Ключавая задача на пяцігоддзе – устойлівы эканамічны рост

Пяты Усебеларускі народны сход адбыўся 22-23 чэрвеня
ў Палацы Рэспублікі ў Мінску.

Дэлегаты сходу абмеркавалі вынікі рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2011-2015 гады і асноўныя палажэнні праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016-2020 гады.

На форуме сабраліся прадстаўнікі ўсіх слаёў грамадства: рабочыя, працаўнікі вёскі, работнікі сацыяльна-культурнай сферы і СМІ, ваеннаслужачыя, прадпрымальнікі, студэнты, навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, пенсіянеры. Дэлегатамі форуму сталі таксама кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, прадпрыемстваў і арганізацый, парламентарыі, дэпутаты мясцовых Саветаў, прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў. Былі запрошаны каля 150 гасцей, у тым ліку амаль 100 – з-за мяжы.
У час правядзення народнага сходу працавала “гарачая лінія”, на якую паступіла 420 зваротаў.
22 чэрвеня з дакладам выступіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы ў сваёй прамове адзначыў вынікі і перспектывы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на сучасным этапе, акрэсліў праблемныя пытанні і шляхі іх вырашэння. У выступленні былі закрануты таксама пытанні знешняй палітыкі Беларусі, выбудоўвання ўзаемавыгадных партнёрскіх адносін з рознымі краінамі і інтэграцыйнымі аб’яднаннямі з акцэнтам на гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. 23 чэрвеня Прэзідэнт выступіў з заключным словам на закрыцці форуму.

213175-03Абараназдольнасць і бяспека

Паводле слоў кіраўніка Беларусі, колькасць і структура сілавых ведамстваў прыведзены ў адпаведнасць з аптымальнымі патрэбнасцямі надзейнай абароны і эканамічнымі магчымасцямі дзяржавы.
У перспектыве прадоўжыцца развіццё ваеннага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй у сістэме рэгіянальнай групоўкі войскаў, а таксама з краінамі АДКБ і іншымі дзяржавамі.

Вынікі эканамічнага развіцця і стратэгія на будучыню

Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады накіравана ў будучыню і прадугледжвае канкрэтныя дзеянні, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на V Усебеларускім народным сходзе.
«Гэта праграма развіцця, а не застою; праграма будучага, а не мінулага; праграма дзеянняў, а не чаканняў», – заявіў Прэзідэнт.
«Мы цудоўна разумеем: праблемы не вырашацца самі сабой, крызісныя з’явы не знікнуць па ўзмаху чарадзейнай палачкі. Менавіта таму ў аснову праграмы пакладзены прынцыпы прагрэсу і адкрытасці. Мы робім стаўку на веды і тэхналогіі. У гэтым ключ да вырашэння бягучых праблем і руху наперад», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама назваў фактары, што пера-шкаджаюць руху наперад.
Перш за ўсё гэта невысокая прадукцыйнасць працы, якая дасягнула ўзроўню $20 тыс. і не змяняецца тры гады. Яшчэ адным фактарам ён назваў нізкую інавацыйную актыўнасць.
Трэці фактар – недастаткова эфектыўная інвестыцыйная стратэгія прадпрыемстваў і цэлых галін.
Паводле слоў Прэзідэнта, не ўдалося дабіцца належнага эканамічнага эфекту ад інвестыцыйных праектаў, у тым ліку рэалізаваных з падтрымкай дзяржавы. Ёсць выпадкі, калі дэкларуемыя ў бізнес-планах паказчыкі так і засталіся на паперы. Не было сур’ёзных маркетынгавых і інжынерных даследаванняў на стадыі прапрацоўкі праекта, не ўлічваліся тэндэнцыі развіцця сусветнага рынку.

Пераход да «зялёных» тэхналогій і эканомікі ведаў

Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што выпуск інавацыйнай прадукцыі за пяцігодку павялічыўся больш як у 4 разы. «У краіне ёсць значныя напрацоўкі ў сферы высокіх тэхналогій, у прыватнасці, у вытворчасці аптычных і лазерных прыбораў, аўтаматызаваных сістэм кіравання. Шырокую вядомасць у свеце набыў шэраг камп’ютарных праграм беларускіх распрацоўшчыкаў. Па экспарце ў галіне камп’ютарных і інфармацыйных паслуг на душу насельніцтва краіна апярэджвае ўсе краіны Садружнасці», – канстатаваў ён.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў рэйтынгу па ўзроўні развіцця адукацыі Беларусь знаходзіцца ў групе 30 развітых краін і апярэ-джвае ўсе краіны СНД.
«У 2016-2020 гадах плануецца рэалізоўваць больш за 20 дзяржаўных праграм, пры гэтым арыенціровачна дзве трэці бюджэтных сродкаў, выдзеленых на іх фінансаванне, будуць інвесціраваны ў сацыяльную сферу. У першую чаргу – у медыцыну, адукацыю, культуру, падтрымку сем’яў, сацыяльную абарону насельніцтва», – адзначыў беларускі лідар.
Ён асабліва падкрэсліў, што ўздым эканамічных галін і рэгіёнаў важны перш за ўсё для павышэння ўзроўню і якасці жыцця людзей.

Інвестыцыі

Аб’ём замежных інвестыцый у эканоміку Беларусі за пяць гадоў вырас у 2,5 раза.
«Паказчыкам сусветнага інтарэсу да беларускай эканомікі з’яўляецца павышаная актыўнасць замежных інвестараў. За апошнія пяць гадоў аб’ём замежных інвестыцый у эканоміку вырас у 2,5 раза, пры гэтым прыцягнута амаль $11 млрд. на чыстай аснове», – падкрэсліў Прэзідэнт.
Па памеры ВУП на душу насельніцтва па парытэце пакупной здольнасці Беларусь ужо ўвайшла ў лік краін з сярэднім узроўнем даходу. Гэты паказчык вырас з $5,2 тыс. у 1990 годзе да $16,5 тыс. у 2010 годзе і да амаль $18 тыс. у 2015-м.
У краіне асвоена серыйная зборачная вытворчасць легкавых аўтамабіляў, выраблены самы буйны ў свеце кар’ерны самазвал грузападымальнасцю 450 тон.
Зніжэнне ўзроўню матэрыялаёмістасці прадукцыі ў прамысловасці склала каля 8 працэнтаў. За 5 гадоў уведзена ў эксплуатацыю і тэхнічна перааснашчана больш за тысячу малочнатаварных, 55 свінагадоўчых, 456 зернесушыльных комплексаў, больш як 500 птушкагадоўчых ферм.
У Беларусі за 5 гадоў плануецца рэалізаваць больш як 80 буйных інвестпраектаў на $27 млрд.
Інвестыцыі з’яўляюцца адным з ключавых прыярытэтаў развіцця краіны на пяцігоддзе.

Інавацыі, інфарматызацыя, навука

Вопыт многіх развітых краін сведчыць, што іх эканамічная канкурэнтаздольнасць, роля і ўплыў у сусветнай эканоміцы, узровень і якасць жыцця грамадзян залежаць непасрэдна ад інавацый і развіцця «разумнай» эканомікі, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. Сусветная прамысловасць знаходзіцца ў стадыі пераходу да наступнага тэхналагічнага ўкладу.
Для гэтага трэба ўдасканальваць структуру прамысловага комплексу, ствараць і развіваць навукаёмістыя сектары, адзначыў беларускі лідар. Па выніках апошняга рэйтынгу Беларусь увай-
шла ў дзясятку краін з эканомікай ведаў, што найбольш дынамічна развіваецца. Па намінацыі «Навука і тэхналогіі» рэспубліка займае 37-е месца сярод амаль 170 краін свету.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што ў рэспубліцы будзе сфарміраваны новы прамысловы комплекс для вытворчасці складанай медыцынскай тэхнікі: рэнтген-апаратаў, хімічных і электронна-аптычных аналізатараў.
У гэтай пяцігодцы дынамічнае развіццё атрымае энергетычны комплекс краіны. Так, у 2018-2020 гадах пачнуць працаваць абодва блокі Беларускай АЭС. Будзе створана каля 2 тыс. рабочых месцаў.

