У прыярытэце – жыццё і здароўе людзей

У прыярытэце – жыццё і здароўе людзей

Жыццё – найкаштоўнейшае багацце, і яго трэба берагчы. Пад такім дэвізам 20 чэрвеня адбыўся раённы Дзень аховы працы на Жабінкаўшчыне. У ім прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі, намеснік старшыні камітэта працы, занятасці і сацыяльнай абароны Брэсцкага аблвыканкама – начальнік упраўлення занятасці насельніцтва Жанна Стаціўка і галоўны дзяржаўны інспектар працы аддзела нагляду за захаваннем заканадаўства аб ахове працы абласнога ўпраўлення Алег Жмінько, а таксама кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна.
Пачаўся Дзень аховы працы з наведвання філіяла “Жабінкаўская дыстанцыя пуці” РУП “Брэсцкае аддзяленне Беларускай чыгункі”. Яго начальнік Дзмітрый Бялян правёў экскурсію па адміністрацыйна-бытавым корпусе арганізацыі і расказаў удзельнікам семінара аб стварэнні спрыяльных і бяспечных умоў працы для работнікаў, якія забяспечваюць бяспеку руху цягнікоў на жабінкаўскім участку. Аб падрыхтоўцы, навучанні і праверцы ведаў працуючых у пытаннях аховы працы паведаміў інжынер па ахове працы Сяргей Бацоха. Галоўны інжынер Васіль Сямашка правёў прысутных па памяшканнях санітарна-бытавога корпуса і расказаў пра выкананне норм і патрабаванняў аховы працы і вытворчай санітарыі пры выкананні работ па бягучым утрыманні і рамонце чыгуначных пуцей.IMG_8101
Да ўвагі прысутных была прадстаўлена выстава сродкаў індывідуальнай аховы: спецадзення, рукавіц, арганізаваная работнікамі камбіната бытавога абслугоўвання.
Затым удзельнікі семінара наведалі ФАУ “СК “Бадзёрасць”. Гэты аб’ект быў выбраны нездарма. Справа ў тым, што да пытанняў аховы працы тут падыходзяць адказна і сур’ёзна, ствараюць спрыяльныя і бяспечныя ўмовы як для наведвальнікаў, так і для працуючых. А яшчэ ў “Бадзёрасці” працуе самы лепшы грамадскі інспектар па ахове працы ў рэспубліцы па выніках агляду-конкурсу Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Ларыса Мелянтовіч, адміністратар спартыўнага комплексу.
Дырэктар ФАУ “СК “Бадзёрасць” Вячаслаў Каўганка і галоўны інжынер Віктар Сыч адказалі на пытанні ўдзельнікаў раённага Дня аховы працы, Вячаслаў Мікалаевіч правёў невялічкую экскурсію па залах і памяшканнях установы.
Затым прысутных чакала паездка ва ўрочышча “Сасновы бор” Ленінскага сельсавета ў парк-гатэль “Лясная гавань”. Прызнацца, была вельмі здзіўлена, што ў Жабінкаўскім раёне зусім побач знаходзяцца дзве “Лясныя гавані”: аграсядзіба Паўла Шадрына ў Залуззі і таварыства з абмежаванай адказнасцю, яно ж парк-гатэль, у “Сасновым бары”. Так і пераблытаць нядоўга.
Дырэктар ТАА “Лясная гавань” Яўген Кірылюк распавёў, што парк-гатэль уяўляе сабой унікальны комплекс для адпачынку на 15 гектарах сасновага бору на беразе ракі Мухавец. Прысутныя былі прыемна ўражаны інтэр’ерам спальных карпусоў, домікаў-бунгала, рэстарана, лазні. Яўген Пятровіч пазнаёміў удзельнікаў семінара з арганізацыяй працы супрацоўнікаў “Лясной гавані”.
Вынікі раённага Дня аховы працы былі падведзены ў актавай зале райвыканкама. Кіраўнік раёна Дзмітрый Гарадзецкі падкрэсліў, што адна з асноўных задач кіраўнікоў арганізацый – забеспячэнне бяспекі жыцця і здароўя працуючых, бяспечных умоў працы на вытворчасці, у будаўніцтве, сельскай гаспадарцы і іншых галінах.
Намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Грыгарчук у сваім дакла-
дзе адзначыў, што адзін з эфектыўных метадаў па прафілактыцы парушэнняў заканадаўства аб ахове працы – функцыянаванне мабільнай групы. За мінулы год яна правяла 145 рэйдаў па арганізацыях сельскай гаспадаркі, будаўнічай вытворчасці, малога прадпрымальніцтва, у час якіх былі выяўлены 1315 парушэнняў. Асноўныя з іх – гэта допуск да працы работніка без спецадзення, парушэнне парадку вядзення журналаў інструктажоў і іншыя. У цэлым па раёне на 13,6% знізілася колькасць выпадкаў з’яўлення на працоўных месцах работнікаў у стане алкагольнага, наркатычнага ці таксічнага ап’янення, а таксама распіцця спіртных напояў у рабочы час або па месцы працы. За падобныя парушэнні былі звольнены летась 54 работнікі. Прынятыя меры садзейнічалі зніжэнню колькасці няшчасных выпадкаў са смяротным зыходам у арганізацыях. У мінулым годзе зарэгістраваны два няшчасныя выпадкі з цяжкімі вынікамі: у ААТ “Бугтэкстыль” і ў ПМК-10.
Напрыканцы выступлення Аляксандр Пятровіч з гонарам адзначыў, што Жабінкаўскі раён стаў пераможцам рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы сярод раёнаў, сярод сельскагаспадарчых арганізацый. У падмацаванне гэтых слоў начальнік райсельгасхарчу Сяргей Стасевіч атрымаў грамату з рук старшыні райвыканкама Дзмітрыя Гарадзецкага.
Слушныя заўвагі і рэкамендацыі па паляпшэнні ўмоў працы і яе ахове ў арганізацыях Жабінкаўшчыны выказала намеснік старшыні камітэта працы, занятасці і сацыяльнай абароны Брэсцкага аблвыканкама Жанна Стаціўка.IMG_8117
З даклада Жанны Уладзіміраўны ўдзельнікі семінара даведаліся, што арганізацыі раёна ў першым квартале гэтага года на мерапрыемствы па паляпшэнні ўмоў і аховы працы, пераўзбраенне і мадэрнізацыю вытворчасці зрасходавана 3,5 мільярда рублёў. У гэтым накірунку вядзецца вялікая работа. На 1 чэрвеня бягучага года служба аховы працы ў арганізацыях раёна ўкамплектавана і складае 34 спецыялісты. Перападрыхтоўку на базе вышэйшай адукацыі па спецыяльнасці “Ахова працы” праходзіць адзін работнік.
Аб мерах па папярэджанні вытворчага траўматызму расказаў галоўны дзяржаўны інспектар працы аддзела нагляду за захаваннем заканадаўства аб ахове працы абласнога ўпраўлення Алег Жмінько. Ён падкрэсліў, што неабходна арганізаваць якасную прафілактыку вытворчага траўматызму, каб зменшыць колькасць няшчасных выпадкаў да мінімуму. Работа інжынераў у ахове працы накіравана на захаванне жыцця і здароўя работнікаў, і безумоўна на гэтых пасадах павінны знаходзіцца людзі адукаваныя, адказныя і сумленныя, заключыў Алег Ігаравіч.
Галоўны санітарны ўрач раёна Надзея Шосцік канстатавала, што пад час санітарна-эпідэміялагічных мерапрыемстваў і ў ходзе праверак выявілася, што другое месца па частаце займаюць парушэнні патрабаванняў да ўмоў працы (на першым – утрыманне тэрыторыі прадпрыемства ці арганізацыі ў неналежным стане). І гэту сітуацыю трэба мяняць да лепшага.
Актуальным напярэдадні жніва было выступленне начальніка раённага аддзела надзвычайных сітуацый Алега Бутрыма на тэму пажарнай бяспекі ў арганізацыях, папярэджання пажараў і гібелі людзей.
Жыццё, здароўе і працаздольнасць работнікаў павінны заўжды быць у прыярытэце, неаднойчы паўтаралася ў дакладах выступоўцаў пад час семінара.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro