Хлопцы шукалі прыгод. І знайшлі

Хлопцы шукалі прыгод. І знайшлі

Untitled-12Была другая гадзіна ночы. Жабінка засынала. Па горадзе крочылі тры дружбакі. Кожнаму з іх да васямнаццаці недаставала некалькі месяцаў, а значыць, былі яны непаўнагадовымі.
Хлопцы, аднак, даўно лічылі сябе дарослымі, і зараз у іх жыватах булькала па літры піва, а рукі аж часаліся, з кім бы пабіцца, дзе паказаць сваю сілу. Яўген адышоў ад кампаніі і крочыў па горадзе, сумуючы ад бяздзеяння. І раптам – вось яна, “удача”: на вуліцы Кірава, паблізу рэстарана, знаходзілася групка маладых людзей, якія голасна гаварылі і пры гэтым смяяліся.
“Ці не з нас смяюцца?” – падумаў Яўген і напрасткі рушыў да групкі, на хаду задаючы гэтае пытанне. Сустрэча з хлопцам нападпітку, мусіць, не ўваходзіла ў планы тых, хто смяяўся. І адзін з кампаніі – Сяргей З. – прапанаваў Яўгену ісці сваёй дарогай.
“Як, мяне паслалі?!” – мільганула думка ў раз’юшанага Яўгена, і ягоны кулак садануў Сяргею ў твар. Пачалася бойка. Абодва зацята, нібыта на рынгу, пачалі абменьвацца ўдарамі.
Аднак хутка “паядынак” перарос у збіццё. Паколькі ў гэты час падбеглі Яўгенавы сябрукі Аляксандр Я. ды Вадзім М. Тыя таксама сталі калашмаціць Сяргея З. Чым бы скончылася бойка, невядома, але выпадковыя сведкі гэтай агіднай сцэны выклікалі міліцыю, і людзі ў форме неадкладна з’явіліся ля “поля бою”…
Начныя “прыгоды” дружбакоў былі вылучаны ў дзве справы. Вадзім М. за гэты час паспеў памірыцца з Сяргеем З., і суд вызначыў наступнае: “Абвінавачваемага Вадзіма М., у адпаведнасці з артыкулам 89 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, вызваліць ад крымінальнай адказнасці, прадугледжанай часткай 2 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса, у сувязі з прымірэннем з пацярпелым, а вытворчасць па справе спыніць”.
Яўген Л. і Аляксандр Я. праходзілі ў судзе па частцы 2 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса. Да іх, непаўнагадовых, быў прыменены артыкул 117.
Да Яўгена Л. – пункты 1 і 4, згодна з якімі назначаны прымусовыя меры выхаваўчага характару ў выглядзе перасцярогі і абмежавання вольнага часу на тры месяцы, а менавіта: яму забараняецца наведваць месцы (бары, кафэ, рэстараны і г.д.), дзе дазволена ўжываць спіртныя напоі; акрамя таго, нельга пакідаць месца жыхарства з 23 да 6 гадзін раніцы наступнага дня; за Яўгенам устаноўлена прафілактычнае назіранне.
Да Аляксандра Я. прыменены толькі пункт 1 артыкула 117 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а значыць, назначаны прымусовыя меры выхаваўчага характару ў выглядзе перасцярогі, а таксама прафілактычнае назіранне.
Апрача таго, з абодвух неабходна спагнаць на карысць пацярпелага ў салідарным парадку 10 мільёнаў рублёў грашовай кампенсацыі маральнай шкоды. Прычым, калі ў непаўнагадовых парушальнікаў закона не будзе прыбытку альбо іншай маёмасці, дастатковай для пакрыцця шкоды, суму давядзецца пагасіць іх бацькам. Таксама як і кошт дзяржпошліны, якую яны павінны заплаціць паводле прыгавору суда. Вось у такія выдаткі вылілася жаданне хлопцаў памахаць рукамі, паказаць сваю сілу.
На жаль, у сённяшнія дні ўсё часцей чутна пра бойкі падлеткаў, і не толькі хлопчыкаў, але і дзяўчынак. Усплывае простае пытанне як да іх бацькоў, так і да розных дзяржаўных арганізацый і аб’яднанняў, якія працуюць з нашай моладдзю: чаму непаўнагадовыя хлопцы глыбокай ноччу без кантролю гуляюць па горадзе і, больш таго, пры гэтым знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення. Адкуль у падлеткаў з’яўляецца такая агрэсія, ад чаго яны пачынаюць, гаворачы простай мовай, шукаць “ахвяры” для грубых нападкаў, паказваць адзін аднаму сваю перавагу і грэбаванне нормамі агульначалавечых каштоўнасцяў. Вось і адбываецца, што намі, дарослымі – бацькамі, настаўнікамі, было нешта ўпушчана пры выхаванні і кантролі за паводзінамі нашых дзяцей. Таму і вырашаць гэтае пытанне – што рабіць, каб падобнае больш не паўтаралася – трэба ўсім разам.
Віктар НОВІК, старшыня суда Жабінкаўскага раёна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top