Экспарт

Развіццё экспарту Прэзідэнт назваў адным з прыярытэтаў, паколькі гэты фактар у значнай ступені ўплывае на дабрабыт усёй краіны.
Прэзідэнт адзначыў, што першы год работы Еўразійскага эканамічнага саюза быў няпростым. Аднак у перыяд беларускага старшынства ў органах саюза зроблена нямала. Ёсць адчувальныя зрухі ў фарміраванні ўзгодненай прамысловай палітыкі, лібералізацыі рынку транспартных паслуг, развіцці экспарту, стварэнні агульнага рынку лекавых сродкаў і медыцынскіх вырабаў. Закладзены асновы фарміравання агульнага рынку нафты і газу.

Развіццё вёскі

«Вядома, стаўку мы рабілі і будзем рабіць на буйнатаварную вытворчасць, на фарміраванне скразных, добра арганізаваных прадуктовых кампаній, якія ахопліваюць усю інфраструктуру – ад вытворчасці зыходнай сельскагаспадарчай сыравіны да яе перапрацоўкі. А дадатковымі рэзервамі развіцця вёскі, якія пакуль слаба выкарыстоўваюцца, павінны стаць фермерства і прадпрымальніцтва», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
У фермерскіх гаспадарках рэспублікі занята 9 тыс. чалавек. «Да 2020 года неабходна стварыць не менш як 3,5 тыс. новых рабочых месцаў і павялічыць вытворчасць прадукцыі ў фермерскіх гаспадарках у 3 разы», – паставіў задачу беларускі лідар.
На яго думку, эфектыўна спрацавала норма аб крэдытаванні фермераў для куплі сельгастэхнікі айчыннай вытворчасці, людзі добра аб гэтым адзываюцца.

Кадравая палітыка

У дзяржапарат трэба прыцягнуць самых лепшых, самых кампетэнтных.
«Мы проста абавязаны прыцягнуць у дзяржаўны апарат самых лепшых, самых кампетэнтных. А значыць, мы павінны прапанаваць ім па-сапраўднаму дастойныя ўмовы для работы, перш за ўсё – узровень аплаты працы. Настаў час прыняць кардынальныя рашэнні ў гэтай галіне», – лічыць кіраўнік дзяржавы.
Павінен быць павышаны прэстыж работы дзяржслужбы. «Гэта абавязковая ўмова, калі мы хочам дабіцца выніку. Паколькі ад ведаў, прафесіяналізму, кампетэнтнасці дзяржаўнага служачага часам залежыць вельмі многае – лёсы цэлых галін, прадпрыемстваў, у канчатковым выніку, лёсы працуючых там людзей», – падкрэсліў Прэзідэнт.
Амаладжэнне кадравага складу кіраўнікоў, стварэнне ўмоў для праяўлення здольнасцей маладога пакалення з’яўляюцца важнейшым напрамкам арганізацыйнай і ідэалагічнай работы Адміністрацыі Прэзідэнта і ўсёй вертыкалі ўлады, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на V Усебеларускім народным сходзе.

Занятасць

Больш як 250 тыс. новых рабочых месцаў неабходна стварыць за пяцігоддзе.
Для гэтага, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, трэба задзейнічаць канкурэнтаздольныя фінансавыя механізмы.
Важнейшы інструмент не толькі самазанятасці, але і творчай рэалізацыі насельніцтва – развіццё малога і сярэдняга бізнесу, упэўнены Прэзідэнт. Пераходзячы ў бізнес, людзі змогуць забяспечваць сябе і свае сем’і, а таксама працаўладкаваць двух-трох чалавек. Сферы прыкладання намаганняў тут не абмежаваны, усё залежыць ад жаданняў і магчымасцей людзей ствараць сваю справу. Найбольш прывабнымі з’яўляюцца сфера бытавых паслуг, гандаль, індывідуальная вытворчасць.

