З цеплынёй і любоўю ўспамінае былых сваіх вучняў Жанну Тушкевіч, Святлану Сімайкіну, Вольгу Крупко, Вольгу Бокаву, Святлану Лісічык, Лідзію Санюк, Алену Войнаш і многіх іншых. Адны з іх працуюць педагогамі ў Жабінкаўскай дзіцячай школе мастацтваў, іншыя зарабляюць на жыццё ў вытворчых сферах.
Многія дзясяткі гадоў побач з цудоўным спецыялістам баяніст Іван Ісакавіч Пішчук. Людміла Дошчык заўсёды паважала яго за стараннасць, дапамагала каштоўнай парадай, калі ён вучыўся завочна ў Брэсцкім музычным вучылішчы. І зараз яны разам кіруюць хорам ветэранаў.
Папулярнасць калектыву хутка расла, найперш дзякуючы майстэрству, прафесіяналізму дырыжора і ўменню згуртаваць людзей. Яна валодае талентам абудзіць у простых, не спрактыкаваных у музыцы людзях шчырую любоў да песні. Чалавечнасць, асабістая абаяльнасць сумесна з майстэрствам зрабілі Людмілу Васільеўну цэнтрам прыцягнення. Таму і бачныя поспехі: праз чатыры гады працы хор “Тонус” атрымаў званне “народны”, тройчы ўзнагароджваўся дыпломамі розных ступеняў за ўдзел у конкурсах і фестывалях. Але самы дарагі апошні. Хор “Тонус” разам з сямейным танцавальным калектывам са Століншчыны і салістам з Брэсцкага раёна абараняў гонар вобласці на рэспубліканскім фестывалі “Не старэюць душой ветэраны” і стаў лаўрэатам. Калектыў атрымаў дыплом і статуэтку лаўрэата, а таксама магнітолу для дыскаў, кожны харыст – медаль і маленькую статуэтку лаўрэата. «Мы як бы пабывалі ў раі, – расказвала дырыжор Людміла Дошчык. – Цудоўная зала, ўважлівыя адносіны вядучай. А як нас прыгожа расставілі для выступлення, якое там гучанне! Дапамагала нам акампаніятарская група (два баяністы, цымбаліст, балалаечнік, кантрабасіст), якую падрыхтавала Наталля Грэцкая. Спявалі ў чатыры галасы песню “Маці паслала сыну думы”».
Людмілу Васільеўну заўсёды падтрымлівала ў яе творчым захапленні сям’я. Найперш матуля Вольга Пятроўна, якая часта казала: ”Не кідай “Тонус”, ён тваё захапленне, здароўе”. Алякей Раманавіч, муж, аднойчы на ўрачыстасці заўважыў: “Яна ляціць да вас як на крылах, ёй у радасць кожная рэпетыцыя, выступленне.” Сыны і нявесткі, чацвёра ўнукаў радыя, што ў іх такая няўрымслівая і творчая матуля і бабуля.
Пасля фестывалю і такога вялікага прызнання жабінкаўскія лаўрэаты задаюць сабе пытанне “Да чаго будзем імкнуцца цяпер?” Дырыжор і кіраўнік адказвае: “Да новых вяршыняў з абноўленым рэпертуарам!”
Мы, гледачы, будзем чакаць выступленняў хору ветэранаў “Тонус”, а потым слухаць песні і любавацца працай самога дырыжора. Людміла Васільеўна Дошчык стрымана паклоніцца зале, павернецца да калектыву і пачнецца праца: разнастайнасць рухаў рук, зведзеных у сістэму дырыжыравання, пастава корпуса, галавы і ног, міміка. Пры дапамозе іх дырыжор перадае свае мастацкія намеры. Пальецца музыка і спеў, як таго чакае чараўнік-кіраўнік.
Вера МАНДРЭНКА.
Людміла КОСЦІНА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top