Тым, хто мае чулае сэрца і залатыя рукі

Тым, хто мае чулае сэрца і залатыя рукі

У гарадскім Доме культуры адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню медыцынскіх работнікаў. Кожны дзень яны ратуюць тысячы жыццяў, клапоцяцца аб здароўі сваіх пацыентаў, праяўляючы міласэрнасць, дабрыню, суперажыванне. Нягледзячы на цяжкасці і складанасці, застаюцца вернымі сваёй нялёгкай справе і прафесійнаму абавязку.

048Яшчэ да пачатку ўрачыстасці ўсе, хто прыйшоў на свята, маглі пазнаёміцца ў фае ГДК з фотавыставай, якая адлюстроўвала жыццё медыцынскіх устаноў раёна і іх работнікаў, пачынаючы з 1948 года да нашых дзён. Фотаздымкі расказалі не толькі аб працоўных буднях, але і сумесных святах і адпачынку, спартыўных дасягненнях. У танцавальнай зале Дома культуры размяшчалася выстава кулінарных вырабаў, якую падрыхтавалі медыкі раёна спецыяльна да свайго прафесійнага свята. Вочы проста разбягаліся ад усялякіх саладосцяў. Чаго тут толькі не было: кексы, вафельныя трубачкі, рознае пячэнне, торты – усё зроблена сваімі рукамі! Пакаштаваць смакату змаглі ўсе жадаючыя. Потым віноўнікі ўрачыстасці і госці перамясціліся ў актавую залу – надышоў час прымаць віншаванні і музычныя падарункі.
Мерапрыемства адкрыла намеснік старшыні райвыканкама Ала Ануфрыюк, якая зазначыла, што няма такога чалавека, які б хоць раз не звярнуўся па медыцынскую дапамогу, і мы яе атрымліваем – своечасова і якасна, дзякуючы прафесіяналізму медыкаў, сучаснаму абсталяванню, якім аснашчаны сёння медустановы. Ала Сцяпанаўна падкрэсліла: дзякуючы агульным намаганням усіх медыцынскіх работнікаў раёна на Жабінкаўшчыне ўжо другі год зніжаецца смяротнасць і назіраецца натуральны прырост насельніцтва.
Узнагароды з рук намесніка старшыні райвыканкама атрымалі: Ганаровую грамату ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама – урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг, загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Алег Кузько; Ганаровыя граматы райвыканкама – урач лабараторнай дыягностыкі Ірына Саевіч і старшая медыцынская сястра педыятрычнага аддзялення Галіна Шаўчук; Пісьмо падзякі райвыканкама – медыцынская сястра-анестэзіст аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Галіна Астроўская.
Аб поспехах і дасягненнях сённяшняй медыцыны Жабінкаў-шчыны гаварыў галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Анатоль Лаўрукевіч. Ён заўважыў, што самаадданая праца жабінкаўскіх медыкаў адзначаецца на самым высокім узроўні. Так, напярэдадні прафесійнага свята Ганаровую грамату Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь атрымала патранажная медыцынская сястра Ракітніцкай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Святлана Стэльмашук, якая 26 гадоў працуе на гэтай пасадзе.
Анатоль Іванавіч прадоўжыў уручэнне ўзнагарод калегам. Граматы ўстановы аховы здароўя “Жабінкаўская цэнтральная раённая бальніца” атрымалі: тэрапеўт участковы Вольга Бутрым, псіхіятр-нарколаг Аліна Місюра, неўролаг Галіна Саковіч і акушэр-гінеколаг Ларыса Шмурадка; медыцынскія сёстры: хірургічнага аддзялення Юлія Папковіч, тэрапеўтычнага – Ірына Мартэн, афтальмалагічнага кабінета Людміла Панятоўская, а таксама старшы фельчар-лабарант клініка-дыягнастычнай лабараторыі Ірына Войцік, лабарант Ленінскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Наталля Самсанюк, медыцынскі рэгістратар Галіна Бартэль, сёстры-гаспадыні тэрапеўтычнага аддзялення Алена Цярэшчанка і Таццяна Леўкавец, санітарка гінекалагічнага аддзялення Марына Конанава і бухгалтар Ларыса Лагвіновіч.
Са словамі віншаванняў з прафесійным святам да медыкаў раёна звярнуліся загадчык цэнтральнай раённай аптэкі №27 Вольга Гацкевіч, настаяцель Свята-Пакроўскага храма горада Жабінка святар Сергій Петрусевіч. Усім, хто звязаны з медыцынай, айцец Сергій пажадаў напоўніць сваё сэрца любоўю, дарыць пацыентам пяшчоту і дабрыню. Старшыня прафсаюзнага камітэта Жабінкаўскай ЦРБ Віталь Вялько таксама павіншаваў калег і ўручыў узнагароды: грамату абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аховы здароўя ўрачу-педыятру, загадчыку педыятрычнага аддзялення Валянціне Казулька; граматы прафсаюзнага камітэта ўстановы аховы здароўя “Жабінкаўская цэнтральная раённая бальніца” ўрачу-хірургу Аляксандру Людыне, медыцынскай сястры педыятрычнага аддзялення Ірыне Куноўскай, медыцынскай сястры-дыетолагу Сняжане Кавальчук, фельчару аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Ірыне Кулагінай.
З першым прафесійным святам маладых спецыялістаў, што летась папоўнілі кагорту медыкаў раёна, павіншаваў загадчык паліклінікі Леанід Карповіч: урачоў агульнай практыкі Ленінскай і Крыўлянскай амбулаторый Наталлю Жукоўскую і Міхаіла Кашчэву, памочніка ўрача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе Азяцкай амбулаторыі Ганну Федарук і загадчыка Якаўчыцкага ФАПа Валянціну Цытук.011
Разам з вядучымі мерапрыемства прысутныя перагарталі старонкі станаўлення і развіцця аховы здароўя на Жабінкаўшчыне, успомнілі тых, хто стаяў ля вытокаў і ўнёс значны ўклад у яе росквіт, аддалі даніну памяці тым калегам, што адышлі ў іншы свет.
У зале на свяце прысутнічалі ветэраны медыцыны. У іх адрас не раз гучалі са сцэны словы ўдзячнасці за шматгадовую добрасумленную працу, а ўручаныя чырвоныя і белыя ружы – знак павагі і любові да былых калег.
Тым, хто клапоціцца пра наша здароўе, хто падбірае самыя эфектыўныя лекі, хто спяшаецца на дапамогу ў любы час дня і ночы і мае вялікае сэрца і залатыя рукі, прысвячаліся ўсе нумары святочнай канцэртнай праграмы. Іх дарылі Вячаслаў Фядотаў, інструментальны ансамбль “Барменталь”, Наталля Сяргеева, Алеся Жукава, Валерый Няменьшы, Ірына Рынчук, трыа акардэаністаў і танцавальны калектыў Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў, Лілія Дашкевіч, Ілля Учаеў, Аксана Пракошына, Надзея Чэчалева, Ганна Макавецкая і народны ансамбль “Каларыт”.
Алёна НІКАНЧУК.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top