Сацыяльная палітыка

«У гэтай пяцігодцы мы пачнём рэфармаванне і сістэмнае ўдасканаленне нашай пенсійнай сістэмы. Каб не дапусціць зніжэння ўзроўню пенсій і рэгулярнасці іх выплат, спатрэбілася перагледзець тэрміны выхаду людзей на заслужаны адпачынак. Пастаўлена задача забяспечыць узровень пенсій у памеры 40 працэнтаў ад заработнай платы – сусветны стандарт», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, нельга забываць аб стварэнні зручнага асяроддзя жыццядзейнасці для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што развіццё ўсіх звёнаў аховы здароўя знаходзіцца пад асаблівым кантролем кіраўніцтва краіны і мясцовых органаў улады. Ад стану гэтай сферы шмат у чым залежыць забеспячэнне працяглага і актыўнага жыцця людзей, асновай якога з’яўляецца здароўе.
Расходы на сферу яго аховы складаюць больш як 5 працэнтаў ВУП, прычым дзяржава забяспечвае іх асноўную долю. Дзяржаўная медыцына – самая прадукцыйная сістэма, якая найлепшым чынам служыць шырокім слаям насельніцтва. Сусветнай супольнасцю высока ацэнены дасягненні ў развіцці гэтай галіны.У рэйтынгу эфектыўнасці аховы здароўя «Блумберг» Беларусь заняла 47-е месца, апярэдзіла ЗША і Расію.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, дзяржава будзе і ў далейшым прымяняць такія механізмы падтрымкі сям’і, як фарміраванне сямейнага капіталу, аказанне дапамогі шматдзетным сем’ям да навучальнага года, прадастаўленне шырокага спектра сацыяльных паслуг сем’ям з дзецьмі.

Развіццё рэгіёнаў

Сённяшняя глабалізацыя, фундаментальныя зрухі ў сусветнай эканоміцы ставяць перад Беларуссю, як і перад іншымі краінамі, новыя задачы, у вырашэнні якіх ёсць розныя варыянты. «Адкрыта скажу, нам трэба выбраць лепшы з іх, каб энергічна рухацца наперад – да матэрыяльнага дастатку, духоўнага багацця, дабрабыту кожнага грамадзяніна і росквіту роднай Беларусі. Але для гэтага ў першую чаргу патрэбны адзінства і згода ў грамадстве, мір і парадак у краіне», – заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў беларускага лідара, галоўнае цяпер – выкарыстаць любы шанц і магчымасць пераадолець усе цяжкасці на шляху прагрэсу і стварэння, не паддавацца дэпрэсіі і застою, захоўваючы ўсё лепшае з мінулага, упэўнена рухацца да мэты.
Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што краіна зможа паспяхова стварыць і развіваць новыя галіны эканомікі, для гэтага ёсць усе перадумовы. Ёсць магчымасць надаць магутны імпульс уздыму традыцыйных галін за кошт інфарматызацыі і новых тэхналогій, а таксама аптымальных метадаў кіравання. Беларусь можа стаць адным з ключавых цэнтраў прыцягнення капіталаў, развіцця лагістычнай сістэмы і ўвайсці ў лік перадавых краін свету.
«Усё залежыць ад нас, ад нашага выбару і настойлівасці ў дасягненні пастаўленых мэт. Жыццё паказвае, што мэтанакіраванасць народа можа тварыць цуды», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Рэзалюцыя Усебеларускага сходу

Ключавой задачай на наступнае пяцігоддзе павінна быць аднаўленне і забеспячэнне далейшага ўстойлівага эканамічнага росту як асновы для паспяховага жыцця будучых пакаленняў, гаворыцца ў рэзалюцыі V Усебеларускага народнага сходу.
У час яго ад дэлегатаў паступіла каля 150 канкрэтных прапаноў. Яны датычацца разняволення дзелавой ініцыятывы, крэдытаў для рэальнага сектара эканомікі, замацавання маладых кадраў, павелічэння турыстычнага патоку і шмат іншага. Таксама пры дапрацоўцы праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады ўраду рэкамендавана ўлічыць заўвагі і прапановы, якія выказалі Прэзідэнт Беларусі і дэлегаты Усебеларускага народнага сходу.
Таксама ў рэзалюцыі адзначана, што рэалізацыя Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады забяспечыла захаванне палітычнай стабільнасці, устойлівасці эканомікі і сацыяльнай абароны насельніцтва. Аднак праз негатыўныя знешнія і ўнутраныя фактары асноўныя прагнозныя паказчыкі не былі дасягнуты. Гэта запатрабавала прыняць узважаныя комплексныя меры па пераадоленні негатыўных тэндэнцый.
Рэзалюцыя будзе перададзена Прэзідэнту Беларусі для разгляду і прыняцця неабходных рашэнняў.
БелТА.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*